Вормскі эдыкт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Копія «95-ці тэзаў» (1522)

Вормскі эдыкт (па-нямецку: Wormser Edikt) — указ, выдадзены імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі Карлам V 25 траўня 1521 году ў канцы працы Вормскага райхстага 1521 году, які абвесьціў Мартына Лютэра герэтыком і злачынцам і забараніў выданьне й распаўсюджваньне ягоных працаў. Акрамя таго Вормскім эдыктам усталёўвалася, што прадастаўленьне Лютэру прытулку ці іншай дапамогі таксама расцэньваецца як злачынства супраць законаў імпэрыі.

Лютэр выступае на Вормскім райхстагу

Вормскі эдыкт быў выдадзены пад націскам папскага нунцыя Джыраляма Алеандра, які патрабаваў рашучага выкараненьня лютэранства ў Нямеччыне й нягледзячы на ​​ўмераную пазыцыю, занятую большасьцю чальцоў райхстага. Мартын Лютэр, адлучаны ад каталіцкай царквы ў канцы 1520 году, быў запрошаны на райхстаг у Вормс і выступіў перад імпэрскімі саслоўямі з выкладаньнем свайго вучэньня. Імпэратар Карл V, аднак, адмовіўся паступіцца прыхільнасьцю старой царквы й па сканчэньні райхстага ўключыў у тэкст свайго эдыкта, у якім зацьвярджаліся рашэньні, прынятыя саслоўямі, пастанову аб абвяшчэньні Лютэра злачынцам і забароне распаўсюджваньня й чытаньня ягоных кнігаў. Мартын Лютэр быў вымушаны некалькі гадоў хавацца ў Вартбурскім замку пад заступніцтвам саксонскага курфюрста Фрыдрыха III, дзе ён і пачаў пераклад Новага Запавету на нямецкую мову.

Суровыя меры, прадпісаныя Вормскім эдыктам у дачыненьні да лютэранаў, на практыцы не былі рэалізаваныя. Імпэратар быў зацікаўлены ў захаваньні адзінства імпэрыі й атрыманьні падтрымкі імпэрскіх саслоўяў, у тым ліку і сымпатызуючых лютэранству, для вядзеньня войнаў супраць Францыі й туркаў. Шпаерскі райхстаг 1526 году фактычна прыпыніў дзеяньне Вормскага эдыкта, аднак ў 1529 годзе яно было адноўлена. Канчаткова Вормскі эдыкт страціў сілу ў 1555 годзе са складаньнем Аўгсбурскага замірэньня.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]