Беларуская граматыка для школ (1918)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Беларуская граматыка для школ» (1918) — школьная граматыка беларускай мовы, апрацаваная Браніславам Тарашкевічам (1917—1918) і выдадзеная ў Вільні (1918), у паралельных кірылічным і лацінскім варыянтах. Граматыка некалькі разоў перавыдавалася ў Заходняй Беларусі, ляжала ў аснове праграмаў выкладаньня беларускай мовы ў БССР. Першая жыцьцяздольная граматыка сучаснай беларускай мовы, аснова ўсіх далейшых лініяў разьвіцьця беларускай граматыкі.

У аснове граматыкі ляжалі фанэтыка-граматычныя асаблівасьці тагачаснага сярэднебеларускага дыялекту, найперш «цьвёрдае р» і «моцнае аканьне». У правілах граматыкі выкарыстоўваліся як марфалягічны (пераважна), так і фанэтычны прынцыпы.

Словы іншамоўнага паходжаньня вылучаліся ў асобную групу. Тарашкевічам было прапанавана пісаць галосныя й зычныя ў іншамоўнай лексыцы так, як яны вымаўляліся ў мове, зь якой былі запазычаныя[1], фактычна было прынятае пераважнае іх напісаньне як у польскай мове[2]. Так, на гэтыя словы не былі распаўсюджаныя правілы аканьня, дзеканьня й цеканьня, часта не зьмякчаліся зычныя перад галоснымі, перад ётаванымі галоснымі перадаваўся мяккі [л’][1].

Шмат якія правілы ў граматыцы адсутнічалі або былі недапрацаванымі, напрыклад, нарматывы напісаньня складаных словаў, некаторых канчаткаў, прозьвішчаў, імёнаў, геаграфічных назваў[1], і дапрацоўваліся іншымі аўтарамі ў практычна выкладаных граматыках[3].

Зважаючы на недахопы граматыкі Тарашкевіча, браты Лёсікі распрацавалі праект яе рэформы, які быў прадметам разгляду Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі (1926).

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучэбны дапаможнік Тарашкевіча ўлічваў тагачасныя дасягненьні ў галіне беларускай філялёгіі (Яўхім Карскі, Аляксей Шахматаў і інш.) і быў станоўча прыняты грамадзкасьцю.

Аднак у практычнай працы й ва ўмовах масавай беларусізацыі граматыка выклікала пэўныя цяжкасьці з-за сваёй агульнай складанасьці й пэўных унутраных недахопаў; некаторыя фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці не атрымалі ў кнізе належнага асьвятленьня; напісаньне іншамоўнай лексыкі працягвала складаць цяжкасьці; некаторыя правілы былі штучнымі й надуманымі, у граматыку быў уведзены шэраг архаічных граматычных формаў у якасьці літаратурных[1].

«Расейскі і польскі ўплывы» (адпаведна ў марфалёгіі і артаграфіі)[4] адзначалі ў сваіх тагачасных публікацыях, напр., Язэп Лёсік і Ян Станкевіч.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Сучасная беларуская мова…, С.…
  2. ^ Гапоненка І. А. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове пачатку XX ст. і асаблівасці іх фармальнай адаптацыі // Беларуская лінгвістыка. Вып. 49 / НАН Беларусі. Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; Рэдкал.: І. А. Падлужны (адк. рэд.) і інш. — Мн. : Беларуская навука, 2000. — 95 с. ISBN 985-08-0311-8.
  3. ^ Некрашэвіч …, С.…
  4. ^ Адпаведнасьць паводле тлумачэньня ў: Сучасная беларуская мова…, С.…

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш.. — 2-е выд., дапрац. і дап.. — Мн.: Выш. школа, 1995. — 334 с. — ISBN 985-06-0075-6

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]