Вальтэр Зюскінд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Ян Вальтэр Зюскінд (па-ангельску: Jan Walter Susskind; 1 траўня 1913, Прага25 сакавіка 1980, Бэрклі, Каліфорнія) — брытанскі дырыгент чэскага паходжаньня (грамадзянін Вялікабрытаніі з 1946 г.).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын музычнага крытыка і піяністкі, Зюскінд вучыўся ў Праскай кансэрваторыі ў Ёзэфа Сука (кампазыцыя) і Карэла Гофмайстэра (фартэпіяна), а таксама ў Георга Сэла (дырыжыраваньне) у Нямецкай акадэміі музыкі ў Празе. У 1934 г. Зюскінд дэбютаваў як дырыгент у Нямецкай опэры Прагі. Адначасова з 1933 г. ён канцэртаваў як піяніст, асабліва ў складзе Чэскага трыё. Сярэдзінай 1930-х гг. датуецца і кампазытарскі досьвед Зюскінда — у прыватнасьці, чатыры песьні для голасу і струннага квартэту (1935).

У 1939 г. Зюскінд пасьпеў пакінуць Чэхію за некалькі дзён да гітлераўскай акупацыі і апынуўся ў Лёндане, дзе аднавіў Чэскае трыё і пачаў выступаць зь ім, першапачаткова ў прадстаўніцтве чэхаславацкага ўраду ў выгнаньні. На адным з такіх канцэртаў Зюскінд пазнаёміўся зь віялянчэлісткай Элеанор Ўорэн, на якой у 19431953 гг. быў жанаты. У 19431945 гг. Зюскінд кіраваў аркестрам аднаго з другасных лёнданскіх опэрных тэатраў. У 19461952 гг. ён узначальваў Шатляндзкі нацыянальны аркестар (адначасова нямала выступаючы і запісваючыся з аркестрам Філярмонія). У 19531955 гг. Зюскінд працаваў у Аўстраліі, кіруючы сымфанічным аркестрам штату Вікторыя, а затым адправіўся ў Амэрыку, дзе ў 19561965 гг. быў музычным кіраўніком Таронцкага сымфанічнага аркестра і Мэндэльсонаўскага хору. Наступным прыкметным ангажэмэнтам Зюскінда стала кіраўніцтва Сэнт-Луіскім сымфанічным аркестрам у 19681975 гг. Нарэшце, у 19781979 гг. Зюскінд узначальваў Сымфанічны аркестар Цынцынаці.

Сярод прыкметных запісаў Зюскінда — «Плянэты» Густава Голста і «Так казаў Заратустра» Рыхарда Штраўса з Сэнт-Луіскім аркестрам.