Беларуская валютна-фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
БВФБ
Беларуская валютна-фондавая біржа
Тып фондавая біржа
Разьмяшчэньне Менск, Беларусь
Заснаваная 23 сьнежня 1998 (15 гадоў таму)
Уладар Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Ключавыя асобы Тарас Надольны, Павал Цэхановіч
Валюта Беларускі рубель
Аб'ём 201 млрд рублёў (2008, па акцыях; $93,5 млн)
Сайт www.bcse.by

Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ) — фондавая біржа, заснаваная ў 1998 годзе ў Менску. Зьяўляецца адзіным дапушчальным паводле закону месцам гандлю беларускімі ўрадавымі каштоўнымі паперамі. З кастрычніка 2004 году ладзіць заключэньне тэрміновых дамоваў, са сьнежня 2007 году — гандаль замежнай валютай. Знаходзіцца па адрасе: г. Менск, вул. Сурганава, д. 48а. Паводле Статуту, мэтай біржы ёсьць ладжаньне рэгулярнага гандлю валютай, каштоўнымі паперамі і іх вытворнымі ды забеспячэньне умоваў для вызначэньня іх цаны. Ажыцьцяўляе захоўваньне і ўлік каштоўных папераў ды разьлікі па іх.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сход. Правамоцны пры наяўнасьці ўдзельнікаў з больш як 50% акцыяў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Штогод абірае Раду і Рэвізійную камісію, вызначае памер заробкаў іх сябраў і каштарыс выдаткаў і ўкладаньняў. Штоквартал вызначае выплату дывідэндаў(en) акцыянэрам.
  • Рада. Налічвае 10 асобаў. Правамоцны пры ўдзеле больш як паловы сябраў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Зацьвярджае аўдытара, дэпазітара і ацэньвальніка. Заключае дамовы і наймае Ўправу. Ухваляе памеры камісійнай узнагароды і біржавых збораў.
  • Управа. Налічвае 5 асобаў. Правамоцная пры ўдзеле паловы сябраў. Ухваляе пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Вызначае памер заробкаў і расклад працы супрацоўнікаў.
  • Рэвізійная камісія. Штогод да сакавіка правярае леташнюю грашовую дзейнасьць біржы.

Умовы дамоваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дамове аб каштоўных паперах маюць згадвацца:

  • від дамовы;
  • поўнае найменьне ды месцазнаходжаньне пакупніка;
  • поўнае найменьне прадпрыемства-выдаўца, від, катэгорыя ды тып каштоўнай паперы;
  • абмежаваньні ў ажыцьцяўленьні дамовы ў выглядзе закладу каштоўных папераў або выкананьня прадаўцом статута закрытага акцыянэрнага таварыства;
  • намінальны кошт каштоўнае паперы;
  • колькасьць каштоўных папераў;
  • цана адной каштоўнае паперы;
  • сума дамовы;
  • парадак разьлікаў[1].

Разьмяшчэньне аблігацыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юрыдычным асобам дазваляецца выпускаць аблігацыі пры кошце чыстых актываў(en) у прынамсі 100 тыс. базавых велічыняў (100 тыс. рублёў×100 тыс.=10 млрд. руб.>$1158 тыс.) ды адсутнасьці стратаў ад збыту цягам 2 папярэдніх гадоў[2][3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Устаноўчая нарада біржы адбылася 23 сьнежня 1998 году. 29 сьнежня Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пастановай № 1437 занёс адкрытае акцыянэрнае таварыства у Рэестар дзяржаўнай рэгістрацыі за № 23904[4]. За 2008 год аб’ём дамоваў з акцыямi склаў 201 млрд рублёў[5] ($93,5 млн). На 3 жніўня 2009 году на біржы гандлявалі акцыямі 157 беларускіх прадпрыемстваў[6]. У 2010 г. штодзень заключалася 10 дамоваў. З 1 студзеня 2011 г. дазволілі перапродаж паёў акцыянэрных таварыстваў, што на 18 лютага павялічыла заключэньне дамоваў да 100 на дзень пры наяўнасьці каля 60 улічаных бракёраў[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пастанова Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь ад 12 верасьня 2006 г. № 112 «Аб рэгуляваньні рынка каштоўных папераў»(рас.). Беларуская валютна-фондавая біржа (30 лістапада 2010). Праверана 29 жніўня 2011 г.
  2. ^ А.Лукашэнка. Указ № 277 ад 28 красавіка 2006 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Праверана 12 красавіка 2013 г.
  3. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2006 г. № 277(рас.) // Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 4 кастрычніка 2012 г. Праверана 12 красавіка 2013 г.
  4. ^ Тарас Надольны, Павал Цэхановіч. Статут адкрытага акцыянэрнага таварыства «Беларуская валютна-фондавая біржа»(рас.) // Беларуская валютна-фондавая біржа, 16 красавіка 2012 г. Праверана 12 красавіка 2013 г.
  5. ^ Павал Берасьнеў. У 25,6 раза вырас аб’ём зьдзелак з акцыямі на біржы // Зьвязда : Газэта. — 7 красавiка 2009. — № 64 (26422). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Сяргей Валяк. За апошнія дзесяць гадоў на руках у насельніцтва назапасілася нямала акцыяў // Белтэлерадыёкампанія, 3 жніўня 2009 г. Праверана 13 красавіка 2013 г.
  7. ^ Іван Міхайлаў. Беларускі фондавы рынак выйшаў са сьпячкі // Белтэлерадыёкампанія, 18 лютага 2011 г. Праверана 13 красавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]