Беларускія народныя казкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Памятная манэта «Пакацігарошак. Легенды і казкі народаў краін ЕўрАзЭС»

Беларускія казкі — творы вуснай творчасьці беларускага народу, папулярны фальклёрны жанр, перадаваны з пакаленьня ў пакаленьне.

Народныя казкі маюць павучальны характар, звычайна маюць пэўную мараль: любоў да роднай зямлі, роднай хаты, сям’і, праслаўленьне мудрасьці, мужнасьці, кемьлівасьці, асуджэньне здрайцаў, гультаёў, прыгнятальнікаў простага люду. Таксама прысутныя гумарыстычныя і сатырычныя творы, якія не нясуць выразнага пэдагагічнага характару. Таксама ў народных казках могуць знайсьці адлюстраваньне пэўныя гістарычныя падзеі.

Характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія казкі маюць падабенства на казачны эпас славян, асабліва бліжэйшых суседзяў, рускіх і ўкраінцаў[1], але яны маюць свае адметныя рысы, ствараючы суцэльную прастору пэрсанажаў, тэм і сюжэтаў. Ім уласьцівыя глыбокая народная мудрасьць, высокая паэтычнасьць вобразаў, нязломная і сьветлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасьці, маральная цнатлівасьць і чысьціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасьць зьместу, займальнасьць апавяданьня[2].

Асноўным адрозьненьнем беларускіх казак зьяўляецца моцная міталягічная аснова. Яны данесьлі да нас шматлікія рысы побыту і сьветаўспрыманьня ранейшых часоў, якія былі страчаны ў фальклёры іншых славянскіх народаў[3].

Каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак ня маюць аналягаў у міжнародных паказальніках казачных сюжэтаў[3].

Некаторыя жанры ў беларусаў куды багацейшыя, чым у суседзяў: да прыкладу, у беларускім рэпэртуары каля 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім — 196, а ў расейскім — 56[4].

Адметная асаблівасьць беларускага казачнага эпасу — казкі аб гераічных волатах-асілках, якія перамагаюць розных пачвар («Каваль-волат», «Удовін сын»). Да больш позьніх ставяцца казкі сацыяльна-бытавыя («Пану навука», «Мужык і пан», «Зайздросны поп»). Многія беларускія казкі, асабліва бытавыя, працятыя жыцьцярадасным гумарам[5].

Класіфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Умоўна беларускія казкі можна падзяліць на тры асноўныя групы[2]:

  • Казкі пра жывёл
  • Чарадзейныя або мітычныя казкі
  • Бытавыя казкі, аповяды і анекдоты

Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца сваімі асаблівасьцямі зьместу, сыстэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстраваньня рэчаіснасьці[1]. Менш пашыраны казкі кумулятуўныя, авантурныя, навелістычныя, дакучныя[6].

Казкі пра жывёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжаньні, зьмястоўнай сутнасьцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх раньніх формаў першабытнага сьветапогляду, як анімізм (адушаўленьне) і антрапамарфізм (ачалавечваньне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму[2]. Па сваім зьмесьце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэньнем чалавечага і жывёльнага элемэнта[2]. Беларускія казкі аб жывёлах на думку многіх аўтарытэтных дасьледчыкаў, багатыя, разнастайныя, вылучаюцца высокім паэтычным майстэрствам і ўпрыгожваюць казачны эпас усходніх славян[7].

Паводзіны жывёл у казках атаясамліваюцца зь дзейнасьцю чалавека, гэтыя казкі часткова адлюстравалі ў сабе розныя эпохі гістарычнага разьвіцьця ўсходніх славян наогул і беларускага народу ў прыватнасьці[8].

Чарадзейныя казкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чарадзейныя казкі па сваім паходжаньні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зьмесьце — гэта мары і спадзяваньні людзей на лепшае жыцьцё ў будучым, іх імкненьні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі — заваёўнікамі[2]. У аснове многіх чарадзейных казак ляжыць сацыяльны канфлікт, які адлюстраваў спрадвечнае жаданьне працоўных пазбавіцца ад эксплюатацыі[1]. У казачным эпасе беларускага народу колькасна пераважаюць чарадзейныя казкі, у якіх дзейнічаюсь героі, здольныя на незвычайныя ўчынкі, нярэдка яны разам з памочнікамі перамагаюць злосных пачвар[6]. У гэтых казках выяўляюцца мары чалавека пра лепшае жыцьцё[6].

Існуе шэраг чарадзейных казак, дзе распавядаецца пра пераўтварэньні чалавека ў жывёл («Аб ведзьме, што мужыка ў сабаку перакінула», «Пра ахотніка», «Казачнік і пасельнік»). Дасьледчыкі лічаць такі пласт казак адным з самых старажытных і зьвязваюць яго з татэмічнымі ўяўленьнямі людзей[9].

Да нашага часу дайшло шмат беларускіх казак і песень, якія захавалі вобразы і сюжэты былін. У распаўсюджанай беларускай казцы «Іванка Прасьцячок» бачныя сьляды быліннага сюжэту. Як і Ільля Мурамец, Іванка Прасьцячок седзьма сядзеў на печы трыццаць тры гады. Яго вылечваюць тры старцы, пасьля чаго ён ідзе змагацца супраць памешчыкаў, прыгнятальнікаў беларускага народу. Служэньню грамадзкаму абавязку і заняволенай радзіме падпарадкаваныя ўсе дзеяньні Іванкі Прасьцячка. У казцы выкарыстоўваюцца былінныя прыёмы гіпэрбалізацыя для адлюстраваньня адвагі і волатаўскай адвядзі героя[10].

Сацыяльна-бытавыя казкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сацыяльна-бытавыя казкі маюць больш позьняе паходжаньне. У іх адлюстраваны рост класавай сьвядомасьці працоўных, барацьба супраць сацыяльнай няроўнасьці[6]. Сярод сацыяльна-бытавых казак асабліва трэба вылучыць пласт антыпанскіх і антыцаркоўных казак. Адмоўным пэрсанажам баларускіх антыпрыгоньніцкіх казак амаль заўсёды зьяўляецца пан-чужаземец[2]. Прадметам сатырычнага адлюстраваньня ў антыклерыкальных казках часьцей за ўсё зьяўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасьць, прагавітасьць і нахабства, паразітызм і амаральнасьць[2]. Уласна бытавыя казкі малююць селяніна ў яго паўсядзённым жыцьці, услаўляюць працавітасьць, глыбокі розум, дасьціпнасьць і сьціпласьць простата чалавека, асуджаюць гультайства, прагнасьць, зайздрасьць і іншыя заганы. Многія побытавыя казкі — гумарыстычныя, жартоўныя творы[1]. Сацыяльна-бытавыя казкі ахопваюць шырокае кола сацыяльных праблем: цяжкае жыцьцё прыгоннага сялянства, антаганістычныя супярэчнасьці ў класавым грамадзтве, высьмейваюцца эксплюатацыя працоўных, выкрываецца рэакцыйная сутнасьць царквы, крытыкуюцца людзкія заганы і недахопы[6].

Па асаблівасьцях адлюстраваньня рэчаіснасьці, па характары мастацкай выдумкі да сацыяльна-бытавых казак набліжаюцца авантурна-навелістычныя[1].

Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высьмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары, напрыклад, непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасьць, зайздрасьць, дурнота, імкненьне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Такія творы адлюстроўваюць этычныя і маральныя погляды народу[2]. Бытавыя казкі сьцьвярджалі ідэал народнага героя — сьмелага, мудрага, дасьціпнага і рашучага[6].

Пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікацыі і вывучэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьбіраньне, публікацыя і вывучэньне беларускіх казак, песень і іншых жанраў фальклёру ставіцца да канца XVIII стагодзьдзя. У першай палове XIX стагодзьдзя выходзіць з друку шэраг каштоўных зборнікаў беларускага фальклёру. Шырокае зьбіраньне, публікацыя і дасьледаваньне беларускага фальклёру пачынаецца ў другой палове XIX стагодзьдзя. У 1868 М. Дзьмітрыеў ў Горадні выдае каштоўны зборнік «Досьвед зьбіраньня песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю». Праз год ім выдаецца ў Вільні «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю»[10].

Шмат зрабіў у галіне збору і публікацыі беларускага фальклёру І. Насовіч. З 1886 году сталі выходзіць зборнікі беларускага фальклёру Е. Р. Раманава пад агульнай назвай «Беларускі зборнік» (9 выпускаў), куды ўвайшлі 1200 народных песень і 321 казка, сотні прыказак, загадак, замоў. Гэта першы зьбіральнік, які сам асабіста запісваў беларускі фальклёр[10].

Другім буйным зьбіральнікам беларускага фальклёру, у тым ліку і казак, быў П. Шэйн, які выдаў зборнік ў чатырох кнігах пад агульнай назвай «Матэрыялы для вывучэньня побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю»[10].

Зьбіраньнем і вывучэньнем беларускіх казак займаліся Е. Раманаў, А. Пыпін, А. Весялоўскі, А. Лабада, У. Мілер[10], М. Федароўскі, А. Сержпутоўскі, П. Бяссонаў, П. Шэйн, М. Нікіфароўскі, З. Радчанка, У. Вярыга, А. Шлюбскі і іншыя.

Толькі ў дарэвалюцыйны час выдадзена каля ста зборнікаў беларускага фальклёру, безумоўна, гэта нязначная частка таго, што існавала ў народзе.

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомы казказнаўца С. Саўчанка казаў:


« …мы можам сьмела сьцьвярджаць, што па жывасьці і хараству апавяданьня беларускія казкі ня маюць сабе роўных »

Беларускія казкі патрапілі ў знаныя зборнікі рускіх казак А. Афанасьева, у «Bajarz polski» А. Глінскага і атрымалі ў фалькларыстаў высокую ацэнку. Яны папулярныя ня толькі ў суседзяў, напрыклад, з 1966 па 1980 г. у Нямеччыне зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове «Belorussische Volksmarchen» перавыдаваўся дзесяць разоў[12] Са 122 казак, якія ўвайшлі ў зборнік, 36 зьяўляюцца перакладам упершыню апублікаваных беларускіх казак, запісаных вядомым спэцыялістам па казках Л. Барагам. Ён таксама зьяўляецца аўтарам падрабязнага навуковага камэнтарыя да казачных тэкстаў і пасьляслоўя да гэтага збору[13][14].

Праект «Беларускія народныя казкі для дзетак»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 лістапада 2010 году ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі адбылася прэзэнтацыя кнігі «Народныя казкі для дзетак».

Знойдзеныя ў розных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь Алегам Хаменкам старадаўнія беларускія казкі былі бязвыплатна перададзены ЮНІСЕФ[15].

На паштовых марках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускія народныя казкі зьяўляюцца папулярнай тэматыкай паштовых марак Беларусі[16]. Зрэшты, выявы з пэрсанажамі беларускіх казак сустракаюцца таксама і на марках іншых краінаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Казкі
  2. ^ а б в г д е ё ж Гісторыя беларускіх казак
  3. ^ а б Н. Будур. Сказочная энциклопедия, Олма-пресс, 2005
  4. ^ Уладзімер Сіўчыкаў — пра кнігі беларускіх народных казак
  5. ^ Культура  (рас.)
  6. ^ а б в г д е Этнаграфія Беларусі: Энцыкляпэдыя / Рэд.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989.
  7. ^ Жанравы склад беларускай народнай прозы
  8. ^ Гл. працы Мікалая Нікольскага «Міталёгія і абрадовасьць валачобных песен», Мінск, 1931;«Жывёлы ў звычаях, абрадах і веравонях беларускаго селянства», Мінск, 1933; «Происхождение и история белорусской свадебной обрядовости», Минск. 1956
  9. ^ С. Шамякіна Міфалягічны кампанент у структуры вобраза-пэрсанажа беларускіх чарадзейных казак.
  10. ^ а б в г д Белорусские народные сказки / Составители С. И. Василенок, К. П. Кабашников, С. И. Прокофьев. — М.: Государственное издательство художественной литературы, 1958.
  11. ^ ІВАШКА МЯДЗВЕДЖАЕ ВУШКА, Іван Мядзьведжы сын, Медзьвядзюк
  12. ^ Арсень Ліс. Каляндарна-абрадавыя творы
  13. ^ 13. Belorussische Volksmarchen /Hrsg/ von L/ Barag/ Ubers/ d/ Marchentexte aus d/ Beloruss: Hans-Joachim Grimm / 1-10 Aufl/ Akademie Verlag. Berlin. 1966. 647 p.
  14. ^ 14. Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытаньні вывучэньня яе нацыянальнай самабытнасьці параўнальна зь іншымі усходнеславянскімі казкамі
  15. ^ Белорусские сказки для детей и родителей
  16. ^ О чем говорят белорусские марки?.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Бараг, Л. Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак / Л. Р. Бараг. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978. — 247 с.
  • Восточнославянский фольклор : Словарь научной и народной терминологии / Ред. колл. : К. П. Кабашников (отв. ред.) [и др.]. — справ. изд. — Минск : Навука і тэхніка, 1993. — 479 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян / К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1968. — 27 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Сустрэчы з казкай : Кніга для настаўніка / К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 95 с.
  • Сравнительный указатель сюжетов : Восточнославянская сказка : указатель / сост. Л. Г. Бараг [и др.]. — Ленинград : Наука. Ленингр. отделение, 1979. — 438 с.
  • «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» пад рэдакцыяй Н. С. Гілевіча
  • Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. — Мінск: Вышэйшая школа, 1969. — 256 с.
  • Кабашнікаў К. П. Паказальнік сюжэтаў беларускіх казак. — У кн.: Чарадзейныя казкі. Частка II. Мінск, 1978, с. 603—686.

Зборнікі казак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускі казачны эпас / Склад. і ўступ. артыкул У. В. Анічэнка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1976. — 206 с.
  • Беларускія народныя казкі : са зборнікаў Е. Р. Раманава / Складанне, падрыхтоўка тэкста, прадмова В. К. Бандарчыка. — Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. — 340 с : іл.
  • Беларускія народныя казкі : Зборнік / Склад.: Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., дап. — Мінск : Навука і тэхніка, 1986. — 512 с.
  • Кабашнікаў, К. П. Казкі і легенды роднага краю / склад. К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 262 с.
  • Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / склад., аўтар прадмовы К. П. Кабашнікаў; рэдактар В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1971. — 495 с.
  • Казкі ў сучасных запісах / Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 661 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 3 : Сказки / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1887. — 444 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 4 : Сказки космогоническия и культурныя / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1891. — 220 с.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 6 : Сказки / Е. Р. Романов. — Могилев : Типография Губернского правления, 1901. — IV, 527, [2] с.
  • Сацыяльна-бытавыя казкі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; склад. тома, аўт. уступ. артыкула А. С. Фядосік; склад. і камент. Л. Р. Бараг; рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]; рэд. В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1976. — 520 с : іл. — (Беларуская народная творчасць).
  • Сержпутоўскі, А. К. Казкі і апавяданні Беларускага Палесся : са зборнікаў А. К. Сержпутоўскага / [склад., падрых. тэксту і паказальнік да казак А. С. Фядосіка; рэд. В. К. Бандарчык; прадмова В. К. Бандарчыка, А. С. Фядосіка]. — Мінск : Беларусь, 1965. — 324 с : іл.
  • Сказки Неманского края. — Вильнюс : Гослитиздат, 1951. — 125 с.
  • Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 1 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраўл. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 639 с — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0545-5 (ч.1) : 2884. — ISBN 985-08-0551-x.
  • Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 2 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраўл. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 691 с — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0552-8 (ч.2) : 3874. — ISBN 985-08-0551-x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]