Беларускае геаграфічнае таварыства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларускае геаграфічнае таварыства — грамадзкая арганізацыя ў Беларусі.

Дасавецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфічная таварыства на Беларусі вядзе сваю гісторыю ад Расейскага геаграфічнага таварыства, створанага 18 жніўня 1845 году па ініцыятыве адмірала Ф. Літке, акадэміка К. Бэра, адмірала Ф. Урангеля.

Назва таварыства некалькі разоў зьмянялася: 1845—1850 гг. — Расейскае геаграфічнае таварыства, 1850—1917 гг. — Імпэратарскае расейскае геаграфічнае таварыства, 1917—1926 гг. — Расейскае геаграфічнае таварыства, 1926—1938 гг. — Дзяржаўнае геаграфічнае таварыства, 1938—1991 гг. — Усесаюзнае геаграфічнае таварыства (УГТ), альбо ГТ СССР.

У 1867 годзе быў створаны Паўночна-Заходні аддзел ІРГТ з цэнтрам у Вільні. Тэрытарыяльна аддзел уключаў Беларусь. Гэта быў адзін зь першых аддзелаў ІРГТ (пасьля Сыбірскага ў г. Іркуцку і Каўкаскага ў г. Тыфлісе). Паўночна-Заходні аддзел праіснаваў да 1876 году. У 1910 годзе аддзел аднавіў сваю працу. Аднак яна была перапыненая сусьветнай вайной. Існаваў друкаваны орган «Записки Северо-Западного отдела Имперского Русского географического общества» пад рэдакцыяй беларускага гісторыка Д. Даўгялы. У 1910—1914 гадах выйшлі чатыры кніжкі запісак.

Пасьля 1957 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нашчадкамі аддзела зьявіліся Геаграфічныя таварыствы: БССР (арганізаванае ў 1954 годзе) і Летувіскай ССР (арганізаванае ў 1957 годзе). У 1954 годзе на паседжаньні Навуковай рады ГТ СССР была прынятая пастанова аб адкрыцьці Геаграфічнага таварыства Беларускай ССР — філіі Геаграфічнага таварыства СССР. Адначасова вырашаліся і пытаньні, якія падкрэсьлівалі самастойнасьць утворанага Геаграфічнага таварыства Беларускай ССР. Такім чынам, фактычна днём нараджэньня Беларускага геаграфічнага таварыства зьяўляецца 19 сакавіка 1954 году. Навуковая рада ГТ СССР пачала перадаваць часткова свае паўнамоцтвы Арганізацыйнаму камітэту Геаграфічнага таварыства БССР.

Сярод першых правадзейных сябраў ГТ СССР ад Беларусі былі географы, якія потым сталі знакамітымі навукоўцамі і зрабілі вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускай геаграфічнай навукі Ф. Марцінкевіч, В. Дзяменцьеў, М. Рагозін, М. Раманоўскі, Л. Вазьнячук, А. Шкляр, А. Якушка і інш.

У пачатку 1959 году Радай ГТ быў зацьверджаны Магілёўскі аддзел — першы абласны аддзел у гісторыі БГТ. Цяпер аддзелы БГТ існуюць ва ўсіх абласьцях краіны. Найбуйнейшы па колькасьці на 2004 год — Гомельскі абласны аддзел.

Асноўныя кірункі дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • каардынацыя працаў беларускіх географаў;
  • арганізацыя сумесных дасьледаваньняў з прадстаўнікамі сумежных навуковых кірункаў (гісторыкамі, батанікамі, геолягамі, эканамістамі і г. д.)
  • прапаганда геаграфічных ведаў;
  • усталяваньне і падтрымка кантактаў з геаграфічнымі арганізацыямі блізкага і далёкага замежжа;
  • разьвіцьце школьнай геаграфіі.

Зьезды Беларускага геаграфічнага таварыства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • І Зьезд ГТ БССР (Менск) — 12 сакавіка 1975 г.
  • ІІ Зьезд ГТ БССР (Менск) — 5—6 сьнежня 1978 г.
  • ІІІ Зьезд ГТ БССР (Гомель) — 19—21 кастрычніка 1983 г.
  • IV Зьезд ГТ БССР (Берасьце) — 21—23 верасьня 1989 г.
  • V Зьезда БГТ (Менск) — 24 лістапада 1994 г.
  • VI Зьезд БГТ (Магілёў) — 27—30 верасьня 1999 г.
  • VII Зьезд БГТ (Менск) — 5—6 кастрычніка 2004 г.

Кіраўнікі БГТ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • І. Лупіновіч (1954—1957) — старшыня Навуковай рады
  • Канстанцін Лукашоў (1957—1960) — старшыня Навуковай рады
  • Ц. Гарбуноў (1960—1963) — старшыня Навуковай рады
  • Васіль Дзяменцьеў (1963—1974) — старшыня Навуковай рады
  • В. Жучкевіч (1974—1983) — в. а. старшыні Навуковай рады (1974—1975), прэзыдэнт (1975—1983)
  • Валеры Аношка (1983—2004) — прэзыдэнт
  • П. Лопух (з 2004 г.) — старшыня

Чальцы БГТ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ігар Шаруха — кандыдат пэдагагічных навук, дацэнт, загадчык катэдрай геаграфіі і аховы прыроды прыродазнаўчага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсытэту, суаўтар школьных падручнікаў па геаграфіі. Старшыня магілёўскай гарадзкой суполкі Беларускага геаграфічнага таварыства.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]