Валянцін Варэньнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
В. І. Варэньнікаў у жніўні 1994 году пасьля вынясеньня апраўдальнага прысуду

Валянці́н Іва́навіч Варэ́ньнікаў (15 сьнежня 1923, Краснадар6 траўня 2009, Масква) — савецкі вайскоўца, расейскі палітычны дзяяч, Герой Савецкага Саюзу, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі другого і чацьвёртага скліканьня.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з 1942 па 1945 год. Быў тройчы паранены. Варэньнікаў ваяваў у Сталінградзе, ваяваў на Паўднёва-Заходнім, 3-м Украінскім, 1-м Беларускім франтах, фарсіраваў Дняпро і Днестр, ваяваў на Вісьле, удзельнічаў у наступленьні савецкіх войскаў ад Балтыкі да Карпат, прымаў удзел у штурме Бэрліна. Вайну Валянцін Варэньнікаў скончыў у званьні капітана, быў узнагароджаны чатырма баявымі ордэнамі.

Удзельнічаў у Парадзе Перамогі, вайсковых падзеях у Анголе, Сырыі, Этыёпіі і Аўганістане. Галоўны арганізатар прац вайсковых частак па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

З 1962 па 1966 год быў камандзірам дывізіі Ленінградзкай вайсковай акругі, з 1967 па 1969 — камандзірам корпусу гэтай акругі. У 1969—1971 — камандуючы 3-й арміяй Савецкай групы войскаў у Нямеччыне. У 1971—1973 — першы намесьнік камандуючага штабам Савецкай групы войскаў у Нямеччыне. У 1973—1979 — камандуючы войскамі Чырванасьцяжнай Прыкарпацкай вайсковай акругі. У 1978 годзе прысвоена званьне генэрала арміі. У 1979—1984 — начальнік Галоўнага ўпраўленьня, першы намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў СССР. Першым намесьнікам начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных Сілаў СССР заставаўся да 1989 году. У 1984—1989 — начальнік Групы ўпраўленьня Міністэрства абароны СССР у Аўганістане. У 1989—1991 — галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі — намесьнік міністра абароны СССР, сябра Савету абароны СССР.

У жніўні 1991 году падтрымаў Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, падпісаў яго зварот «Слова да народу». У 1994 адзіны з абвінавачваных па справе ДКНС адмовіўся прыняць амністыю, стаў перад судом і быў апраўданы. Генпракуратура апратэставала рашэньне суду. Прэзыдыюм Вярхоўнага суду Расеі правёў перасуд і пакінуў у сіле апраўдальны прысуд. У 1995 годзе Варэньнікаў абраны дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі. Са студзеня 1996 па 1999 працаваў старшынём камітэту Дзяржаўнай Думы па справах вэтэранаў. 7 сьнежня 2003 году абраны дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі па сьпісе блёка «Радзіма» (трэці нумар фэдэральнага сьпісу). Быў намесьнікам старшыні Камітэту па справах вэтэранаў, сустаршынём фракцыі «Радзіма».

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За апэрацыю Магістраль, распрацаваную і пасьпяхова праведзеную сумесна з камандуючым 40-й арміяй у Аўганістане Барысам Громавым, быў удастоены званьня Героя Савецкага Саюзу. Узнагароджаны ордэнам «За вайсковыя заслугі», двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сьцягу, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Кутузава I ступені, трыма — Айчыннай вайны I і II ступені, Чырвонай Зоркі, «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені, трыццацьцю мэдалямі СССР, а таксама больш чым дваццацьцю замежнымі ордэнамі і мэдалямі.