Бітва пад Рацлавіцамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Рацлавіцамі
«Бітва пад Рацлавіцамі». Карціна Яна Матэйкі
Дата: 4 красавіка 1794
Месца: в. Рацлавіцы пад Кракавам
Вынік: Перамога паўстанцаў
Супернікі
Сьцяг Рэчы Паспалітай Рэч ПаспалітаяСьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Тадэвуш КасьцюшкаАляксандар Тармасаў
Колькасьць
2440 жаўнераў, 2000 сялянаў, 11 гарматаў5000 жаўнераў, 30 гарматаў
Страты
500 чалавек500 чалавек

Бітва пад Рацлавіцамі, Рацлавіцкая бітва — бітва каля в. Рацлавіцы пад Кракавам у часе паўстаньня 1794 году, што адбылася 4 красавіка 1794 году між польскімі паўстанскімі сіламі (Тадэвуш Касьцюшка; 4,4 тысячы чалавек, зь іх 2,4 тыс. рэгулярнай пяхоты і кавалерыі і 2 тыс. узброеных сялянаў-касінераў, 11 або 12 гарматаў), і расейскай вайсковай калёнай (Аляксандар Тармасаў; 5 тысячаў чалавек, 30 гарматаў). Бітва скончылася перамогай паўстанцкага войска.

Перад бітвай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сама бітва была ў пэўным сэнсе выпадковай і непажаданай для польскага боку. 1-я Вялікапольская кавалерыйская брыгада (кам. Мадаліньскі), чый выхад на Кракаў з базы пад Астраленкай фактычна паскорыў абвяшчэньне самога паўстаньня, прыцягнула за сабою да Кракава некалькі калёнаў расейскіх войскаў. Тымчасам галоўнакамандуючы Касьцюшка сабраў польскія рэгіянальныя часткі з-пад Кракава (у т. л. брыгаду Мадалінскага), дадаючы да іх атрады мабілізаваных падкракаўскіх сялянаў, і выйшаў з гэтым войскам з ваколіцы Кракава, спрабуючы адкрыць дарогу на Варшаву.

Каля в. Рацлавіцы адна з расейскіх калёнаў пад камандаваньнем генэрала Тармасава загарадзіла шлях польскаму войску, і, ведаючы пра блізкасьць яшчэ адной расейскай калёны (генэрала Дзянісава), якая дала б колькасную перавагу расейскім войскам, Касьцюшка быў вымушаны прыняць бітву[1].

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бітва пачалася безвыніковым змаганьнем рэгулярных войскаў абодвух бакоў. Далей Тармасаў аслабіў свой цэнтар, дзе стаяла і яго артылерыя, спрабуючы арганізаваць ахоп левага польскага флянгу. Гэта выкарыстаў Касьцюшка, які, карыстаючыся мясцовасьцю (яр, які вёў да расейскай пазыцыі), употай падвёў атрад з 320 касінераў да расейскай батарэі і асабіста павёў атрад у атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны посьпех, коштам 13 забітых касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. Пазьней яшчэ адна атака касінераў зламала супраціў расейскіх войскаў на левым крыле і вымусіла расейскія войскі да агульнага адступленьня. Калёна генэрала Дзянісава пасьпела зьявіцца толькі на паратунак разьбітым сілам генэрала Тармасава.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перамога пад Рацлавіцамі была ўсяго тактычным посьпехам, аднак падняла маральны дух паўстаньня, да яго далучыліся новыя рэгіёны: большасьць польскіх земляў, Вялікае Княства Літоўскае і Курляндыя. Перамога таксама стала сыгналам да Варшаўскага паўстаньня, якое змусіла расейскія войскі пакінуць сталіцу Польшчы 17 красавіка. У гонар атрыманай перамогі Касьцюшка надаў некаторым асабліва адзначыўшымся сялянам-дабраахвотнікам званьне харунжых, а ў гонар іхняе адвагі на парадзе прайшоў перад войскамі ў нацыянальным малапольскім строі: сукмане — даматканым сялянскім кафтане. Адным з крэпасных сялянаў, якія вызначыўся падчас атакі на гарматы[2], быў селянін Войцех Барташ, які пасьля стаўся нацыянальным героем Польшчы.

«Канфэдэратка», якую насілі войскі паўстаньня, і дзьве скрыжаваныя касы сталі ў часе Другой сусьветнай вайны эмблемай польскай 303-й зьнішчальнай эскадрыльлі.

Сцэны бітвы паказаныя на панараме «Рацлавіцкая бітва» ва Ўроцлаве.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У гэты час атрады сялян-касінераў былі сілай невядомай баявой вартасьці.
  2. ^ Першы дабег да гарматаў і загасіў капелюшом запал, за што атрымаў пасьля бітвы шляхецтва з прозьвішчам Главацкі і чын падхарунжага ў палку Кракаўскіх грэнадзёраў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]