Бітва пад Кобрынем (1812)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Кобрынем
Помнік перамогі расейцаў у Кобрыні
Дата: 27 ліпеня 1812
Месца: Кобрынь
Вынік: перамога расейскага войска
Супернікі
Расея РасеяФранцыя Францыя
Камандуючыя
Аляксандар ТармасаўГенрых Кленгель
Колькасьць
16—18 тысячаў,
130 гарматаў
5 тысячаў,
8 гарматаў
Страты
77 забітыя,
181 параненыя
2000 забітыя,
2300 палонныя

Бі́тва пад Ко́брынем — бітва, якая адбылася 27 ліпеня [ст. ст. 15 ліпеня] 1812 году падчас француска-расейскай вайны 1812 году паміж расейскімі войскамі і саксонскай брыгадай і скончылася поўным разгромам апошняй. Лічыцца першай буйной перамогай расейцаў у вайне.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 чэрвеня 1812 року Напалеон уварваўся ў Расейскую імпэрыю на шырокім фронце ад Берасьця да Балтыкі. На поўдні раку Буг перайшоў 33-тысячны аўстрыйскі корпус Шварцэнбэрга, які рушыў з войскамі ў Літву паводле саюзнае дамовы Аўстрыйскай імпэрыі з Напалеонам. Аўстрыя была прымушаная браць удзел у Расейскай кампаніі 1812 року як францускі васал, аднак негалосна наказала свайму вайскаводу ня шчырыць і не аддаляцца далёка ад граніцаў.

Шварцэнбэргу супрацьстаяла 3-я абсэрвацыйная армія генэрала-ад-кавалерыі Тармасава, колькасьць якой значна вар’юецца ў розных дакумэнтах. Паводле штатнага складу гісторыкі налічваюць у ёй да 45 тысячаў, Карл Кляўзэвіц вызначае яе колькасьць у 35 тысячаў, а князь Вяземскі (камандзір 15-й дывізіі ў складзе 3-й арміі) ва ўласных нататках згадвае пра 25 тысячаў баяздольных, 160 гарматаў, а таксама гарнізоны Беларусі і паўночна-заходняе Ўкраіны, якія таксама, магчыма, адносіліся да 3-й арміі.

З пачаткам вайны аўстрыйцы прыкрылі ад 3-й арміі расейцаў правы флянг Напалеона, расставіўшы ўздоўж граніцы Беларусі з Украінай гарнізоны па лініі БерасьцеКобрыньПінск працягласьцю ў 170 км.

Сьпярша справа абмяжоўвалася манэўрамі, расейцы і аўстрыйцы назіралі адзін за адным, не ўступаючы ў баі. 17 ліпеня Тармасаў атрымаў загад ад ваеннага міністра Барклая-дэ-Тольлі дзейнічаць на правы флянг францускай арміі.

Загад удала супаў зь перастаноўкай войскаў у стане суперніка. Напалеон адклікаў аўстрыйцаў на галоўны кірунак, замест іх адаслаўшы 7-ы саксонскі корпус Рэнье (17 тысячаў). Напалеон памылкова недаацаніў сілы 3-й арміі, разьлічваючы, што корпус Рэнье здолее стрымаць расейцаў да падыходу Дунайскай арміі Чычагова з Малдавіі. Першапачатковы плян Напалеона падразумяваў маланкавую кампанію — разьбіць у генэральнай бітве Заходнія арміі расейцаў і прымусіць цара прасіць міру.

Тармасаў атакаваў у той момант, калі аўстрыйцы адвялі свае войскі, а саксонцы яшчэ не занялі цалкам абарончую лінію. Сьпярша паводле пляну павінна было быць узятае Берасьце, а пасьля Кобрынь.

Плян наступу Тармасава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тармасаў вылучыў 5 кавалерыйскіх палкоў (у асноўным драгунскіх) для аховы граніц Расеі з боку саюзнага Напалеону Варшаўскага герцагства. Пасьля сьцягнуў наяўныя сілы да Ковелю, падзяліўшы войска на 5 частак:

  • Аддзел генэрал-лейтэнанта Сакена прыкрываў тыл, застаючыся ў Луцку.
  • Асноўныя сілы (3 кав. і 11 пях. палкоў) пад даводзтвам самога Тармасава рушылі да Кобрыні паўднёвай дарогай.
  • Аддзел генэрал-маёра Лямбэрта ў складзе 2 егерскіх і 2 кав. палкоў высланы да Берасьця.
  • Аддзел генэрал-маёра Шчарбатава ў складзе 2 кав. палкоў высланы да Берасьця зь іншага кірунку. Пасьля заняцьця Берасьця Лямбэрт і Шчарбатаў мелі атакаваць Кобрынь з захаду.
  • Аддзел генэрал-маёра Мялісьсіна (1 кав. полк і батальён пяхоты) адасланы да Пінску дэманстраваць актыўнасьць з мэтаю ўвесьці ў аблуду Рэнье.

Генэрал Шчарбатаў 24 ліпеня заняў Берасьце, выбіўшы зь места 2 варожыя швадроны. Адначасна генэрал Мялісьсіна 25 ліпеня выбіў аддзел саксонцаў зь Пінску за 170 км ад Берасьця. Рэнье з асноўнымі сіламі мешкаў ля Янава, прыблізна пасярэдзіне між Кобрынем і Пінскам, у стане некаторай разгубленасьці, ня ў моцы вызначыць напрамак галоўнага ўдару расейцаў і іхнія сілы.

27 ліпеня расейцы (да 18 тысячаў жаўнераў, 130 гармат) падышлі да Кобрыні: Тармасаў з поўдня, а аддзелы Лямбэрта і Шчарбатава з захаду.

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэмарыяльная дошка на помніку перамогі расейскага войска ў Кобрыні

Кобрынь быў заняты 5-тысячнай саксонскай брыгадай пад даводзтвам генэрал-маёра Кленгеля з 22-й пяхотнай дывізіі корпусу Рэнье. Саксонцы чакалі расейцаў з боку Берасьця і занялі пазыцыю за 2 км ад места сіламі кавалерыі на дарозе і стральцамі ўздоўж яек. З поўдня саксонцы заселі ў будынках сядзібы на ўскраіне, перагараджаючы ўваход авангарду Тармасава.

Лямбэрт на захадзе зранку атакаваў суперніка сіламі іррэгулярнай коньніцы, намагаючыся выманіць саксонцаў у адкрытае поле. Тармасаў загадаў генэралу Чапліцу з авангардам абысьці Кобрынь з усходу, пакінуўшы крыху коньніцы для блякаваньня жаўнераў Кленгеля, што заселі ў будынках на паўднёвай ускраіне. Лямбэрт здолеў зьбіць заслону саксонцаў з дарогі, аднак яны замацаваліся ў гарадзкіх будынках, загараджаючы шлях у места з захаду. Калі Чапліц уварваўся з 13-м егерскім палком у Кобрынь з усходу, Лямбэрт паслаў два палкі іррэгулярнай коньніцы на паўночную дарогу на Пружаны, каб адрэзаць саксонцам шляхі адыходу. Такім чынам брыгада Кленгеля апынулася ў поўнай аблозе. Саксонцы спрабавалі зьбіць заслону расейцаў з дарогі на Пружану, але былі адкінутыя назад у Кобрынь.

Тым часам а 9-й раніцы да Кобрыня падцягнуліся галоўныя сілы расейцаў. Тармасаў паслаў у Кобрынь яшчэ 2 пяхотныя палкі, астатнія палкі атачылі мястэчка шчыльным кальцом. У мястэчку з драўляных пабудоваў саксонцы ня мелі дзе замацавацца. Расейская артылерыя лёгка расстрэльвала любую пазыцыю, места гарэла. З 630 будынкаў пасьля бою ацалелі толькі 79.

Да поўдня бітва скончылася, ацалелыя саксонцы на чале з генэралам Кленгелем былі загнаныя ў напаўразбураны Кобрынскі замак (частка дарунку Кацярыны II графу Аляксандру Сувораву) і здаліся ў палон.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле данясеньня Тармасава загінулі да 2 тысячаў саксонцаў, паланёны генэрал Кленгель і 2300 жаўнераў і афіцэраў, захопленыя 8 гарматаў. Расейцы налічылі 77 чалавек забітых і 181 параненых. Цар шчодра аддзячыў за першую буйную перамогу ў Айчыннай вайне. Генэрал Тармасаў атрымаў ордэн Сьвятога Георгія 2-й ступені і 50 тысячаў рублёў, генэралы Шчарбатаў і Бярдзяеўордэны сьвятой Ганны 1-й ступені, генэрал-маёр Лямбэртзалатую шаблю з надпісам «За сьмеласьць», аздобленую дыямантамі і званьне генэрал-лейтэнанта. Агулам ордэны або падвышэньне ў чыне атрымалі 8 генэралаў і 135 афіцэраў, адзначаныя 205 унтэр-афіцэраў і ніжніх чыноў[1].

У дзень зьнішчэньня саксонскай брыгады ў Кобрыні на асноўным кірунку 1-я расейская армія адступіла перад Напалеонам да Смаленску пасьля цяжкіх ар’ергардных бітваў пад Віцебскам.

Рэнье не дайшоў 25 км да Кобрыня. Даведаўшыся пра разгром сваёй брыгады, ён пачаў адыходзіць на поўнач да Слоніму, перасьледваны аддзеламі Тармасава. Шварцэнбэрг са згоды Напалеона павярнуў на дапамогу 7-му корпусу Рэнье. Такім чынам армія Тармасава адцягнула на сябе магутны корпус Шварцэнбэрга, аслабіўшы францускія войскі на маскоўскім кірунку.

12 жніўня аб’яднанымі сіламі Шварцэнбэрг і Рэнье атакавалі пад Гарадзечнай сілы Тармасава, якія налічвалі 16 тысячаў жаўнераў. Расейцы страцілі да 1200 жаўнераў і да верасьня адышлі да Луцку, замацаваўшыся на ўсходнім беразе ракі Стыр.

З падыходам у сярэдзіне верасьня 1812 ujle Дунайскай арміі Чычагова Тармасаў займеў перавагу над Шварцэнбэргам і 23 верасьня перайшоў у наступ.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сергій Яровенко. 2.2. Бій за Кобрин 15 липня 1812 року // Волинь у 1812 році.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пад Кобрынем (1812)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў