Васілька Валадаравіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Васілька Валадаравіч (1140-я1222) — князь лагойскі (да 1186), князь менскі (1186 — 1216), князь полацкі (1216 — 1222). Сын Валадара Глебавіча і Рыкісы, малодшы брат Уладзімера Валадаравіча.

Жыцьцё і дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню згадваецца ў 1186 годзе, калі разам з смаленскім князем Давыдам, ноўгародзкім Мсьціславам і друцкім Усяславам ўдзельнічаў у вайсковай выправе на Полацак. Невядомыя чыньнікі гэтае выправы, але полацкае веча вырашала дамагацца мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Палачане сустрэлі князёў на мяжы, далі ім шмат дароў — тыя згадзіліся на мір. Магчыма пасьля гэтага старэйшы брат Васількі — Уладзімер стаў полацкім князем, а Васілька заняў яго пасаду ў Менску.

Пасьля гэтага Васілька доўгі час не згадваецца ў крыніцах. Верагодна ў гэты час ён выступаў супольна з сваім братам — полацкім князем, і ўдзельнічаў ва ўсіх яго выправах у тым ліку супраць немцаў у Ніжнім Падзьвіньні. У 1216 годзе Ўладзімер задумаў вялікую выправу на Рыгу, сабраўшы дзеля гэтага вялікае войска з удзелам смалян, віцеблян, дручан, былі відаць і менскія войскі на чале з Васількам, які верагодна прывёў з сабой і літоўскія аддзелы.

Уладзімер нечакана памёр, выправа на Рыгу была сарваная, бо паміж прысутнымі князямі пачалася барацьба за полацкую пасаду. У гэтай барацьбе ўдзельнічаў і Васілька, яго асноўнымі супраціўнікамі былі смаленскія князі — паведаляецца, што ў гэты час у Полацку адбыліся сутычкі смаленцаў зь літоўцамі, верагодна з Васількавай дружыны. Смаленскія князі спачатку нібыта перамаглі, а літоўцы парабавалі ваколіцы Полацка. Але канчаткова, відаць, перамог Васілька, бо ён як полацкі князь згадваецца ў 1218 годзе, калі разам з Мьсціславам Удатным і Ўладзімерам Рурыкавічам удзельнічаў у вайсковай выправе на Галіч [1]. Калі верыць Мацею Стрыйкоўскаму, у гэтым войску былі і літоўцы, якіх верагодна прывёў Васілька. Такім чынам бачна, што менскія князі з 1180-х гадоў запанавалі ў Полацкай зямлі, а таксама працягвалі практыку выкарыстаньня літоўскіх аддзелаў, якую пачаў іх бацька Валадар.

Памёр Васілька ў 1222 годзе, пасьля яго сьмерці смаленскія князі захапілі Полацк і пасадзілі там князя са сваёй дынастыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Татищев В. История Российская. т.2. М., 1962. с.207.