Бэрген-Бэльзэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бэрген-Бэльзен (па-нямецку: Konzentrationslager Bergen-Belsen) — нацысцкі канцэнтрацыйны лягер у зямлі Ніжняя Саксонія, створаны паблізу вёскі Бэльзен, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы захад ад г. Бэрген (Нямеччына).

Быў створаны ў траўні 1940 як Шталяг 311 (Stalag 311(XI C)) для ваеннапалонных з Бэльгіі і Францыі, колькасьць якіх складала каля 600 чалавек. У ліпені 1941 сюды даставілі каля 20 тысячаў ваеннапалонных з СССР. Да вясны 1942 году 18 тысячаў з іх памерлі ад голаду, холаду і хваробаў (выжыла толькі 2097 чалавек). У красавіку 1943 лягер для ваеннапалонных быў зачынены і ператвораны ў канцэнтрацыйны лягер для часавага ўтрыманьня тых вязьняў, якія валодалі замежнымі пашпартамі і якіх можна было абмяняць на палонных немцаў, што знаходзіліся ў лягерах саюзьнікаў. Статус канцэнтрацыйнага лягер атрымаў 2 сьнежня 1944 году.

Канцлягер Бэрген-Бэльзен адыграў важную ролю ў «маршах сьмерці» — эвакуацыі вязьняў з розных канцлягераў падчас наступу войскаў кааліцыі. У 1945 годзе, калі ўжо стаў відавочным канец Другой сусьветнай вайны, у Бэрген-Бэльзен былі пераведзены вязьні зь іншых лягераў, хоць Бэрген-Бэльзен ня быў падрыхтаваны для прыёму такой колькасьці зьняволеных.

У лягеры не было газавых камер. Але за 1943—1945 гг. тут памерлі каля 50 тысячаў зьняволеных, звыш 35 тысячаў зь іх — ад тыфу за некалькі месяцаў да вызваленьня лягера.

Лягер быў вызвалены 15 красавіка 1945 63-м палком супрацьтанкавай артылерыі брытанскай 11-й бранятанкавай дывізіі. Нягледзячы на ​​вялікія намаганьні, каб выратаваць тых, хто выжыў, да канца красавіка памерлі 9000 вязьняў, а да канца чэрвеня яшчэ звыш 4000 чалавек.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]