Беларуска-расійскі слоўнік Байкова і Некрашэвіча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча — беларуска-расейскі слоўнік, падрыхтаваны пад рэдакцыяй Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча і выпушчаны Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі ў Менску ў 1926 годзе. Меў 356+IV старонак, каштаваў 2 рублі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слоўнік быў падрыхтаваны згодна з заданьнем Інбелкульту ўсяго за 4 месяцы і быў аддадзены ў друк у 1925[1], але не выходзіў з друку да пачатку 1927. Пасьля масавых рэпрэсіяў у беларускім навуковым асяродзьдзі (1929—1931) карыстацца слоўнікам, як і іншымі працамі «ворагаў народа», было забаронена, кнігі былі перададзеныя ў бібліятэчныя спэцфонды.

У 1993 годзе слоўнік перавыдадзены факсымільным спосабам выдавецтвам «Народная асьвета» (сэрыя «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасьць»).

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Слоўнік утрымліваў больш за 20 тыс. словаў, большую частку зь якіх складалі словы агульнага ўжываньня, значна меншую — навуковыя тэрміны, прафэсіяналізмы, некаторыя ўласныя беларускія імёны, назвы беларускіх гарадоў і рэк, устойлівыя спалучэньні словаў. Рэестравыя беларускія словы забясьпечаныя асобнымі граматычнымі і стылістычнымі пазнакамі[2]. Прыкладаў ужываньня няма, бо аўтары жадалі скараціць аб’ём слоўніка.

Па выпуску слоўніка адзначалася[3], што слоўнік няпоўны, ня мае некаторых вельмі патрэбных словаў (г. зн., складзены без належнага іх выбару)[a], утрымлівае штучныя словы, русізмы, палянізмы; шмат якія беларускія словы патлумачаны няправільна або недакладна[b]. Слоўнік складзены без належнай крытыкі (напрыклад, неапраўдана ўведзена нелітаратурная лексыка). Агульнай ацэнкай Я. Лёсіка была парада «адносіцца да слоўніка з асьцярожнасьцю» і канстатацыя таго, што слоўнік Насовіча надалей заставаўся недасягнёнай тады велічынёй.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У Лёсіка адзначана, што нястача звычайных, чыста беларускіх словаў такая, што з дапамогай гэтага слоўніка нельга цалкам зразумець «Новую зямлю» Якуба Коласа або «Курган» Янкі Купалы.
  2. ^ У рэцэнзіі Лёсіка падаюцца больш за 100 канкрэтных прыкладаў памылковых тлумачэньняў, якія «кожнаму могуць кінуцца ў вочы». Такія памылкі Лёсік прыпісваў благому веданьню мовы аўтарамі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Лёсік, С.271, Германовіч.
  2. ^ Германовіч.
  3. ^ Рэцэнзія Лёсіка ў час. «Узвышша», 2/1927, С. 203—208.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]