Вугорцы ў Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вугорцы ў Сэрбіі

Нацыянальны касьцюм і танец вугорцаў Ваяводзіны
Саманазва Szerbiai magyarok
Колькасьць 253 899 (2011)
Рэгіёны пражываньня Ваяводзіна, Бялград
Мовы вугорская, сэрбская
Рэлігіі каталіцтва, кальвінізм
Блізкія этнасы фіна-вугорскія народы

Вугорцы ў Сэрбіі (па-сэрбску: Мађари у Србији, Mađari u Srbiji, па-вугорску: Szerbiai magyarok) зьяўляюцца адною з прызнаных нацыянальных меншасьцяў краіны. На тэрыторыі Сэрбіі без уліку Косава вугорцы зьяўляюцца другою паводле колькасьці этнічнай групай (пасьля этнічнай большасьці — сэрбаў). Паводле зьвестак перапісу насельніцтва Сэрбіі 2011 году, колькасьць вугорцаў, што жывуць у краіне, складае 253899 чалавек[1], большасьць зь якіх (251136) жыве ў шматнацыянальнай аўтаноміі — Ваяводзіне. Вугорцы складаюць каля 13% жыхароў гэтага рэгіёну, насяляюць пераважна ягоную паўночную частку. Вугорская мова мае ў Ваяводзіне афіцыйны статус (на роўні з сэрбскаю і чатырма іншымі мовамі меншасьцяў). Паводле рэлігійнае прыналежнасьці абсалютная большасьць вугорцаў Сэрбіі — рыма-каталікі, значна меншую частку складаюць кальвіністы ды іншыя пратэстанты.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 10 стагодзьдзі часткі Ваяводзіны паступова трапляюць пад уладу Вугорскага Каралеўства. Гэтым часам, падобна як і цяпер, вугорцы складалі большасьць насельніцтва паўночнай часткі рэгіёну, на поўдні колькасна пераважала славянскае насельніцтва. Колькасьць вугорцаў у рэгіёне істотна зьменшылася пасьля ўсталяваньня ўлады Атаманскай Імпэрыі. Пасьля пераходу Ваяводзіны пад уладу Габсбургаў, колькасьць вугорцаў у рэгіёне ізноў павялічылася, як за кошт перасяленцаў зь іншых рэгіёнаў імпэрыі, гэтак і праз асыміляцыю часткі мясцовага невугорскага насельніцтва (сэрбаў, немцаў ды інш.)

У 1944 годзе, савецкая Чырвоная Армія разам зь югаслаўскім партызанскім рухам перанялі кантроль над Ваяводзінаю. Новыя камуністычныя ўлады адразу ж пачалі этнічныя чысткі супраць часткі мясцовага насельніцтва, якая разглядалася як патэнцыйная загроза новаму рэжыму (гл. таксама: Камуністычныя чысткі ў Сэрбіі (1944–1945)); вугорцы патрапілі ў гэтую катэгорыю праз афіцыйную супрацу вугорскага ўраду з нацысцкім. Колькасьць мірнага вугорскага насельніцтва, забітага ў гэты пэрыяд партызанамі, складае больш за 40 тысячаў.[2] У кастрычніку 1944 году 3000 жыхароў Србабрану вугорскага паходжаньня (пры тым, што ўсё насельніцтва складала тады 18 тысячаў чалавек) былі забітыя сэрбскімі партызанамі.

Падчас вайны за незалежнасьць Харватыі Ваяводзіна апынулася вельмі блізка да фронту, што спрыяла эміграцыі вугорцаў пасьля 1991 году. Наступствам эміграцыі вугорцаў у гэты пэрыяд стала зьмяншэньне долі вугорцаў у этнічным складзе Ваяводзіны з 16,8% да 13%[3]

Апошнім часам частка вугорскіх палітыкаў і насельніцтва выказваецца за стварэньне Вугорскага аўтаномнага рэгіёну ў рамках сэрбскай дзяржавы. Вельмі вялікае зацікаўленьне выклікае таксама ініцыятыва атрыманьня этнічнымі вугорцамі Ваяводзіны вугорскага грамадзянства без папярэдняй рэзыдэнцыі ў Вугоршчыне, што дазволіла б ім стацца паўнапраўнымі грамадзянамі Эўразьвязу. Аднак рэфэрэндум у Вугоршчыне гэтае ініцыятывы не падтрымаў. Зацікаўленасьць ініцыятываю стварэньня вугорскай аўтаноміі абмежаваная ня толькі з прычыны неадназначнага стаўленьня цэнтральнага ўраду, але таксама таму, што вугорскае насельніцтва Ваяводзіны характэрызуецца г.зв. прыродным убыткам (то бок ягоная колькасьць мае тэндэнцыю скарачэньня), між іншым цераз даволі нізкі ўзровень нараджальнасьці.

Дэмаграфічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнічная мапа Ваяводзіны, вугорцы пазначаныя жоўтым

Моўная мапа Ваяводзіны, вугорская мова пазначаная жоўтым

Амаль усе этнічныя вугорцы Сэрбіі жывуць у аўтаномным краі Ваяводзіна, пераважна ў ейнай заходняй частцы (муніцыпалітэты Паўночная Бачка ды Паўночны Банат), дзе жыве іхная большасьць (57.17%).[1] У пяці муніцыпалітэтах вугорцы складаюць абсалютную большасьць насельніцтва: Каніжа (85.13%), Сэнта (79.09%), Ада (75.04%), Бачка Топала (57.94%) ды Малы Ідаш (53.91%). Наступныя муніцыпалітэты зьяўляюцца шматнацыянальнымі са значнаю доляй вугорцаў: Чока (49.66%), Бэчэй (46.34%) і Субаціца (35.65%), шматкультурнае места, якое зьяўляецца неафіцыйнаю "сталіцай" вугорцаў рэгіёну. Вугорцы-пратэстанты складаюць абсалютную ці адносную большасьць насельніцтва ў наступных муніцыпалітэтах Ваяводзіны: Стара Моравіца, Пачыр, Фэкеціч, Новы Ітэбэй і Дэбэляча[4].

Год Колькасьць вугорцаў у Сэрбіі %
1921 365,982 6.46%
1931 413,000 7.27%
1948 433,701 6.64%
1953 441,907 6.33%
1961 449,587 5.88%
1971 430,314 5.09%
1981 390,468 4.19%
1991 343,942 4.24%
2002 293,299 3.91%
2011 253,899 3.53%

Палітычны ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа прапанаванага вугорскага аўтаномнага рэгіёну ў Паўночнай Ваяводзіне

Усе вугорскія палітычныя партыі ў Ваяводзіне падтрымліваюць стварэньне ў паўночнай частцы Ваяводзіны вугорскага аўтаномнага рэгіёну, ў які мелі б уваходзіць усе муніцыпалітэты, дзе вугорцы складаюць большасьць насельніцтва. Цяпер існуе пяць такіх партыяў:

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вугорцы ў Сэрбіісховішча мультымэдыйных матэрыялаў