Баўгарыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Баўгарыя
Република България
Сьцяг Баўгарыі Герб Баўгарыі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Съединението прави силата
Дзяржаўны гімн
«Mila Rodino»
Месцазнаходжаньне Баўгарыі
Афіцыйная мова Баўгарская
Сталіца Сафія
Найбуйнейшы горад Сафія
Форма кіраваньня Парлямэнцкая дэмакратыя
Росен Плеўняліеў
Бойка Барысаў
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
105-е месца ў сьвеце
110 994 км²
0,3
Насельніцтва
 • агульнае (2012)
 • шчыльнасьць
100-е месца ў сьвеце
7 284 552[1]
66,2/км²
Этнічны склад баўгары (85%),
туркі (9%),
цыгане (3%),
македонцы (3%)[2]
Канфэсійны склад праваслаўныя (87%),
мусульмане (13%)[2]
Пісьменнасьць 95%[2]
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
66 месца ў сьвеце
$103,705 мільярдаў
$14 235
Валюта Леў (BGN)
Часавы пас
 • улетку
EET (UTC+2)
EEST (UTC+3)
Незалежнасьць
— ад Асманскай імпэрыі

22 верасьня 1908
Дамэн верхняга ўзроўню .bg
Тэлефонны код +359

Рэспу́бліка Баўга́рыя (па-баўгарску: Република България) — краіна ў паўднёва-ўсходняй Эўропе на ўзьбярэжжы Чорнага мора, мяжуе з Грэцыяй і Турэччынай на поўдні, Сэрбіяй і Македоніяй на захадзе, з Румыніяй на поўначы ўздоўж Дунаю.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баўгарская дзяржава, так званае Першае Баўгарскае царства, паўстала ў 6811018 па 1186 — пад уладай Бізантыі). Другое Баўгарскае царства існавала з 1187 па 1396 год. У канцы XIV стагодзьдзя Баўгарыя была заваяваная Асманскай імпэрыяй. Вызваленая пасьля паразы Турцыі ў вайне з Расеяй 18771878 гадоў. З 1879 — княства на чале зь нямецкім прынцам Аляксандрам, якога зьмяніў Фэрдынанд, з 1908 — незалежнае царства. У 19121913 удзельнічала ў Балканскіх войнах, у выніку якіх атрымала тэрыторыі ў Македоніі і Тракіі, што раней належалі да Асманскай імпэрыі, і выхад да Эгейскага мора.

У Першай сусьветнай вайне выступіла на баку Нямеччыны. Пацярпеўшы паразу, пазбавілася значнай часткі сваёй тэрыторыі і выхаду да Эгейскага мора. Пасьля перавароту 1923 году да ўлады прыйшоў фашысцкі ўрад. У сакавіку 1941 году ўлучаная ў Бэрлінскі пакт 1940, на яе тэрыторыю былі ўведзеныя нямецкія войскі. У верасьні 1944 году манархічна-аўтарытарны рэжым цара Барыса III быў зрынуты ў выніку ўварваньня Чырвонага войска, Баўгарыя абвесьціла вайну Нямеччыне. 15 верасьня 1946 абвешчаная Народная Рэспубліка Баўгарыя, якая разьвівалася па сацыялістычным шляху.

У 1989 у Баўгарыі пачаліся глыбокія эканамічныя і палітычныя рэформы. З 15 лістапада 1990 краіна завецца Рэспубліка Баўгарыя. З 1 студзеня 2007 году Баўгарыя ўваходзіць у Эўразьвяз.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з канстытуцыяй прынятай 12 ліпеня 1991 году Баўгарыя зьяўляецца рэспублікай, кіраўніком якой зьяўляецца прэзыдэнт, які выбіраецца разам зь віцэ-прэзыдэнтам, у прамых выбарах на пяцігадовы тэрмін. Кіраўніком ураду зьяўляецца прэм’ер-міністар, які назначаецца прэзыдэнтам. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена Народным сходам, які складаецца з 240 дэпутатаў. Дэпутаты выбіраюцца на чатырохгадовы тэрмін.

Адміністрайыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1999 году Баўгарыя дзеліцца на 28 абласьцей (па-баўгарску: област), якія, сваімі межамі супадаюць з 28 акругамі, што існавалі да 1987 году. З 1987 да 1999 году краіна была падзеленая на дзесяць вялікіх абласьцей. Назва кожнай вобласьці супадае з назвай яго сталіцы. Сафія зьяўляецца адначасова і сталіцай вобласьці і асобным горадам. Вобласьці дзеляцца на драбнейшыя адміністрацыйныя адзінкі — раёны (община).

Сьпіс баўгарскіх абласьцей прадстаўлены ніжэй:

Вобласьць Баўгарская назва Колькасьць насельніцтва (2005) Прырост насельніцтва (тыс. чал.) (2004/2005) Плошча (км²) Шчыльнасьць насельніцтва (/км²)
Благоеўградзкая вобласьць Благоевградска област 335 000 -0,8% 6478 52
Бургаская вобласьць Бургаска област 419 000 -0,2% 7618 55
Хаскаўская вобласьць Хасковска област 268 000 -0,7% 4033 67
Дабрыцкая вобласьць Добричка област 207 000 -0,8% 4700 44
Габраўская вобласьць Габровска област 136 000 -1,2% 2053 67
Ямбальская вобласьць Ямболска област 148 000 -1,1% 4209 35
Кюстэндыльская вобласьць Кюстендилска област 154 000 -1,2% 3027 51
Кырджалійская вобласьць Кърджалийска област 160 000 -0,7% 4032 40
Ловецкая вобласьць Ловешка област 159 000 -1,3% 4134 39
Мантанская вобласьць Монтанска област 167 000 -2,0% 3595 47
Пазарджыцкая вобласьць Пазарджишка област 300 000 -1,0% 4393 68
Перніцкая вобласьць Пернишка област 142 000 -1,3% 2377 60
Плевенская вобласьць Плевенска област 305 000 -1,5% 4216 74
Плоўдзіўская вобласьць Пловдивска област 708 000 -0,2% 5973 118
Разгацкая вобласьць Разградска област 141 000 -1,0% 2648 53
Русенская вобласьць Русенска област 257 000 -0,7% 2616 99
Сілістрынская вобласьць Силистренска област 136 000 -1,3% 2862 47
Сьлівенская вобласьць Сливенска област 211 000 -1,0% 3646 47
Смалянская вобласьць Смолянска област 133 000 -1,5% 3532 38
Сафія София−град 1 232 000 +1,0% 1349 913
Сафійская вобласьць Софийска област 262 000 -1,1% 7277 36
Старазагорская вобласьць Старозагорска област 362 000 -0,5% 4959 73
Шуменская вобласьць Шуменска област 200 000 -0,6% 3365 59
Тыргавішцкая вобласьць Търговищка област 137 000 -1,0% 2735 50
Варнаўская вобласьць Варненска област 458 000 -0,1% 3819 120
Вялікатырноўская вобласьць Великотърновска област 283 599 -0,5% 4684 61
Відынская вобласьць Видинска област 118 000 -2,0% 3071 39
Урачанская вобласьць Врачанска област 209 000 -1,7% 4098 52

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баўгарыя знаходзіцца ў Паўднёвай Эўропе на ўзьбярэжжы Чорнага мора, ва ўсходняй частцы Балканскай паўвыспы. З поўначы мяжуе з Румыніяй, на захадзе з Сэрбіяй і Македоніяй, а на поўдні з Грэцыяй і Турцыяй. Сталіцай краіны зьяўляецца Сафія (1,1 млн чалавек), іншымі буйнымі гарадамі зьяўляюцца Плоўдзіў, Варна, Бургас, Русе, Старая Загора, Плевен і Ўраца.

Агульная мяжа складае 1808 км, даўжыня ўзьбярэжжа 379 км. Працягласьць межаў з суседнімі краінамі складае: Румынія — 608 км, Грэцыя — 494 км, Сэрбія — 318 км, Турцыя — 240 км, Македонія — 148 км. Каля 60 % плошчы Баўгарыі займаюць горы і ўзвышшы, сярэдняя вышыня паверхні краіны складае каля 470 м над узроўнем мора.

Уздоўж паўночнай мяжы краіны цягнецца Прыдунайская нізіна, якая займае ўсю поўнач Баўгарыі. У цэнтральнай частцы краіны знаходзіцца асноўны горны масіў Баўгарыі – Балканскія горы. У паўднёва-заходняй Баўгарыі, на мяжы з Грэцыяй знаходзяцца горы Радопы, Рыла і Пірын, тут жа знаходзіцца самы высокі пункт Балканскай паўвыспы гара Мусала (2925 м). Паўднёва-усходнюю частку Баўгарыі займае Горнатракійская нізіна, а на поўдзень ад яе, на мяжы з Турцыяй, невысокія горы Сакар і Странджа. Самымі высокімі пунктамі Баўгарыі зьяўляюцца Мусала (2825 м), Віхрэн (2915 м) і Ботэў (2376 м).

Клімат Баўгарыі ўмераны, цёплы, кантынэнтальны, сухі, на ўзьбярэжжы мора — субтрапічны, вільготны. У гарах існуе кліматычная пасавасьць. Сярэдняя тэмпэратура паветра ў студзені складае ад -6 °C у гарах, -3 °C у цэнтральнай частцы краіны і да 2 °C у паўднёвай частцы. У ліпені адпаведна ад 18 °C, 23 °C i 25 °C. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў ад 450 мм на поўначы да 1200 мм у гарах.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканамічныя рэформы 1989 году зьнялі цэнтральнае плянаваньне баўгарскай эканомікі, дазволілі існуючым прамысловым прадпрыемствам займацца эканамічнай дзейнасьцю самастойна, шмат зь іх былі прыватызаваны.

Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі краіны застаюцца пшаніца і кукуруза, а так сама сланечнік, тытунь, бавоўна, памідоры, агуркі і папрыка. Значную частку сельскай гаспадаркі Баўгарыі займае вырошчваньне вінаграду для вытворчасьці віна, а так сама садавінных дрэваў (яблыкаў, сьліваў і г.д.). Баўгарыя зьяўляецца асноўным экспарторам ружавага алею. Жывёлагадоўля заснавана на гадаваньні авечак, кароваў і сьвіньняў. Увогуле жывёлагадоўля, разам зь лесанарыхтоўкамі займаюць усё большае значэньне ў сельскай гаспадарцы Баўгарыі. Акрамя гэтага разьвіцьцё атрымала і рыбалоўства. Акрамя актыўнай рыбнай лоўлі ў Чорным моры, баўгарскі рыбны флёт павялічвае сваю актыўнасьць ў Атлянтычным акіяне і Міжземным моры.

Горная прамысловасьць краіны канцэнтруецца ў асноўным вакол здабычы медзі і жалезнай руды, але акрамя гэтага існуюць невялікія радовішчы каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Водныя электрастанцыі забясьпечваюць каля 10% энэргетычных запатрабаваньняў Баўгарыі, 60% электрычнасьці атрымліваецца ад цеплавых электрастанцыяў, астатняя частка электрычнасьці атрымліваецца на ядзерных станцыях.

Значную ролю ў прамысловасьці Баўгарыі грае вытворчасьць сталі, медзі, цынку, волава, а так сама машынаў і абсталяваньня, хімікаліяў і прадукцыі харчовай галіны прамысловасьці. Важнае месца займае і турызм, асабліва на ўзьбярэжжы Чорнага мора.

Краіна мае добра разьвітую дарожную сетку, акрамя гэтага актыўна выкарыстоўваецца марскі і паветраны транспарт. Галоўнымі марскімі портамі зьяўляюцца Варна і Бургас.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 2007 году, згодна са зьвесткамі Нацыянальнага Статыстычнага Інстытуту Баўгарыі колькасьць насельніцтва склала 7 640 240 чалавек, у тым ліку 3 699 690 мужчынаў (48,4%) і 3 940 550 жанчынаў (51,6%). У 2006 годзе гарадзкое насельніцтва складала 5403,2 тыс чалавек ці 70,7% агульнай колькасьці насельніцтва, сельскае — 2237 тыс. чалавек (29,3%). З 1990 году колькасьць насельніцтва Баўгарыі скарацілася прыкладна на 1 млн чалавек як у выніку натуральнага скарачэньня (з 1990 г. сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць), так і ў выніку міграцыі за межы краіны. Сярэдні ўзрост насельніцтва ў 2006 годзе склаў 41,4 году, павялічыўшыся ў параўнаньні з 2000 годам на 1,5 году.

На баўгарскай мове размаўляе 84,5% насельніцтва, на турэцкай — 9,6%, на цыганскай — 4,1%.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйная ацэнка насельніцтва
  2. ^ а б в Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999.(ням.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Баўгарыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў