Беларускі нацыянальны камітэт (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК) у Горадні, Гарадзе́нскі белару́скі нацыяна́льны камітэ́т — прадстаўнічы орган беларускіх нацыянальных арганізацыяў Гарадзеншчыны ў 1918—1921 гадах.

Беларускі нацыянальны камітэт у Горадні створаны ў лістападзе 1918 году на агульным мітынгу, скліканым па ініцыятыве ўпаўнаважанага Віленскай беларускай рады К. Цярэшчанкі. У склад БНК увайшлі А. Грыкоўскі (першы старшыня), Я. Натусевіч (старшыня з сакавіка 1919 году), С. Качынскі, А. Якубецкі; пазьней кааптаваны П. Аляксюк, К. Бялецкі, Т. Вернікоўскі, Л. Дзекуць-Малей, У. Курбскі-Кузьняцоў і іншыя. БНК ствараў беларускія школы, культурна-асьветныя гурткі і каапэратывы, выступаў супраць прарасейскай арыентацыі Гарадзенскай беларускай губэрнскай управы, адзін з арганізатараў Гарадзенскага беларускага сялянскага зьезду (1918). Выдаваў газэту «Зорка» (травень 1919, выйшлі 2 нумары), у студзені 1919 г. адкрыў у Горадні беларускі клюб «Наша хатка». Дзейнічаў сумесна з Грамадой беларускай моладзі ў Горадні, Гарадзенскай павятовай радай, Цэнтральнай беларускай радай Гарадзеншчыны, Цэнтральнай беларускай вучыцельскай радай Гарадзеншчыны. Праз палітычны й адміністрацыйнага ўціск польскіх акупацыйных уладаў з восені 1919 г. да вясны 1920 г. ня дзейнічаў. 28 сакавіка 1920 году абраны новы склад БНК: С. Баран (старшыня), І. Антонаў, К. Бялецкі, Л. Дзекуць-Малей, У. Курбскі, С. Якавюк, М. Якімовіч, У. Федарук і інш. Знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў і стаяў у апазыцыі да акупацыйных уладаў Польшчы. Пры камітэце створаны адміністрацыйны, арганізацыйны, культурна-асьветны і дабрачынны аддзелы, юрыдычнае бюро. Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гарадзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Менску, Беларускай цэнтральнай школьнай радай, Беларускай школьнай радай у Горадні. Стварыў апякунскую раду на чале з Л. Дзекуць-Малеем для падтрымкі мясцовага дзіцячага прытулку, імкнуўся стварыць свой аддзел інструктараў для арганізацыі нацыянальна-культурнай працы ў паветах Гарадзенскай губэрні. 3 прыходам Чырвонай Арміі ў ліпені 1920 г. на нелегальным становішчы. Чальцы БНК С. Баран і Л. Дзекуць-Малей у жніўні 1920 г. увайшлі ў склад Гарадзенскага губэрнскага рэўкому. Пасьля вяртаньня польскіх войск кіраўніцтва ў БНК перахапілі так званыя палянафілы на чале зь Вячаславам Адамовічам (выдаваў газэту «Беларускае слова»). БНК падтрымаў вайсковую акцыю С. Булак-Балаховіча. У студзені 1920 году да кіраўніцтва вярнуліся беларускія эсэры (старшыня С. Баран). У студзені 1921 году БНК скасаваны польскімі ўладамі[1], яго функцыі пэўны час выконваў гарадзенскі філіял Беларускага камітэту ў Варшаве.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Крутыя мѣры / Г. Вахт. Ревель (Юрьев : Э. Бергман) // Народное дѣло(политический орган Комитета группы социалистов-революционеров Северо-Западной области России). Eesti Tartu, Eesti Tallinn : газэта. — Талін: 01 лютага 1921. — № 24(147). — С. 2.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ЭГБ. Дадатак. — Мн., БелЭн, 2003.