Бітва пад Пружанамі (1812)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Пружанамі
Дата: 10 жніўня 1812
Месца: Пружана, Гарадзенская губэрня
Вынік: перамога хаўрусьнікаў францускага войска
Супернікі
Сьцяг Францыі Францыя
Габсбурская манархія
Саксонія
Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Карл Філіп цу Шварцэнбэрг
Жан-Люі-Эбэнэзэр Рэнье
Карл Восіпавіч Лямбэрт
Колькасьць
26 400 чалавек
54 гарматы
5100 чалавек
18 гармат

Бі́тва пад Пружа́намі — бітва француска-расейскае вайны 1812 году, якая адбылася 10 жніўня [ст. ст. 29 ліпеня] 1812 ля Пружанаў Гарадзенскай губэрні (цяпер у Берасьцейскай вобласьці) паміж авангардам 3-й Абсэрвацыйнай арміі пад даводзтвам генэрал-маёра Карла Лямбэрта з аднаго боку, і аб’яднанымі сіламі 7-га саксонскага корпусу «Вялікай арміі» і Аўстрыйскага дапаможнага корпусу пад даводзтвам генэрала ад кавалерыі Карла Шварцэнбэрга, з другога. Расейцы пакінулі Пружаны, аднак здолелі прарвацца на злучэньне з асноўнымі сіламі 3-й Заходняй арміі.

Папярэднія падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Бітва пад Кобрынем (1812)

Пасьля Кобрынскае бітвы расейская 3-я Абсэрвацыйная армія кантралявала тэрыторыю ад Берасьця да Пінску, на поўначы стаялі авангард генэрал-маёра Карла дэ Лямбэрта і аддзел генэрал-маёра Яфіма Чапліца.

3 жніўня [ст. ст. 22 ліпеня] аб’яднаныя Аўстрыйскі дапаможны і 7-ы саксонскі карпусы выступілі са Слоніма ў бок Пружаны. 6 жніўня былі занятыя Зэльва і Ружаны, а аддзел Чапліца адышоў да Антопалю, дзе былі сканцэнтраваныя асноўныя сілы 3-й Абсэрвацыйнай арміі[1].

Адцясьніўшы расейскія аванпосты корпусу Лямбэрта, аўстрыйцы занялі мястэчка Сялец, а саксонцы выйшлі да вёскі Вялікае Сяло за 12 км ад Пружаны. 8 жніўня саксонскі корпус Рэнье разьбіў расейскі авангард паміж Сухопалем і Папялёвам, пасьля чаго Лямбэрт вымушаны быў адступіць да Пружаны, аднак Рэнье дагнаў яго й 9 жніўня атакаваў ізноў. У той самы час Шварцэнбэрг ахопліваў расейскі авангард «праз Мальцы і Лінёва»[2]. Над расейскім войскам навісла рэальная пагроза акружэньня і зьнішчэньня пераўзыходнымі сіламі ворага.

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аддзел генэрал-маёра Карла Лямбэрта меў у сваім складзе 4 батальёны пяхоты, 15 кавалярыйскіх швадронаў, 10 сотняў іррэгулярнае кавалерыі і 18 гарматаў, агулам каля 5100 чалавек[1].

Карл Шварцэнбэрг і Жан Рэнье мелі 24 батальёны пяхоты, 50 швадронаў кавалерыі і 54 гарматы, агулам прыблізна 26 400 чалавек[1].

Месца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва адбывалася на ўчастку мясцовасьці ад Пружаны да Гарадзечны і ад Шарашова да Лінова, у простакутніку прыблізна 18×25 км[1].

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фактычна ля Пружаны адбылося некалькі асобных сутычак з удзелам пяхоты, кавалерыі і артылерыі.

9 жніўня [ст. ст. 28 ліпеня] генэрал-маёр Лямбэрт з трыма швадронамі кавалерыі і двума гарматамі накіраваўся ў бок Вялікага Сяла на рэкагнасцыроўку, аднак ля вёскі Арабнікі быў сустрэты 4 швадронамі саксонскіх гусараў. Пасьля гэтага Лямбэрт умацаваў свой усходні флянг ля Лінова і выслаў да Шарашова кавалерыйскі атрад (3 швадроны гусараў) палкоўніка Рамана Багратыёна (малодшага брата галоўнакамандуючага 2-й Заходняй арміі)[3].

А 6-й ранку 10 жніўня [ст. ст. 29 ліпеня] саксонцы атакавалі пазыцыі расейцаў пад Пружанай. Бітва цягнулася болей за тры гадзіны, вялікія страты ў ёй панесьлі саксонскія ўланы. Каля 10-й гадзіны з боку Сяльцу двума калёнамі падышлі часткі аўстрыйскае пяхотнае дывізіі фэльдмаршал-лейтэнанта Фрэдэрыка Б’янкі(de), узмоцненыя дывізіёнам 2-га шаўляжэрскага(fr) палку Гагенцолерна[3]. Адбіўшы некалькі атакаў аўстрыйцаў, пад агнём артылерыі ўланы вымушаныя былі адступіць.

Асьцерагаючыся ад акружэньня, Лямбэрт пачаў адыходзіць да Кобрыню. Каля гадзіны дня казацкі полк, які адыходзіў апошнім, усё ж быў акружаны саксонскай кавалерыяй, аднак з дапамогай аддзелаў Рамана Багратыёна і Валерыяна Мадатава адбіты[4]. Больш саксонцы актыўных дзеяньняў не прадпрымалі.

Яшчэ двойчы — пад Клятным і Козім Бродам — выбівалі расейцаў з пазыцыяў аўстрыйцы. Ля Козяга Броду адыход расейцаў затрымала вузкая гаць, і іхнія пазыцыі былі атакаваныя пяхотай фэльдмаршал-лейтэнанта Леапольда Траўтэнбэрга(de). Пасьля падмацаваньня 6-м Блянкенштайна і 8-м Кінмаера гусарскімі палкамі аўстрыйцы выбілі расейцаў з абарончае пазыцыі ў карчме і захапілі гармату. Іхні наступ, аднак, быў стрыманы артылерыйскім агнём коннае паўроты падпалкоўніка Апушкіна і 12-й коннай артылерыйскай роты[5].

Пасьля гэтага аўстрыйцы перапынілі франтальныя атакі і пачалі гарматны абстрэл гаці і пазыцыяў расейскага корпусу. Напрыканцы дня харвацкі батальён сьв. Георга знайшоў праход праз балота, куды накіраваліся маёр Франквін з трыма ротамі 58-га пяхотнага палку і палкоўнік Бакані з батальёнам 39-га пяхотнага палку. Гэтая апошняя атака аўстрыйцаў была адбітая сіламі пяхоты і артылерыі, пасьля чаго расейцы ў цемры разабралі мост ля карчмы і адышлі ў бок Гарадзечны, куды ўжо падасьпелі галоўныя сілы генэрала ад кавалерыі Аляксандра Тармасава[6].

Бой цягнуўся зь невялікімі перапынкамі 14 гадзінаў. Страты супернікаў невядомыя, меркавана кожны з бакоў страціў некалькі сотняў чалавек[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Лякин В. А. Схватка у Пружан // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 12. — ISBN 978—985-6856-57-3
  2. ^ Ірына Сядова. (23 студзеня 2010) Вуліцы майго дзяцінства Культура. Раённыя будніПраверана 25 чэрвеня 2012 г.
  3. ^ а б Лякин В. А. Схватка у Пружан // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 13. — ISBN 978—985-6856-57-3
  4. ^ Лякин В. А. Схватка у Пружан // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 14. — ISBN 978—985-6856-57-3
  5. ^ Лякин В. А. Схватка у Пружан // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 15. — ISBN 978—985-6856-57-3
  6. ^ а б Лякин В. А. Схватка у Пружан // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 16. — ISBN 978—985-6856-57-3

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лякин В. А. Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — ISBN 978-985-6856-57-3