Босыя на вогнішчы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Босыя на вогнішчы
па-беларуску: Босыя на вогнішчы
М. Філіповіч. Ілюстрацыя да паэмы
Жанр: паэма
Аўтар: Міхась Чарот
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1921
Публікацыя: 1922
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Босыя на вогнішчы» — першая пралетарская паэма ў беларускай літаратуры, напісаная Міхасём Чаротам у 1921 годзе, якая адлюстроўвае стыхійнасьць кастрычніцкага перавароту, пераломнасьць і драматызм тагачасных падзеяў[1]. Упершыню паэма была надрукаваная ў газэце «Савецкая Беларусь», затым у 1922 годзе выйшла ў выдавецтве «Адраджэньне» рэкордным дзесяцітысячным накладам[2].

Твор зьяўляецца мэтафараю рэгіянальнага распаўсюджваньня рэвалюцыі, дзе «босыя» — абагульнены мастацкі вобраз зьнядоленай часткі грамадзтва, «беднаты», антыподам якому зьяўляюцца «абутыя»[3].

Паэма складаецца з дваццаці разьдзелаў — па сутнасьці дваццаці асобных вершаў, зьвязаных агульнасьцю падзей і матываў. Як адзначае І. Багдановіч, сюжэта як такога ў паэме няма, кожны верш-разьдзел зьяўляецца паэтычнай ілюстрацыяй да зьменлівых гістарычных падзей, што ўплывалі на лёс Беларусі ў час рэвалюцыі[4].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэме «Босыя на вогнішчы» было прысьвечана шмат нарысаў і дыспутаў[5]. Беларуская паэтка Канстанцыя Буйло ўспамінала, як Янка Купала гасьцяваў у яе разам зь Міхасём Чаротам. Пасьля прачытаньня апошнім сваёй паэмы Я. Купала адзначыў: «вось паэт, па тэмпэрамэнце зусім падобны на цябе, толькі ён не блукае ў нябёсах, як ты, а жыве на зямлі і піша аб ёй»[6].

У крытыцы 20-х гг. усталявалася думка, што «паэма Чарота ясна выявіла ідэйны кірунак новай беларускай літаратуры, ...была паваротным пунктам у літаратуры 1920—1930 гг., ...яна паставіла пыатньне аб новай форме і новым зьмесьце, ...упершыню высунула на літаратурую сцэну беларускую басанож, беларускі пралетарыят»[7].

У беларускім літаратуразнаўстве неаднаразова падкрэсьлівалася сувязь «Босых на вогнішчы» з паэмай «Дванаццаць» Аляксандра Блока. На думку М. Яроша, іх аб'ядноўвае высокі грамадзянскі патас, вера ў перамогу справы рэвалюцыі і адлюстраваньне ўплыву падзеяў сусьветна-гістарычнага значэньня на лёсы народу[6]. На думку М. Мішчанчука, пазыцыя Чарота разыходзіцца з пазыцыяй А. Блока на ўзроўні ацэнкі паводзінаў рэвалюцыйнага натоўпу ў часе руйнаваньня старога сьвету: М. Чарот безаглядна апраўдвае людзей, гатовых помсьціць крывава і без разбору, у той час, як А. Блок, шукае шлях апраўданьня, рэабілітацыі сымбалічным прыёмам увядзеньня Хрыста[1]. Дасьледнік адзаначае, што «па сутнасьці Чарот падтрымаў дэманічны пачатак у Кастрычніцкай рэвалюцыі»[1].

На думку І. Багдановіч, Чарот-мастак ня мог ня бачыць, што тыя гістарычныя, клясавыя сілы, якія зьдзяйсьнялі пралетарскую рэвалюцыю ў Расеі, на Беларусі сапраўды адсутнічаюць. У тых гістарычных варунках, якія склаліся, Беларусь была пазбаўлена магчымасьці самой абраць свой шлях, яна змушана была прымаць тыя формы існаваньня, якія дыктаваліся мацнейшымі сіламі[8]. Як адзначае дасьледніца, гэты момант і прасочваецца выразна ў паэме: тое, што Беларусь была толькі адбіткам рэвалюцыйных падзей, іх водгаласам, рэакцыяй на іх[8].

Вобраз «босых»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тагачасныя крытыкі імкнуліся вызначыць сацыяльны статус «босых» — ключавога вобразу твора.[9] Паводле В. Кнорына твор М. Чарота — «гэта не паэма арганізаванага гарадзкога пралетарыята буйных прадпрыемстваў, гэта паэмы басаножы, —нашай сялянскай беднаты, нашага паўпралетарыята»[10], які ён называе самай перадавой сілай Беларусі. У. Ігнатоўскі лічыў, што «босыя» — гэта актывісты рэвалюцыі, падпальшчыкі агню. «Босыя» запалілі ўсясьветнае вогнішча, усясьветны пажар. Беларусь у час гэтага пажару апынулася на мяжы яго»[11]. На думку І. Багдановіч, бліжэйшым да ісьціны ў вызначэньні сутнасьці «босых» быў З. Жылуновіч, які не згадзіўся лічыць твор М. Чарота за ўзор пралетарскай літаратуры, бо ў ім няма апяваньня «арганізаванай барацьбы пралетарыята за камунізм», а ёсьць «басота», «люпмен», «ахвяры сацыяльных адносін між станамі, людзі пераможаныя, сышоўшыя з дарогі змаганьня»[12]. З. Жылуновіч пацьвярджаў свае высновы тэкстам. Ён даказваў, што «босыя» «стараюцца па мажлівасьці выскаўзнуць з-пад агню, адкрытай барацьбы», што «яны нават ня ведаюць сваіх заданьняў ды не ўцямяць сабе, хто яны»[12]. Пры ўсім вышэйсказаным, ён лічыў паэму Чарота новым, сьвежым і арыгінальным па ідэі і стылю, таленавітым творам[8].

І. Багдановіч выяўляе і іншае аблічча «босых» — пасіўнае, сузіральнае. Актыўнасьць іх праяўляецца толькі ў тым, каго прызнаць сабе за правадыра, а каго за ворага: з гэтага пункту гледжаньня выяўляюцца выразныя «ўсходнія» сымпатыі «босых». Там, на «Ўсходзе», іх вызваліцелі і правадыры на шляху «да сонца й зор», якіх яны называюць «нашымі». «Босыя» іх вітаюць кожны раз як яны прыходзяць і адыходзяць, затым прыходзяць ізноў і ўсталёўваюць свой парадак, але бяз гэтых «байцоў» ім ніякавата, яны адразу губляюць адчуваньне гістарычнай пэрспэктывы[13]: «Пачакайце... як жа нас?» - «К вам прыдзем, прыдзем жывам / А цяпер мы раз! - два! - раз!»[14] (5 разьдзел). Той жа тып паводзін выяўляецца і ў 12-м разьдзеле перад пачаткам польскай акупацыі: «Босыя патыліцы чухаюць, / Пазіраюць праз плот, / У кулак плачуць: / - Бач, нашы паўцякалі, / Куды дзявацца нам?»[15]. «Босыя» пасіўна ставяцца да ўзнаўленьня парадкаў польскай і нямецкай акупацыі, не прымаюць іх, але церпяць і не змагаюцца зь імі. З усіх прышэльцаў яны вітаюць толькі «ўсходніх», лічаць іх сваімі вызваліцелямі, «апекунамі», вераць у абацяны «новы сьвет»[16].

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратурная крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пастаноўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1928 — самадзейная трупа пад кіраўніцтвам Мікалая Красінскага

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Мішчанчук, М. І. «…Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены...» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 63—64. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
  2. ^ Айзенштат, Г. Жыццё і драма Міхася Чарота: дакументальная версія // Беларусь. — 1989. — № 7. — С. 5.
  3. ^ Міхась Чарот (Міхаіл Сымонавіч Кудзелька)(недаступная спасылка)
  4. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 459. — 903 с.
  5. ^ Пиотухович М., Жилунович Д. Белорусская литература // Литературная энциклопедия: В 11 т. — [М.], 1929—1939. Т. 1. — [М.]: Изд-во Ком. Акад., 1930. — Стб. 408—418.
  6. ^ а б История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 419. — 776 с.
  7. ^ Аляхновіч М. На аванпостах пралетарскай літаратуры (1920—1930 гг.) // Маладняк. — 1930. — № 6—7. — С. 180.
  8. ^ а б в Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 460. — 903 с.
  9. ^ М. Маразоўскі. Белы дом толькі журыцца... (Аб «Босыя на вогнішчы і аб меншавіцкіх акулярах»). / рэдакцыя // Полымя : часопіс. — Менск: Звязда, 1923. — № 2. — С. 92—100.
  10. ^ Кнорин В. На пути к белорусской пролетарской поэзии // Чарот М. Босыя на вогнішчы. — Мн.: 1922. — С. 44.
  11. ^ Ігнатоўскі У. «Босыя на вогнішчы»: Крытычны нарыс // Чарот М. Босыя на вогнішчы. — Мн.: 1922. — С. 33—34.
  12. ^ а б З. Жылуновіч. Аб крытыцы «Босыя на вогнішчы» і яшчэ аб саміх «Босыя на вогнішчы» М Чарота. / рэдакцыя // Полымя : часопіс. — Менск: Звязда, 1922. — № 1. — С. 64—70.
  13. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 461. — 903 с.
  14. ^ Чарот М. Босыя на вогнішчы. С. 10
  15. ^ Чарот М. Босыя на вогнішчы. С. 18
  16. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 462. — 903 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]