Бясстрашныя забойцы вупыроў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бясстрашныя забойцы вупыроў
The fearless vampire killers
Жанр камэдыя жахаў[d], фільм жахаў[d][1][2][3], фільм пра вампіраў[d] і гомасэксуалізм у кіно[d]
Рэжысэр Раман Палянскі
Сцэнарыст Жэрар Браш
Прадусар Джэн Гутоўскі
У ролях Джэк Макгоўрэн
Раман Палянскі
Шэран Тэйт
Кампазытар Крыштоф Камэда
Апэратар Дуглас Слокамб
Мантаж Alastair McIntyre[d]
Вытворчасьць Сьцяг ЗША Мэтра Голдуін Мэер
Распаўсюд InterCom[d]
Дата выхаду 1967
Працягласьць 107 хвілінаў
Краіна Сьцяг ЗША ЗША
Мова ангельская
Старонка на IMDb

«Бясстрашныя забойцы вупыроў» (па-ангельску: The fearless vampire killers) — амэрыканская кінастужка 1967 году ў жанры камэдыйнага трымценьніка паводле аповесьці аб падарожжы прафэсара Каралевецкага ўнівэрсітэту Абронсіюса дый яго вучня Альфрэда ў Сяміградзьдзе (Румынія) ў пошуку вупыроў.

Дзея[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марозным зімнім вечарам прафэсар Абронсіюс, які прысьвяціў шмат год пошуку вупыроў у Сярэдняй Эўропе, ды яго адзіны вучань Альфрэд прыязджаюць у сяміградзкую засьнежаную вёску лесарубаў. Пасьля адагрэву ад абмаражэньня ў мясцовай карчме Ёйны Шагала прафэсар Абронсіюс заўважае часнык, разьвешаны на столі. Ён пытаецца ў гаспадара аб найбліжэйшым замку ў ваколіцах, аднак той разам са сваімі сталымі наведнікамі ўтойвае яго наяўнасьць. За 4 талеры Абронсіюс ды Альфрэд здымаюць нумар з ванным пакоем, у якім яны пры аглядзе разам з спадаром Шагалам выпадкова знаходзяць рудавалосую дачку гаспадара Сару. Сп. Шагал абяцае вызваліць ванны пакой на наступны дзень ды б’е дачку за прыём ванны.

Уначы Шагал прыходзіць у пакой сваёй маладой бялявае служанкі Магды. Яго адсутнасьць у ложку заўважае жонка Рэбэка. У пошуку мужа яна завітвае ў той самы пакой, аднак не знаходзіць там Шагала, бо той схаваўся за дзьвярыма. Не разгледзеўшы цікаўнага Абронсіюса на вузкай лесьвіцы гарышча, дзе знаходзіўся пакой служанкі, Рэбэка аглушае яго палкаю кілбасы.

Раніцай наступнага дня Шагал забівае дошкамі праход з ваннага пакою ў пакой Сары.

Удзень па 26 сьвечаў да карчмара прыязджае гарбун Куколь. Служанка хаваецца пад сталом, што дзівіць Альфрэда й Абронсіюса. Тым часам, Альфрэд заляцаецца да яе, аднак служанка яго асаджае назад. Рыхтуючыся да ад’езду ў двары карчмы, гарбун заўважае ў вакне Сару. Альфрэд садзіцца на хвост гарбуну на заданьне Бронсіюса, аднак падчас паездкі зрываецца з лыжаў яго саней. Усё ж Альфрэд пасьпявае заўважыць, як гарбун загрыз сустрэтага ў дарозе ваўка.

Увечары, па вяртаньні ў карчму, Альфрэд сустракае дачку карчмара. Сара распавядае яму аб тым, што тата разьвесіў часнык у яе пакоі пасьля сканчэньня школы ды трымае яе пад замком. Затым Альфрэд задавольвае яе просьбу скарыстаць ванну. Падчас прыёму ванны на Сару нападае вупыр (князь Кролак). Альфрэд заўважае яго праз замочную скважыну ды будзіць Абронсіюса. Той кідаецца да дзьвярэй ваннага пакою, аднак не пасьпявае там нікога застаць. Праз імгненьне ў пакой забягае Шагал. Ён караскаецца ў вакно ваннага пакоя, што вядзе на дах, ды наўзрыд зьвяртаецца ўсьлед «Эксыленцыі» з просьбаю вярнуць дачку. Пасьля падзеньня Шагала ў ванну ў пакой зь лямантам прыбягае Рэбэка.

Уначы карчмар наядаецца часныку ды пешшу выпраўляецца ў падарожжа.

Раніцою тры лесарубы прывозяць яго абмарожанае цела са сьлядамі ўкусаў на левай руцэ, правай назе ды жываце. Рэбэка ўсчае плач. Лесарубы кажуць пра напад ваўка. Абронсіюс вінаваціць іх у боязі прызнацца ў веданьні сапраўднай прычыны сьмерці Шагала. Пасьля гнеўнай адмовы Рэбэкі забіць асінавы кол у сэрца мужа Абронсіюс ды Альфрэд спрабуюць таемна ажыцьцявіць гэта самі, аднак не пасьпяваюць. Шагал уцякае. Пры гэтым ён пасьпявае ўкусіць служанку. Аднак пагоня за Шагалам на лыжах прыводзіць Абронсіюса ды Альфрэда да замка.

Пракраўшыся ў замак, Абронсіюс ды Альфрэд трапляюць у пакой, дзе іх запірае гарбун. Празь некаторы час ён жа іх адпірае ды вядзе да гаспадара замка — князя Кролака. Даведаўшыся, што перад ім прафэсар Каралевецкага ўнівэрсітэту Абронсіюс, той згадвае яго працу «Кажан» ды знаёміць нечаканых гасьцей са сваёй бібліятэкаю. Пасьля гэтага князь Кролак пасяляе іх у зьвязаных між сабою пакоях ды знаёміць са сваім сынам Гэрбэртам. Затым гарбун Куколь суправаджае князя ды Гэрбэрта ў крыпце, адкуль выганяе Шагала.

Раніцай гарбун прыносіць сьняданак у ложак Альфрэду й Абронсіюсу. Затым яны пракрадаюцца ў крыпту, але Абронсіюс застрае ў байніцы, а Альфрэд адмаўляецца забіваць асінавы кол у сэрца вупырам. Па выхадзе з крыпты Альфрэд сустракае ў адным з пакояў Сару ў ваньне. Яна распавядае яму пра баль з удзелам князя, заплянаваны на поўнач. На яе просьбу Альфрэд адварочваецца. Сара апранае сукенку на баль ды незаўважна сыходзіць.

Альфрэд выцягвае Абронсіюса з байніцы ды цягне на сабе ў бібліятэку. Сам сыходзіць на голас Сары, але сустракае Гэрбэрта. Альфрэд заўважае, што ня бачыць яго адбітка ў люстэрку, ды пытае ў яго пра баль. Гэрбэрт пацьвярджае, што ў замку сапраўды мае адбыцца баль ды бярэ ў Альфрэда кнігу, якую той узяў у бібліятэцы. Ён зачытвае зь яе ўрывак і вяртае яе. Затым Гэрбэрт спрабуе ўкусіць Альфрэда, але той падстаўляе яму ў зубы кнігу ды спрабуе зьбегчы. Урэшце Альфрэд сустракае Абронсіюса, і ім разам удаецца схавацца.

З надыходам вечару, стоячы на адной зь вежаў замка, Абронсіюс ды Альфрэд заўважаюць, як з могілак выкараскваюцца вупыры. На вежы зьяўляецца князь Кролак. Ён ухваляе ператварэньне ў вупыра Шагала, які прывозіць сваю служанку ў замак. Альфрэд робіць замах нагою на князя Кролака, але той перахоплівае яго й зачыняе прафэсара ды яго вучня на вежы. На балі князь Кролак абвяшае паўсотні прысутных вупыроў пра чатырох людзей, якія трапілі да іх у пастку. Тым часам Абронсіюсу й Альфрэду ўдаецца выбіць зачыненыя дзьверы стрэлам з пушкі, што стаяла на вежы. Яны непрыкметна для астатніх аглушаюць двох вупыроў ды апранаюць іх вопратку. Тым часам Шагал зноў кусае служанку ды зацягвае яе цела з сабою ў адну з магілаў на могілках. Альфрэд і Абронсіюс набліжаюцца на балі да Сары, аднак выкрываюць сябе бачнасьцю ў люстэрцы ды кідаюцца разам зь ёю на ўцёкі з замка. Гарбун Куколь выпраўляецца ў пагоню на крышцы труны замест саней, але падае з крутога схілу гары. Тым часам Сара канчаткова ператвараецца ў вупыра ды кусае Альфрэда. Прафэсар Абронсіюс таго не заўважае ды працягвае кіраваць канём. Ён пакідае Сяміградзьдзе з вупырамі, якіх меўся вынішчыць. Тым самым Абронсіюс спрычыняецца да зьяўленьня вупыроў у астатнім сьвеце.

Ролі й іх выканаўцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]