Берасьцейская унія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Царква сьв. Міколы ў Берасьці, дзе была падпісана Берасьцейская унія. Малюнак 18 ст.

Берасьцейская унія 1596 году — рашэньне беларускіх і ўкраінскіх ярархаў Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі аднавіць еднасьць з Апостальскай Сталіцай (Каталіцкай Царквой) на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Перадумовы уніі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1054 годзе адбыўся канчатковы раскол хрысьціянскай Царквы на заходнюю — каталіцтва і ўсходнюю — праваслаўе. Вялікае Княства Літоўскае геапалітычна знаходзілася на мяжы дзьвюх рэлігіяў, таму абедзьве канфэсіі былі шырока прадстаўленыя ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Княства. Каб зьяднаць народ і абараніць незалежнасьць ВКЛ ад прэтэнзіяў Масковіі, у царкоўных і дзяржаўных колах зьявілася прагненьне пазбавіць краіну рэлігійнага супрацьстаяньня паміж каталіцтвам і праваслаўем.

Да XVI стагодзьдзя выразна праступілі рысы крызысу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, праваслаўная Царква ў ВКЛ ня здолела стварыць незалежную сыстэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры шэраговага духавенства, назіраўся крызыс прапаведніцтва. У выніку праваслаўе аказалася няздатнае супрацьстаяць націску Рэфармацыі. Многія праваслаўныя цэрквы ператварыліся ў пратэстанцкія зборы. Праваслаўе імкліва страчвала сваю інтэлектуальную і матэрыяльную апору — магнатаў, шляхту (тагачасную інтэлігенцыю), якая масава пераходзіла на кальвінізм і ў каталіцтва. Езуіт Пётар Скарга адзначаў стан праваслаўя ў ВКЛ так: «Папы́ схалопелі, навука ўпала». Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Масковіяй арыентацыя на Маскву (якая стала цэнтрам праваслаўя, бо ў 1589 годзе там быў абвешчаны патрыярхат) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе пачаўся духоўны ўздым, выкліканы Рэфармацыяй, ствараліся нацыянальныя Цэрквы, а каталіцкая Царква з дапамогай новага ордэну езуітаў распачала контррэфармацыю. Неабходнасьць рэфармаваньня ўсходняй Царквы разумелі і беларускія і ўкраінскія ярархі Кіеўскай мітраполіі. Сукупнасьць гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэньне праваслаўнай Масквы, імкненьне дзяржаўных кіраўнікоў ВКЛ да ўмацаваньня незалежнасьці і памкненьні Рымскіх папаў пашырыць каталіцтва ў Княстве) паспрыяла хуткаму правядзеньню царкоўнай рэформы — стварэньню Ўніяцкай Царквы.

Падрыхтоўка уніі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пропаведзь Пятра Скаргі. Карціна Яна Матэйкі

У першай палове 1590-х гадоў на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі каталіцкай Царквы праваслаўныя гіерархі выпрацоўвалі ўмовы аб'яднаньня усходняй Царквы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ініцыятарамі уніі выступілі япіскап Берасьцейскі і Ўладзімерскі Іпаці Пацей і япіскап Луцкі і Астроскі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі Кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВКЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 году з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя япіскапы, акрамя львоўскага. Былі выпрацаваныя «33 артыкулы» — умовы аб'яднаньня, згодна зь якімі:

  • захоўваліся ўсе царкоўныя сьвяты згодна з праваслаўным календаром;
  • на царкоўныя пасады прызначаюцца толькі «рускія» людзі;
  • манастыры і цэрквы не пераўтвараюцца ў касьцёлы;
  • забараняецца пераманьваць уніятаў на лацінскі абрад;
  • папа Рымскі зьяўляецца зьверхнікам Царквы ў пытаньнях веры;
  • уніяты прымаюць некаторыя дагматы каталіцкай Царквы (сымбаль веры і іншыя).

Пасьля прыняцьця уніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцыяў — зьнешне нічога не зьмянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аднаўленьня царкоўнай еднасьці. 23 сьнежня 1595 году І. Пацей і К. Тарлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую булу аб уніі. 610 кастрычніка (паводле старога стылю) 1596 году ў Берасьці на царкоўным саборы, куды зьехаліся прыхільнікі Уніі, Кіеўская мітраполія афіцыйна абвясьціла пра аднаўленьне сваёй поўнай сулучнасьці з Рымскім Апостальскім Пасадам. Адначасова ў Берасьці на свой сабор сабраліся прыхільнікі захаваньня незьяднанай усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай, лідэрам іх быў япіскап Львоўскі. Наклаўшы ўзаемныя праклёны, гіерархі разьехаліся па япархіях. У грамадзтве ж пачала расьці напружанасьць і варожасьць паміж прыхільнікамі і праціўнікамі Уніі. 15 кастрычніка 1596 году каралеўскім унівэрсалам акт уніі быў зацьверджаны на дзяржаўным узроўні. Афіцыйна праваслаўная Царква ў ВКЛ перастала існаваць.

Успрыняцьце уніі грамадзтвам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамадзтва ўспрыняла ўвядзеньне уніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала, асабліва ў япархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі уніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы, бо баяліся за захаваньне чысьціні ўсходняга хрысьціянства. Для іх увядзеньне уніі ўспрымалася як асабістая трагедыя. Іншыя ўплывовыя праваслаўныя дзеячы (князь К. Астроскі) выступалі ня супраць уніі, а супраць падпарадкаваньня Рымскаму папу, супраць рэгіянальнага характару уніі. Такое моцнае супраціўленьне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і япіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасьць уніяцкага архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску, які спрабаваў прывесьці да царкоўнага послуху праваслаўных сьвятароў і вернікаў у сваёй япархіі, выклікала выбух гневу тых, хто хацеў застацца праваслаўным — Полацкі ўніяцкі біскуп Язафат Кунцэвіч быў жорстка забіты, а цела яго было зьнявечана і кінута ў Дзьвіну. Такія паўстаньні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі зьяднаную Царкву.

Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асьветніцкую дзейнасьць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII стагодзьдзя яно стала самай масавай рэлігіяй у Княстве, дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасьці беларускага народу, стрымала апалячваньне беларускіх зямель. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў польскія колы ў Кракаве, не збыліся. Апостальская Сталіца дасягнула сваёй мэты - Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая сталі каталіцкай краінаю з абсалютнай большасьцю ў складзе насельніцтва католікаў абодвух (заходняга і ўсходняга) абрадаў. Паланізацыя і пашырэньне каталіцтва лацінскага абраду больш пасьпяхова адбываліся ў асяродзьдзі сярэдніх і буйных фэадалаў ВКЛ. Падчас контррэфармацыі яны амаль ўсе перайшлі ў рыма-каталіцтва, што паспрыяла іх апалячваньню, зьліцьцю з фэадальным саслоўем Польшчы ў адзінае фэадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Беларускія фэадалы страчвалі сувязь зь гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВКЛ, са сваім народам.

Прыхільнікі праваслаўя ня зьніклі зь гістарычнай сцэны. У 1620 годзе яны тайна пасьвяцілі новую гіерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных Княства на дзьве Царквы - зьяднаную і незьяднаную Кіеўскую мітраполію. Ва ўсходніх раёнах Княства праваслаўныя карысталіся большай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы зь цягам часу вымушаныя былі афіцыйна дазволіць адраджэньне праваслаўя ў Княстве. У 1632 і 1633 гадах Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаваньне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 годзе гэтыя прывілеі пацьвердзіў Ян Казімір.

Унія ў Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1839 годзе ўніяцтва на беларускіх землях было забаронена. Да 18741875 гадоў уніяцкія парафіі (у якіх было некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі (у Сапоцкінскім краі) і на Падляшшы.

Унійны рух ў XX стагодзьдзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная марка, 350 гадоў Берасьцейскай уніі
Асноўны артыкул: Беларуская грэка-каталіцкая царква

Спроба адрадзіць унію ў Беларусі была зроблена на пачатку XX стагодзьдзя Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім і маладой беларускай інтэлігенцыяй, якая гуртавалася вакол першай беларускай газэты «Наша Ніва» - Іванам Луцкевічам, Алаізай Пашкевіч-Цёткай і інш.

З 1917 г. да сярэдзіны 1920-ых гадоў ва Ўсходняй Беларусі, занятай бальшавікамі, у Магілёве, Віцебску і інш. мясцовасьцях праводзілася місійная праца па адраджэньні уніі пад кіраўніцтвам расейскага грэка-каталіцкага экзарха Леаніда Фёдарава (сёньня бэатыфікаваны Каталіцкай Царквой) і магілёўскага рыма-каталіцкага дэкана Язэпа Белагаловага.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая аказалася ў складзе Польшчы, з пачатку 1920-х гадоў пачалося стварэньне каталіцкіх парафіяў усходняга абраду пад кіраўніцтвам віленскага, пінскага і падляскага рыма-каталіцкіх біскупаў. Са створаных за 20 гадоў пад Польшчай каля двух дзясяткаў уніяцкіх парафіяў і асяродкаў увосень 1939 году мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі стварыў Беларускі экзархат Грэка-Каталіцкай Царквы, які з 1940 году ўзначаліў а. Антон Неманцэвіч, SJ.

Усе ўніяцкія парафіі пасьля Другой Сусьветнай вайны былі зьнішчаныя савецкай уладай. Аднак пэўная частка вернікаў і некалькі манахіняў у Пінску захоўвалі сваю ўніяцкую веру і практыкавалі ў рыма-каталіцкіх касьцёлах Беларусі аж да сваёй сьмерці.

Новае адраджэньне грэка-каталіцтва ў Беларусі пачалося з распадам СССР і выхадам Грэка-Каталіцкай Царквы з падпольля ва Ўкраіне.

Сёньня ў Беларусі дзейнічаюць афіцыйна зарэгістраваныя ў органах дзяржаўнай улады асобныя парафіі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (статус БГКЦ да канца не ўрэгуляваны), якая разам з Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквой зьяўляецца спадкаемцай Берасьцейскай царкоўнай уніі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]