Васіль Русак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Русак
Васіль Русак. Прага, 1930-я
Род дзейнасьці беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец, прадпрымальнік
Дата нараджэньня 4 красавіка 1896
Месца нараджэньня Ячава, Слуцкая воласьць, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 23 жніўня 1954 (58 гадоў)
Месца сьмерці ГУЛАГ
Занятак грамадзкі дзяяч, палітычны актывіст, фальклярыст, выдавец, прадпрымальнік, сельскагаспадарнік, публіцыст
Навуковая сфэра выдавецкая справа[1], бізнэс[1], публіцыстыка[1] і аграномія[1]

Васі́ль Максі́мавіч Руса́к (4 красавіка 1896, Ячава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь — 23 жніўня 1954, ГУЛАГ[2]) — беларускі нацыянальны дзяяч, выдавец, прадпрымальнік. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Васіль Русак, 1920
Пасьведчаньне БВК на імя Васіля Русака, 11 сакавіка 1921
Кіраўнікі Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у 1928 годзе. Зьлевага направа: Францішак Грышкевіч — сакратар, Васіль Русак — скарбнік, Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Адольф Клімовіч — адзьдзел міжнародных зносін, Тамаш Грыб — віцэ-старшыня.

Нарадзіўся 4 красавіка 1896 году ў вёсцы Ячава Слуцкае воласьці.

Прымаў удзел у Першай сусьветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўночным фронце. З 1917 сябра Беларускае сацыялістычнае грамады, адзін зь лідэраў Беларускае рады беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту, удзельнік Беларускага вайсковага зьезду ў Віцебску. Удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу ў Менску (сьнежань 1917)[3].

У пачатку 1918 году працуе ў Беларускім камітэце Воршы, пазьней вяртаецца на Случчыну, уключаецца ў дзейнасьць культурніцкае арганізацыі «Папараць-Кветка». З траўня 1918 году ў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, уваходзіць у ейны ЦК. Увосень таго ж году арыштаваны немцамі, пасьля вызваленьня ў сьнежні — адзін з арганізатараў «Саюзу абароны краю». З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных ды вясковых установах павету як выбраны ад сялянства, адначасова займаецца нацыянальна-культурнай працай[3].

У сакавіку 1919 году арыштаваны бальшавікамі, але празь месяц без выстаўленьня абвінавачаньня выпучаны пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі мясцовыя сяляне. Усё лета хаваўся ад ЧК у сялянскіх хатах. У час польска-савецкае вайны актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага руху, сябра Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту, кіраваў беларускім хорам «Папараць-Кветкі», разам зь ейнай драматычнай дружынай езьдзіў па павеце з спэктаклямі, у якіх браў удзел як артыст пад псэўданімам Базыль Карусь.

У ліпені 1920 году, зь вяртаньнем савецкае ўлады, мабілізаваны ў чырвоную армію, адбываў службу ў Слуцку. У лістападзе 1920, у час зьезду Случчыны, абраны ягоным старшынём, увайшоў у склад прэзыдыюму Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстаньні 1920 году — камандзір Другога Грозаўскага палку[3].

У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёну БВК і беларускага сялянства Баранавіцкага павету[3].

Ратуючыся ад польскае дэфэнзывы, у траўні 1922 году ў Коўне (Летува), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, зьвязаны зь летувіскімі стралецкімі арганізацыямі[3].

У канцы 1922 году з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выяжджае на вучобу ў Чэхаславаччыну, дзе ўвосень 1923 году паступае ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. У час вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускае эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПСР, адзін з кіраўнікоў Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай і Заходняй Беларусі (АБСА), працуе ў Беларускім (Крывіцкім) культурна-асьветным таварыстве імя Ф. Скарыны, супрацоўнічае з часапісам «Перавясла» ды інш. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі застаецца жыць у Празе[3].

Узяўшы шлюб з чэскай дзяўчынай, пасьпяхова займаецца прадпрымальніцтвам. У 1931 годзе ўзначаліў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт падрыхтаваў і выслаў у Лігу Нацыяў мэмарандумы на францускай мове ў абарону нацыянальных і сацыяльных правоў беларускага народу. У 1934 годзе выдаў на лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», фундаваў выданьне часапісу «Iskry Skaryny». У 1936 годзе разам з украінцамі-эмігрантамі арганізаваў у Празе сумесны беларуска-ўкраінскі фэст народнае песьні. Улетку 1939 году выдаў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру «Bielarus — Weissruthenien» з этнаграфічнай мапай Беларусі[3].

У 1941 годзе паводле асабістага праекту з дапамогай А. Жука выдаў паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка й імянны знак Францішка Скарыны (сонца з маладзіком)[3].

У час нацысцкае акупацыі Прагі хаваў у сябе дзьве жыдоўскія сям’і, дапамог ім атрымаць пасьведчаньні, што яны беларусы[2][3]. Быў запрошаны на Другі Ўсебеларускі кангрэс у Менску, аднак удзелу ў ім не прыняў. У час візыту ў Менск сустракаўся з Радаславам Астроўскім, Кастусём Езавітавым, Міхасём Гузоўскім[4].

2 чэрвеня 1945 арыштаваны ў Празе савецкіай контрвыведкай за «антысавецкую дзейнасьць у эміграцыі», 2 чэрвеня 1946 Ваенным трыбуналам войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларускае вайсковае акругі асуджаны на 10 гадоў лягераў[3]. Памёр у лягеры 23 жніўня 1954 году[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]