Вайна за Кастыльскую Спадчыну

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вайна за Кастыльскую спадчыну (альбо Другая вайна за Кастыльскую спадчыну) адбылася ў 14751479 гг. паміж прэтэндэнтамі на кастыльскую карону па сьмерці Генрыха IV: Хуанай, празванай гішпанцамі Бэльтранэхай і падтрыманай каралямі Партугаліі, Альфонса ды Францыі, Людовікам XI з аднаго боку і Ізабэлай, падтрыманай яе мужам Фэрдынандам і часткай кастыльскага шляхецтва.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Генрых ІV ажаніўся на Жаане Партугальскай, дачцэ Альфонса V у 1455 годзе. Да гэтага моманту неаднаразова караля падазравалі ў гомасэксуальнасьці альбо ў тым, што ён быў імпатэнтам. Так ці іначай, але ўласных дзяцей, якія б былі яго прамымі спадкаемцамі, у караля не было. Неўзабаве Жаана займела каханка ў асобе Бэльтрана дэ Куэва. Калі ў 1462 годзе нарадзілася Хуана, яе паходжаньне адразу было пастаўлена пад сумнеў, і яна атрымала мянушку «Ля Бэльтранэха» (па-гішпанску: «La Beltraneja»). Генрых абвясьціў свайго зводнага брата Альфонса сваім спадкаемцам у 1464 годзе, але Альфонса памёр у 1468-м. Тады Генрых назваў сваім спадкаемцам Ізабэлу, Альфонсаву сястру і сваю зводную сястру. Паводле Дамовы ў Лёс Торас дэ Гісанда, заключанай паміж каралём і прынцэсай, яна магла выйсьці замуж толькі з каралеўскага дазволу.

У 1469 годзе, нягледзячы на дамову, Ізабэла пабралася шлюбам са спадкаемцам Арагонскае кароны, Фэрдынандам. У адказ на зламаньне ўмоваў пагадненьня Генрых абвясьціў Хуану наступнай каралевай. У час гэтых падзеяў бацька Фэрдынанда, Ян II, толькі скончыў вайну супраць бунтаўнічых каталянцаў і пачаў барацьбу з каралём Францыі, які, у сваю чаргу, стаў хаўрусьнікам супернікаў сына і нявесткі Яна ІІ.

Прэтэндэнты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хуана
Ізабэла

Адразу па сьмерці Генрыха IV у 1474 годзе Ізабэла абвясьціла сябе каралевай Кастыліі. Фэрдынанд, яе муж, абвясьціў сябе каралём як апошні прадстаўнік дынастыі Трастамара па мыжчынскае лініі. Паводле ўмоваў Сэгавійскага пагадненьня 1475 году Фэрдынанд і Ізабэла абвясьцілі, што будуць караляваць супольна. Напачатку 1475 году, Хуана, карыстаючыся падтрымкай сваіх прыхільнікаў, таксама абвясьціла сябе каралевай. У гэты ж час яна выйшла замуж за свайго дзядзьку, караля Партугаліі, які дамагаўся вуніі паміж яго каронай ды Кастыліяй. Неўзабаве, аднак, гэты шлюб быў ануляваны Папам Рымскім з-за блізкага радзтва яго ўдзельнікаў.

Хуану падтрымала вялікароднае шляхецтва, якое прагнула слабое і нядзейснае манархіі, якая б была пад іх кантролем. Таксама Хуана мела падтрымку свайго мужа і караля Францыі, ворага караля Арагону. Малое шляхецтва і гарады падтрымалі Ізабэлу, якая абяцала стаць моцнай гаспадарыняй. Яна таксама мела падтрымку свайго мужа і сьвёкра, а таксама Бургундыі, даўнішняга ворага каралёў Францыі. Такім чынам Ізабэла мела на сваім баку магутны хаўрус малога шляхецтва ды гараджанаў.

Вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку вайны ў руках Ізабэлы апынулася цэнтральная раўніна, якая ўключала ў сябе Таледа, Сьюдад Рэаль ды Бадахас, якія яна ўмацавала супраць магчымага партугальскага нападу. Цэнтар улады Хуаны быў у даліне ракі Дуэра ля гораду Тора, які сьцеражэ шляхі да Кастыліі. Аднак войскі Ізабэлы хутка пазбавілі Хуану кантроля над гэтымі шляхамі.

Ізабэла заключыла пакт супраць французаў з каралевай Навары Элеанорай. У 1476 годзе Людовік Францускі ўзяў у аблогу Фуэнтэрабія, жыцьцёва важны пункт на шляху францускіх жаўнераў да Гіпускоа, але пацярпеў паразу і мусіў адступіць. Альфонса Партугальскі напаў на Кастылію пад штандартамі сваёй жонкі, але вайна склалася для яго беспасьпяхова, і ён таксама вымушаны быў адступіць пасьля паразы ў бітве пры Тора ў 1476 годзе.

Фэрдынанд і Ізабэла стварылі Санта Эрмандад (Santa Hermandad), у літаральным перакладзе Сьвятое Брацтва, пад кіраўніцтвам біскупа Картахены, каб патруляваць гарады і камуны, якія поўнасьцю іх падтрымлівалі. Ва Ўклесе, у тым жа самым годзе, памёр Радрыга Манрыке, Вялікі Майстар Закону Сант’яга. Ізабэла пасьпешліва прыехала на месца пахаваньня, каб яе муж быў абвешчаны наступным Вялікім Майстрам, што і сталася, такім чынам павялічыўшы вайсковую моц будучых Каталіцкіх Манархаў.

У 1478 годзе Ізабэла ўстанавіла Гішпанскую інквізыцыю ў Кастыліі, каб умацаваць сваю ўладу. Таксама яна паслала свае войскі на Канарскі архіпэляг для ўсталяваньня кантролю над ім. Нягледзячы на тое, што ад пачатку вайны посьпех заўжды быў на яе баку, яе канчатковая перамога была замацаваная ў бітве пры Альбурэа. У 1479 годзе Фэрдынанд стаў каралём Арагону такім чынам зьвяршыўшы вунію двух найвялікшых каралеўстваў Гішпаніі.

Дамовай у Алькасовас паміж дзьвюма жанчынамі вайна была скончана ў тым жа годзе.