Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вайна 1654—1667 гадоў»)
Вайна Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
Дата: чэрвень 1654 — студзень 1667
Месца: Рэч Паспалітая
Прычына: Падтрымка Маскоўскай дзяржавай паўстаньня Хмяльніцкага, імкненьне да анэксіі ўсходу Рэчы Паспалітай і атрыманьня выхаду да марскіх шляхоў
Вынік: Перамога Маскоўскай дзяржавы, Андрусаўскае замірэньне
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Масква атрымала Левабярэжную Ўкраіну з Кіевам і Смаленскае ваяводзтва
Супернікі
Камандуючыя

Вайна́ Маско́ўскай дзяржа́вы з Рэ́ччу Паспалі́тай 1654—1667 гадо́ў, Трынаццацігадо́вая вайна́, (Крыва́вы) Пато́п — узброены канфлікт Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654—1667 гадох, у выніку якога Масква атрымала Левабярэжную Ўкраіну з Кіевам, а таксама тэрыторыю Смаленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш стратная і разбуральная вайна на тэрыторыі Беларусі за ўсю яе гісторыю[1], у час якой распачаўся шырокі партызанскі рух супраць маскоўскіх захопнікаў — першы ў беларускай гісторыі масавы добраахвотны рух супраціву[1][2].

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імкненьне валадароў Маскоўскай дзяржавы супрацьстаяць аб’яднаньню ўсходнеславянскіх земляў вакол Вялікага Княства Літоўскага стала прычынай шматлікіх ваенных канфліктаў. Прытым Масква спрабавала знайсьці ідэалягічнае абгрунтаваньне ўласнай вайсковай экспансіі. Кіраўнікі Маскоўскай мітраполіі, якая фактычна ўтварылася пад уладай Залатой Арды ў выніку пераезду мітрапаліта з захопленага і разрабаванага Кіева ўва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю, тытуляваліся «мітрапалітамі кіеўскімі і ўсяе Русі» (хоць самавольны перанос біскупскай катэдры забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору[3]) і на падставе гэтага імкнуліся падпарадкаваць сабе Літоўскую (Кіеўскую) мітраполію, створаную на вольных ад ардынскага панаваньня землях. З прычыны супярэчнасьцяў з Канстантынопалем, які вызнаў незалежную ад Арды Літоўскую мітраполію, у 1448 годзе Маскоўская мітраполія ў аднабаковым парадку выйшла з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату (у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году колішняя мітраполія ўпершыню называецца «Царквой Маскоўскай»[4]), за што праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму. У адказ на гэта ў канцы XV ст. у Маскве зьявілася канцэпцыя «Трэцяга Рыму», згодна зь якой яна абвяшчалася адзінай сапраўднай спадкаемніцай Рыму і Канстантынопалю («Другога Рыму») і абаронцай чысьціні праваслаўя[5]. Да рэлігійнага чыньніку Масква таксама спрабавала далучыць дынастычны: на падставе прыналежнасьці да дынастыі Рурыкавічаў маскоўскія валадары абвяшчалі сябе спадкаемцамі кіеўскіх князёў.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што ў XVI ст. дзеля абгрунтаваньня правоў маскоўскіх князёў на землі сучасных Беларусі і Ўкраіны ў Маскоўскай дзяржаве стварылі міт пра «літоўскую» (жамойцкую, летувіскую) заваёву беларускіх земляў, які ўпершыню зьявіўся ў літаратурна-пабліцыстычным творы «Сказание о князьях владимирских»[6].

Лякальныя войны за памежныя ўдзельныя княствы ўпершыню перарасьлі ў глябальны канфлікт у 1558 годзе, калі маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран абвясьціў сваёй спадчынай усходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі зь местамі Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілёвам і інш. Распачатая ім Інфлянцкая вайна (1558—1583) стала адной з прычынаў эканамічнага і палітычнага заняпаду Вялікага Княства Літоўскага, улады якога дзеля захаваньня дзяржавы мусілі ў 1569 годзе скласьці Люблінскую унію з Каралеўствам Польскім.

У 1589 годзе па знаходжаньні ў схізьме на працягу 141 году Маскоўская царква атрымала ад Канстантынопалю вызнаньне і аўтакефалію. Адначасна яна фактычна пагадзілася з тым, што праваслаўныя прыходы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку сучаснай Беларусі) засталіся ў юрысдыкцыі Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Такім чынам Масква вызнала тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага кананічнай тэрыторыяй Канстантынопальскага патрыярхату і пазбавілася рэлігійна-канфэсійных правоў на гэтыя землі. У 1613 годзе па абраньні на маскоўскі сталец прадстаўніка дынастыі Раманавых, якая ня мела ніякіх роднасных зьвязкаў з валадарамі Кіева — Рурыкавічамі, маскоўскія князі страцілі дынастычныя правы на тэрыторыі, падуладныя кіеўскім князям. Такім чынам, усе наступныя памкненьні Маскоўскай дзяржавы захапіць землі Вялікага Княства Літоўскага ня мелі ніякіх юрыдычных падставаў, апроч г.зв. «права моцнага».

У пачатку XVII ст. агрэсіўная палітыка Маскоўскай дзяржавы прывяла да спусташэньня яе тэрыторыі войскамі Рэчы Паспалітай і канчатковага прызнаньня Смаленску, які пераходзіў з рук у рукі, за Вялікім Княства Літоўскім. Аднак Масква, нягледзячы на складаньне ў 1634 годзе Палянаўскага міру, не адмовілася ад плянаў захопу ўсходнеславянскіх тэрыторыяў. Нагодай да новай агрэсіі стала казацкае паўстаньне, якое выбухнула ў 1648 годзе пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Паўстанцы, што былі пераважна з казакоў і ўкраінскіх сялянаў, атрымалі некалькі перамог над войскам Каралеўства Польскага і склалі з Варшавай Збораўскую дамову, якая надала казакам аўтаномію. Неўзабаве, аднак, вайна аднавілася гэтым разам няўдала для казакоў, якія пацярпелі ў чэрвені 1651 году цяжкую паразу пад Берастэчкам. У 1653 годзе Хмяльніцкі зьвярнуўся да Масквы з просьбай прыняць украінскія тэрыторыі ў яе склад. У кастрычніку 1653 году Земскі сабор пастанавіў задаволіць просьбу Хмяльніцкага і абвясьціў вайну Рэчы Паспалітай. У студзені 1654 году ў Пераяславе адбылася Рада, якая аднадушна выказалася за ўваходжаньне Ўкраіны ў склад Маскоўскай дзяржавы. Хмяльніцкі перад маскоўскім пасольствам даў прысягу на вернасьць маскоўскаму гаспадару Аляксею Міхайлавічу.

Такім чынам, фармальнымі прычынамі ўварваньня дэкляраваліся заступніцтва за Ўкраіну і абарона праваслаўных, якія ня прынялі Берасьцейскай уніі. Аднак у сапраўднасьці маскоўскія ўлады кіраваліся чыста захопніцкімі інтарэсамі[1].

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка да вайны вялася ад пачатку гаспадараньня Аляксея Міхайлавіча, а з сакавіка 1653 году ёю заняліся асабліва актыўна. Дзеля наступу былі створаны тры арміі — паўночна-заходняя (у Вялікіх Луках), цэнтральная (знаходзілася ў Маскве) і паўднёва-заходняя (у Бранску), на дапамогу якой Багдан Хмяльніцкі выслаў 20 тыс. казакоў, на чале з Іванам Залатарэнкам. Агульная колькасьць маскоўскіх войскаў складала каля 80—100 тыс. чалавек.

Вялікае Княства Літоўскае ў адказ магло выставіць 10—12 тыс. войска на чале зь Янушам Радзівілам. Вальны сойм у Берасьці, скліканы каралём і вялікім князем Янам Казімерам 24 сакавіка 1653 году, ухваліў каштарыс на 15 тысячаў жаўнераў. Даведаўшыся ад злоўленых маскоўскіх шпіёнаў, што іхны гаспадар найперш хоча ўдарыць па Смаленску, сойм даслаў рэвізораў дзеля агляду смаленскіх умацаваньняў з тым, каб забясьпечыць гэтую фартыфікацыю зброяй, боезапасамі, правіянтам, падправіць муры і валы. Умацоўвалі таксама замкі ў Віцебску і Полацку, павялічвалі іх залогі. Усходнія паветы Вялікага Княства Літоўскага вызваляліся ад абавязку высылаць паспалітае рушаньне да галоўнага абозу, каб яны маглі самі абараняць сваю тэрыторыю. Шляхецкі соймік Полацкага ваяводзтва ў жніўні 1653 году вызначыў нормы мабілізацыі рушаньня: з трох службаў, паводле старых разьлікаў, трэба было выстаўляць аднаго чалавека з мушкетам ці ручніцай і сякерай, а таксама з запасам пораху, волава і харчу на 4 дні. Але ўсіх захадаў было мала, каб стрымаць шматлікія маскоўскія арміі.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беспасярэдняй падставай да пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісаньні тытулу Аляксея Міхайлавіча. Усе тры маскоўскія арміі мусілі былі ўдарыць адначасна. Галоўныя сілы пачалі рухацца з Масквы 15 траўня 1654 году. Ход вайны ад самага пачатку агрэсіі разгортваўся надта ўдала для заваёўнікаў. Добра ведаючы канфэсійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў, пэўная частка якіх бачыла ў маскоўскіх адзінаверцах «выратаваньне» на грунце веры. Маскоўскія граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую, мусілі пераконваць людзей у ляяльнасьці Масквы да іх, схіляць праваслаўных на бок усходніх захопнікаў.

29 ліпеня маскоўскія войскі захапілі Полацак. 25 чэрвеня яны ўзялі ў аблогу Смаленск і па моцным супраціве захапілі места 29 верасьня. 24 жніўня з прычыны здрады Канстанціна Паклонскага здаўся Магілёў, 29 жніўня захапілі Друю і Дзісну. 12 кастрычніка здалася Дуброўна, па чым з гораду выгналі ўсіх людзей, шляхту адправілі маскоўскаму гаспадару пад Смаленск, а сам горад спалілі. 22 лістапада маскоўскі ваявода Шарамецьеў з баямі ўзяў Віцебск, па чым зноў разаслаў усіх, хто чыніў супраціў, у розныя гарады Маскоўскай дзяржавы. Працягваў абараняцца толькі Стары Быхаў, моцная крэпасьць.

Кампанія 1654 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 чэрвеня Януш Радзівіл атрымаў ад караля і вялікага князя на Варшаўскім сойме булаву гетмана вялікага. Проста з сойму ён рушыў на тэрыторыю ваенных дзеяньняў і стаў зьбіраць пад Оршай абоз. У канцы чэрвеня гетман фармальна меў 11 261 чалавека. Але на справе зь іх было нямала хворых і параненых.

Януша Радзівіл намагаўся разьбіць маскоўскія аддзелы паасобку — на злучэньне з Чаркаскім сьпяшаўся ваявода Трубяцкой. 12 жніўня 1654 году адбылася бітва пад Шкловам. Пры вялізнай дыспрапорцыі сілаў (у Чаркаскага было ня менш за 20 тысячаў) гетман змог нанесьці непрыяцелю надзвычай цяжкія страты — ад 3 да 7 тысячаў, захапіць 610 палонных, тым часам ліцьвінаў загінула толькі каля 700 чалавек. Потым, каб пазьбегнуць новай сутычкі зь большымі сіламі супраціўніка, войскі Вялікага Княства Літоўскага пачалі адыход. На думку расейскіх гісторыкаў, перамогу атрымала Масква.

Войскі Трубяцкога і Чаркаскага злучыліся і пачалі перасьлед Януша Радзівіла. 13 жніўня да сілаў Вялікага Княства Літоўскага прыбыла дапамога ад князя Багуслава Радзівіла і Юрыя Нямірыча — 2500 жаўнераў. Януш Радзівіл здолеў аб’яднацца пад Галоўчынам з аддзеламі Вінцэнта Гасеўскага і адысьці да Бялынічаў, а потым скіравацца да Барысава. Аднак яго ўжо насьцігала войска Трубяцкога, і 24 жніўня адбылася навязаная Янушу Радзівілу бітва пад Шапялевічамі, у якой літоўскае войска пацярпела першую паразу за апошнія 30 гадоў ад нашмат большага маскоўскага войска. У бітве загінула каля тысячы чалавек, што было вялікімі стратамі для 6-8-тысячнага літоўскага корпусу. Сам гетман быў паранены. Разьбітае войска расьсеялася ў лесе і спыніла сваё існаваньне. Аднак ужо ў верасьні 1654 году Януш Радзівіл абвясьціў, што войска Вялікага Княства адроджана і гатовае да дзеяньняў. Праўда, сабраная сіла была намнога меншая, чым ухваленыя соймам 15 тысячаў жаўнерскіх ставак. Сам гетман лічыў, што яго мабільныя часткі могуць скласьці толькі 6 тысячаў, астатніх лепей скарыстаць дзеля ўмацаваньня гарадоў. Баявыя дзеяньні 1654 году скончыліся толькі глыбокай восеньню.

Кампанія 1655 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кампанія 1655 году пачалася ў студзені наступам войскаў Януша Радзівіла на маскоўскія войскі пад Старым Быхавам. 5 лютага Паклонскі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і дазволіў увайсьці ў Магілёў войскам Вялікага Княства Літоўскага. Але тыя змаглі заняць толькі Ніжні замак. Гетман ня змог вызваліць Верхні замак і ў траўні зьняў аблогу.

На пачатак году галоўныя маскоўскія сілы былі накіраваны на Вялікае Княства Літоўскае. Мэтай кампаніі стаў захоп астатняй тэрыторыі дзяржавы: Вільні, Старога Быхава, Слуцку, Берасьця. Паход пачаўся ў сакавіку. У гэтым месяцы казацкае войска Залатарэнкі, якое знаходзілася на службе ў маскоўскага гаспадара, здолела ўзяць Бабруйск, Казімер (Каралеўскую Слабаду) і Глуск. У траўні з Бранску на Магілёў рушыла армія Трубяцкога. Казакі ж разам з Шарамецьевым спрабавалі здабыць старабыхаўскую крэпасьць. У той жа час войска Вялікага Княства Літоўскага было фізычна стомленае і дэмаралізаванае. Гаспадарка краіны была падарваная вайной, каля паловы тэрыторыі знаходзілася пад акупацыяй. У земскі скарб дзяржавы зборы амаль не паступалі. Улетку 1655 году замест 2 мільёнаў злотых падымнага падатку рэальна можна было сабраць толькі 200 тысячаў, праз што было немагчымым наняць добрае наёмнае войска. Паспалітае рушаньне канчаткова страціла сваё значэньне. На Менск рухаўся перадавы, вялікі і старажавыя палкі цэнтральнай арміі і 3 ліпеня, маскоўскія войскі захапілі места. Шлях на Вільню быў адкрыты. Абараніць сталіцу было немагчыма, а на дапамогу Каралеўства Польскага надзеяў не было, бо ўжо ў сакавіку на Рэч Паспалітую пачала агрэсію Швэцыя. У 20-х днях ліпеня на галоўны Віленскі тракт пачалі выходзіць і авангардныя часткі маскоўскага войска, і 20-тысячнае казацкае злучэньне Залатарэнкі. 8 жніўня войскі Чаркаскага і Залатарэнкі разам пайшлі на штурм Вільні і захапілі яе, учыніўшы ў месьце разьню, у якой загінула каля 8 тысячаў месьцічаў — каля паловы жыхароў[7].

Па захопе Вільні Януш Радзівіл падпісаў з Швэцыяй Кейданскую унію, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае пераходзіла пад пратэктарат Швэцыі. Але праект уніі не падтрымала большая частка шляхты.

У верасьні з Кіева на лодках выйшаў у паход аддзел маскоўскіх войскаў на чале з князем Валконскім. 15 верасьня захапіў Тураў, 20 верасьня спаліў Столін, потым Пінск. Паводле скаргі ацалелых пінчукоў, перад падпалам места захопнікі «па-тыранску, па-разбойніцку як мужчынаў, так і самых кабет, і дзетак немалую колькасьць рознымі нечуванымі мукамі мучылі і на сьмерць пазабівалі… усе скарбы, гатовыя сумы, розныя тавары, золата, срэбра, волава, медзь, званы касьцельныя і царкоўныя, рознае збожжа і ўсе хатнія набыткі дашчэнту выбраўшы, да байдаў і чаўноў панасілі і павазілі»[8].

Кампанія 1655—1657 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Два гады вайны прывялі Вялікае Княства Літоўскае да небясьпечнага стану. У Каралеўстве Польскім па цяжкіх паразах ад швэдаў (29 верасьня пад Гарадком, 30 верасьня пад Новым Дваром і 3 кастрычніка каля Войнічу), па капітуляцыі Варшавы і Кракава і ад’езду караля Яна Казімера ў Сылезію дзяржава і войска былі канчаткова разваленыя.

Ваявода віцебскі Павал Сапега з восені 1655 году стаў пераймаць ролю галоўнага начальніка над рэшткамі арміі Вялікага Княства Літоўскага. Ягоную ўладу добраахвотна прызналі канфэдэраты, якія кінулі Януша Радзівіла. Да яго пачалі сыходзіцца дробныя вайсковыя аддзелы, што агулам склалі каля 6 тысячаў. Уся гэтая сіла фактычна бязьдзейнічала, бо Павал Сапега вёў перамовы адначасна і з кароннымі гетманамі, і з маскоўскімі ваяводамі, і з швэдамі, якія дамагаліся яго пераходу на бок Швэцыі. Пры канцы 1655 году Павал Сапега напісаў каралю Карлу Х Густаву, што і ён згаджаецца на швэдзкую пратэкцыю, аднак па гэтым захоўваў адданасьць каралю.

Тым часам Януш Радзівіл закрыўся ў Тыкоціне на Падляшшы. Тыкоцінскі замак аблажылі войскі Паўла Сапегі, які лічыў гетмана сваім асабістым сапернікам. Тут, у аблозе, 31 сьнежня 1655 году, абвешчаны ворагам Айчыны, Януш Радзівіл памёр.

Пакуль групоўка Паўла Сапегі стаяла на Падляшшы і Берасьцейшчыне, Ян Казімер дасылаў яму загады з патрабаваньнем ісьці да Сандаміру і ваяваць супраць швэдаў разам з ваяводам Стэфанам Чарнецкім. Аднак Павал Сапега накіраваў туды толькі 2 тысячы на чале з Аляксандрам Гілярыем Палубінскім. Прыкладна ў сярэдзіне лютага 1656 году Павал Сапега быў афіцыйна прызначаны гетманам вялікім і атрымаў Віленскае ваяводзтва, а ўвесну ён ужо павёў асноўныя сілы ў Польшчу на дапамогу каралеўскай арміі. Па гэтым войска Вялікага Княства Літоўскага вяло баявыя дзеяньні ў асноўным супраць швэдаў.

Умяшаньне маладога Карла Густава ў вайну выклікала абвастрэньне супярэчнасьцяў паміж Маскоўскай дзяржавай і Швэцыяй, у выніку чаго Аляксей Міхайлавіч абвясьціў вайну апошняй.

Яшчэ на пачатку 1656 году ўрадавыя колы Рэчы Паспалітай распрацавалі праграму выратаваньня дзяржавы. Плянавалася паслабіць пазыцыі швэдаў, схіліць на свой бок брандэнбурскага электара Фрыдрыха Вільгельма, пасварыць з Масквой казакаў, дамагчыся дапамогі ад крымскага хана, нэўтралізаваць трансыльванскага князя Георга Ракаці і падпісаць мір з Аляксеем Міхайлавічам. У справе апошняга кароль Ян Казімер заручыўся пасярэдніцтвам цэзара Фэрдынанда III. Аўстрыйскія паслы браліся дапамагчы замірыць дзьве варожыя краіны. Тады была падпісаная г. зв. Віленская дамова, якая спыняла баявыя дзеяньні паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.

Кампанія 1658—1660 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 верасьня 1658 году адбылося падпісаньне Гадзяцкай дамовы, якая вызначала дачыненьні Ўкраіны і Каралеўства Польскага. 14 лютага 1659 году маскоўскія войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіліся казацкія войскі, што перайшлі на бок Рэчы Паспалітай, і жорстка расправіліся зь імі. У 1659 год адбылася аблога маскоўскімі войскамі Чачэрску.

Пачынаючы з 1659 году амаль усё Вялікае Княства Літоўскае ахапілі паўстаньні «шышоў» (узброеныя аддзелы сялянаў і мяшчанаў) супраць маскоўскіх войскаў. Гэтыя выступленьні выкарысталі кіроўныя колы Рэчы Паспалітай дзеля вяртаньня сваёй улады. Такім чынам 18 чэрвеня 1660 году пад Ляхавічамі быў разьбіты шматлікі корпус на чале з маскоўскім ваяводам Хаванскім. 28 чэрвеня 1660 году адбылася вырашальная бітва пад Палонкай, пад час якой аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім і гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам разграміла маскоўскае войска пад камандаю Хаванскага. Пазьней, 3 ліпеня, гэтае ж аб’яднаньне вызваліла Менск і тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага да ракі Бярэзіны. Перамога сарвала маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замку і прывяла да вызваленьня літоўскіх земляў па Дняпро на ўсходзе і Дзьвіну на поўначы. 8 кастрычніка 1660 году літоўскія і польскія войскі адбілі каля Чавусаў наступленьне Масквы і вымусілі яе адступіць да Смаленску.

Кампанія 1661—1667 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 лютага 1661 году выбухнула паўстаньне ў Магілёве. У выніку месьцічы зьнішчылі 3-тысячную залогу маскоўскіх стральцоў, узялі ў палон жаўнераў і трох ваяводаў. Пазьней, у красавіку таго ж году, антымаскоўскія паўстаньні адбыліся ў Дзісьне, Себежы і Гомлі.

3 лістапада 1661 пацярпела паразу група маскоўскіх войскаў на чале з Хаванскім і Ардын-Нашчокіным пад Вільняй каля вёскі Кушлікаў. На тры дні пазьней войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з С. Чарнецкім разьбілі каля Глыбокага маскоўскае войска (больш за 18 тыс. чалавек) на чале з Хаванскім. 2 сьнежня літоўскія войскі вызвалілі Вільню. Па гэтым варожыя бакі ня мелі ні сілаў, ні сродкаў дзеля актыўнага працягу вайны.


«
5) (7)170 г. (1661), ноября вь 18 д., Государю, царю... Петрушка Долгоруково съ товарищи челомъ бьютъ» ...Да полковники жъ Венедиктъ Змѣевъ, Василей Челюсткинъ, Христофоръ Мынгаусъ говорили вамъ, что черезъ Днѣпръ вскорѣ перейти не мочно, потому что въ Днѣпрѣ вода нынѣ велика, и переходить де имъ Днѣпръ подъ Оршею или подъ Дубровною, и тѣ де мѣста всѣ отъ твоихъ ратныхъ людей по Днѣпру развоевавы и деревни вызжены, и жилецкихъ людей отнюдь никого нѣтъ, а драгуны де ихъ полковъ розбѣжались, дѣлать мосту будетъ некѣмъ, а близко Шклова и Копоси за Днѣпръ переходить нельзя, чтобъ де изъ тѣхъ городовъ на перевозѣ какіе шкоды не учинилось, и за тѣмъ де на Днѣпрѣ будетъ мотчанье... (рас.)[9]
»

Але ўжо ў 1664 казацкія і маскоўскія войскі аблажылі Пінск і Магілёў, у апошнім быў спалены замак.

Акупацыйная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітыка Маскоўскай дзяржавы адзначалася жорсткасьцю да насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[1]. Акупанты кіраваліся прынцыпам: «уніі ня быць, лацінству ня быць, жыдам ня быць», што прывяло да закрыцьця ўсіх каталіцкіх сьвятыняў і навучальных установаў, вернікаў Кіеўскай (Літоўскай) мітраполіі Сьвятога Пасаду гвалтоўна далучалі да Маскоўскай царквы. Разам з тым, каб знайсьці падтрымку мясцовых жыхароў, Аляксей Міхайлавіч пакідаў Магдэбурскае права местам, прывілеі і г. д. Таксама падтрымлівалася адабраная ад Канстантынопальскага патрыярхату і далучаная да Масквы Кіеўская мітраполія, ёй раздавалі землі тых, хто чыніў супраціў. Аднак на справе незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці жыхары Вялікага Княства Літоўскага моцна цярпелі ад дзеяньняў маскоўскіх войскаў, асабліва цяжка было жыдоўскаму насельніцтву. Сярод усіх магчымых ваенных трафеяў палон лічыўся найбольш каштоўнай здабычай маскоўскіх салдатаў. Да катэгорыі ваеннапалонных Масква далучала і мірнае насельніцтва, захопленае на непрыяцельскай тэрыторыі. Шмат жыхароў гвалтоўна перасялялі ў Маскоўскую дзяржаву. Тыя, хто застаўся, мусілі ўтрымліваць маскоўскія залогі, якія нярэдка мелі нерасейскі этнічны склад. Напрыклад, у 1656 годзе поп Маскоўскай царквы Іван, які ў гэты час быў у Менску, напісаў ліст свайму гаспадару Аляксею Міхайлавічу, у якім прасіў грошай, а таксама засьведчыў, што акупацыйная маскоўская залога[a][8]:

«

усе татары ды мардва, — расейскага нічога ня ведаюць

»

Частымі былі выпадкі гвалту з боку маскоўскіх войскаў. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, загад Аляксея Міхайлавіча[10], які выкарыстоўваў у распачатай ім вайне тактыку «выпаленай зямлі»[7]:

«

уверх Нёманам ракой з абодвух бакоў і тыя месты ваяваць, сёлы і вёскі і хлеб і сена і ўсякія конскія кармы паліць, а людзей забіваць і браць у палон і з усім дашчэнту спусташаць

»

У выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні маскоўскія акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава (ад 10 да 15[11][12][13][14][15][16][17] тыс. чал.), у выніку ўчыненай 13 студзеня 1660 году разьні ў Берасьці — забілі каля 1,7 тыс. чал.[18], а само места цалкам зьнішчылі[19], а ўчыненая 8 жніўня 1655 году разьня ў Вільні забрала жыцьці паловы жыхароў места[7]. Існавалі выпадкі частага пераходу на бок Вялікага Княства Літоўскага асобаў, якія першапачаткова бачылі ў Маскве разьвязаньне тых або іншых праблемаў (у прыватнасьці, Канстанцін Паклонскі).

Народны супраціў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сяляне Вялікага Княства Літоўскага зь першых месяцаў вайны пачалі ўтвараць аддзелы самааховы[1]. На акупаваных землях яны сыходзілі ў лясы, узбройваліся прыладамі працы і спрабавалі абараніць ад захопнікаў свае паселішчы, перашкаджалі выводзіць мясцовых людзей у няволю, а таксама дапамагалі войску Вялікага Княства Літоўскага і часам уступалі ў адкрыты бой з маскоўскімі войскамі. Так пачаўся шырокі партызанскі рух — першы ў беларускай гісторыі масавы добраахвотны рух супраціву[1]. Асабліва актыўнымі былі сяляне Амсьціслаўшчыны. Напрыклад, у ліпені 1654 году трохтысячны аддзел сялянаў з Калесьнікаўскай воласьці заатакаваў пад Амсьціславам войска ваяводы Трубяцкога, у якім налічвалася да 15 тысячаў ратнікаў[1]. На Смаленшчыне ў партызанскім руху бралі ўдзел праваслаўныя сьвятары[1][20]. У 1658 годзе антымаскоўскія выступленьні набылі характар народнай вайны, якая да лета 1659 году ахапіла амаль усю тэрыторыю Беларусі[21].

Змаганьне з маскоўскімі захопнікамі таксама вялі і жыхары местаў Вялікага Княства Літоўскага. Апрача Магілёўскага паўстаньня 1661 году, мяшчане зьнішчылі або выгналі маскоўскія залогі ў Дзісьне, Амсьціславе, Себежы, Гомлі, Старым Быхаве, Шклове. Партызаны здолелі вызваліць Бешанковічы, Глыбокае, Лукомаль, заблякаваць маскоўскую залогу ў Віцебску[22].

Маскоўскія акупанты мусілі накіроўваць у Вялікае Княства Літоўскае адмысловыя карныя экспэдыцыі з артылерыяй, якія палілі партызанскія вёскі, распраўляліся з узятымі ў палон, але супраціў не спыняўся. Шырокі народна-вызвольны рух паспрыяў пераходу войскаў Рэчы Паспалітай да наступальных дзеяньняў[22].

Замірэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Андрусаўскае замірэньне

Працяглая вайна значна аслабіла ня толькі Рэч Паспалітую, якая ня мела дастаткова рэсурсаў, каб адваяваць захопленую ворагам тэрыторыю, але і Маскоўскую дзяржаву, якая зь цяжкасьцю кантралявала акупаваныя землі. Зь іншага боку ў гэты час актывізавалася Асманская імпэрыя, што была пагрозай ня толькі для Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы, але і для Аўстра-Вугорскай імпэрыі. У 1661 годзе імпэратар Леапольд I выправіў Аўгуста Мэербэрга паслом у Маскву, каб той паспрыяў складаньню міру з Рэччу Паспалітай.

Вайна скончылася 30 студзеня 1667 году, калі камісары Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку, і маскоўскія паслы з другога, у вёсцы Андрусаве, што паміж Смаленскам і Амсьціславам, падпісалі дамову аб замірэньні тэрмінам на 13 з паловай гадоў. Паводле яе ўмоваў, Смаленская, Чарнігаўская і Ноўгарад-Северская землі заставаліся ў складзе Маскоўскай дзяржавы, а беларускае Падзьвіньне вярталася Вялікаму Княству Літоўскаму. Украіна падзялялася па Дняпры: левабярэжжа адыходзіла да Масквы, правабярэжжа замацоўвалася за Рэччу Паспалітай. Вывезены ў час вайны шматтысячны палон вяртаньню не падлягаў. Кіеў перадаваўся ў валоданьне Масквы на 2 гады, але пазьней так і ня быў вернуты.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна мела катастрафічныя вынікі для Вялікага Княства Літоўскага, яе наступствы на некалькі стагодзьдзяў вызначылі дэмаграфічнае, эканамічнае і культурнае аблічча краіны[23]. Беларускія землі апынуліся ў стане эканамічнага заняпаду, колькасьць насельніцтва скарацілася ў 2 разы (з 2,9 да 1,4 мільёна жыхароў[24]). Асабліва пацярпелі паўночныя і ўсходнія раёны, якія найдаўжэй заставаліся пад акупацыяй, дзе засталося менш за траціну ад даваеннай колькасьці жыхароў[1][25].

Большасьць местаў і сёлаў зруйнавалі або разрабавалі[24] (так, у Менску засталося толькі 170 жыхароў, у Полацку з 1500 даваенных дымоў — толькі 102, у Віцебску з 981 — 56[26]). Мескае рамяство дэградавала, істотна скараціўся аб’ём рамеснай вытворчасьці. Зьменшылася колькасьць ворыўных земляў, не хапала работнікаў для іх апрацоўкі. Каб адрадзіць сельскую гаспадарку сялянству Вялікага Княства Літоўскага спатрэбілася больш за два дзесяцігодзьдзі[24].

Аслабла каралеўская ўлада, значна пашырыліся правы магнатаў. У Рэчы Паспалітай узмацніўся ціск на пратэстантаў, арыянаў, праваслаўных, што прывяло да скасаваньня рэлігійнай талерантнасьці. Дзяржава ўступіла ў паласу працяглага крызісу.

Адным з наступстваў таксама стала сьвядомая палянізацыя найвышэйшых станаў Вялікага Княства Літоўскага, якія такім чынам спрабавалі адасобіцца ад патэнцыйнага агрэсара і прыбраць падставы для імаверных тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Гэта прычынілася да паступовага зьмяншэньня ролі беларускай мовы з заменай яе польскай і лацінскай як менш падобнымі да расейскай[b].

Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў: вайна з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзіне XVII ст. выявілася нацыянальнай трагедыяй беларусаў, да якой узыходзяць вытокі многіх сучасных праблемаў[23].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Беларускі Архіў. Т.3. — Менск, 1930. С. 192.
  2. ^ Яшчэ за часамі Інфлянцкай вайны з Маскоўскай дзяржавай (1558—1582) у 1576 годзе ў прадмове да лацінскага перакладу II Літоўскага статуту Аўгустын Ратундус, агучваючы фантастычныя сьцьверджаньні на падставе легенды пра Палямона (што ліцьвіны, паходзяць ад рымлян і родная мова іх лаціна, адна з трох, якімі Бог дазволіў славіць сябе; адпаведна, лаціна як «прыродная мова» мусіць быць вернутая ліцьвінам ва ўсіх сфэрах жыцьця, таксама ў хаце, замест «барбарскай мовы русінаў; гэта дапаможа частцы «рускіх баяраў» адмовіцца ад грэцкай мовы[27]), у якасьці наймацнейшага аргумэнту на карысьць зьмены дзяржаўнай мовы на лаціну прыводзіў тое, што, на яго думку, руская мова была агульнай з Маскоўскай дзяржавай — спрадвечным ворагам Літвы[28]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  2. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 138.
  3. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 88.
  4. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  5. ^ Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція № 9 (193), вересень 2013 р.
  6. ^ Грыцкевіч А. Прадмова // Ермаловіч Мікола. Выбранае / Уклад., камент. К. Цвіркі. — Менск: Кнігазбор, 2010. С. 7.
  7. ^ а б в Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 243.
  8. ^ а б Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  9. ^ 1661 г. № 523-й. Октября 19/ноября 18, — 1) Указъ именной о посылкѣ изъ Смоленска рейтаръ подъ Борисооглѣбовъ; 2, 3) грамоты о томъ кн. П. А. Додгорукову; 4 и 5) отвѣтныя отписки его / Д. Я. Самоквасовъ // Акты Московскаго государства. Изданные Императорскою Академіею наукъ. Разрядный приказъ. Московскій столъ. 1660 — 1664.. — Санктпетербургъ: Типографія Императорской Академіи наукъ, 1901. — Т. 3. — С. 445—447. (рас.)
  10. ^ Герасімчык В. Зруйнаваная і забытая: з гісторыі вёскі Васілевічы // Газета Слонімская. — 2011. — 26 кастрычніка.
  11. ^ Мяцельскі А. Мсціслаўскае княства і ваяводства ў ХІІ-ХVІІІ стст. — Менск: Беларуская навука, 2010, 2014. С. 241.
  12. ^ Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
  13. ^ Голубеў В., Кітурка І. Гісторыя Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. — Санкт-Пецярбург: «Неўскі прастор», 2014. С. 90.
  14. ^ Кітурка І. Гісторыя Беларусі: дапам. ― Горадня: ГрДУ, 2006. С. 70.
  15. ^ Канапацкая З. Войны і сацыяльна-палітычныя канфлікты: гістарычны аспект. Вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка
  16. ^ Ткачоў М., Трусаў А. Старажытны Мсціслаў. — Менск: Полымя, 1992. С. 22.
  17. ^ Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў. — Менск: «Беларуская навука», 2003. С. 114.
  18. ^ Курукин И. В., Булычев А. А. Повседневная жизнь опричников Ивана Грозного. — Москва: Молодая гвардия, 2010. С. 336.
  19. ^ Гладыщук А. А. Никитчик А. Д. Инвентари Берестейского замка и города после 1660 года // Вестник Брестского государственного технического университета. — № 6. — 2013. С. 42. [1]
  20. ^ Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 139.
  21. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 163.
  22. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 248.
  23. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 251.
  24. ^ а б в Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 164.
  25. ^ Сагановіч Г. Якія былі прычыны заняпаду Вялікага Княства Літоўскага // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 47.
  26. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 250.
  27. ^ Астравец С. З «Іліядай» пад падушкай, Радыё Свабода, 26 лістапада 2014 г.
  28. ^ Свяжынскі У. Праблемы афіцыйнай мовы ВКЛ у літоўскай і украінскай гістарыяграфіях // «Мова — Літаратура — Культура»: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 80-годдзя прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна), Мінск, 16—17 лістапада 2006 года [Тэкст] / Беларускі дзярж. ун-т; у аўтарскай рэдакцыі. — Менск: Права і эканоміка, 2007. — 654 с. — 250 экз. — ISBN 978-985-442-381-4. — С. 128.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]