Замкавая вуліца (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вуліца Замкавая (Вільня)»)
Замкавая
лац. Zamkavaja
вуліца
Агульная інфармацыя
Гістарычны раён Старое Места
Былыя назвы Максіма Горкага
Даўжыня 500 м
Паштовыя індэксы LT-01123
На мапе
Google
Вуліца Замкавая ў Вікісховішчы

За́мкавая ву́ліца[1] (лет. Pilies gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Пачынаецца ад паўночна-ўсходняга кута Катэдральнага пляцу і вядзе ў кірунку Ратушнага пляцу да скрыжаваньня вуліцаў Бакшта і Латочак. Працягваецца Вялікай і Вастрабрамская вуліцамі.

Архітэктурныя дамінанты вуліцы — касьцёл Сьвятых Янаў у стылі віленскага барока, Пятніцкая царква і палац Масальскіх, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва вуліцы ўтварылася празь яе разьмяшчэньне ў кірунку ад Ніжняга замка да мескай брамы. Лічыцца адной з найбольш старажытных вуліцаў Вільні. У гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Замкавая або Вялікая Замкавая (разам з сучаснай Вялікай).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З актыўным будаваньнем Новага Места вуліца засталася галоўнай у Старым Месьце.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на летувіскі манер. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя расейскага пісьменьніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арка да вуліцы Скопа

Даўжыня вуліцы каля 500 м. Мае брукаваную праезную частку. Нумарацыя дамоў пачынаецца з боку Катэдральнага пляцу. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.

З правага боку адыходзяць вуліцы Скопа і Сьвятаянская, зь левага — Сьвятаміхальская і Літарацкая.

Будынкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рог з Бэрнардынскай вуліцай

Няцотны бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • № 1 (таксама вуліца Сьвінтарога, 2) — кутні 3-павярховы дом, які займае Міністэрства ўнутраных справаў Летувы. Збудаваны ў канцы XIX ст.
  • № 3 — 2-павярховы дом, збудаваны ў пачатку XVI ст. Сьпярша належаў віленскаму капітулу. Камяніца перабудоваўлася ў сярэдзіне XVIII ст. і ў 1822 годзе. Спалучае асобныя элемэнты готыкі, рэнэсансу, барока і клясыцызму.
  • № 5 — 2-павярховы дом, які быў у валоданьні віленскаму капітулу.
  • № 7 — 3-павярховы дом, збудаваны ў сярэдзіне XVII ст.
Гатычны дом № 12
  • № 9 — дом, у якім у XIX ст. жыў гісторык Тэадор Нарбут[2]. Злучаецца аркай з домам № 11. За аркай пачынаецца вуліца Скопа.
  • № 11 — палац Масальскіх, збудаваны ў XVI ст. У 1832 годзе архітэктар Іван Лявіцкі злучыў камяніцу з суседнімі палацамі Плятэраў і Агінскіх. У 1965—1970 гадох рэстаўратары адкрылі аўтэнтычны фасад палаца.
  • № 13 — 3-павярховы дом з рысамі клясыцызму
  • № 19 — «Гімназіяльны дом» або «Сьвятаянскія муры». У пачатку XIX ст. тут жыў натураліст прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Станіслаў Юндзіл. З кастрычніка 1863 году ў кватэры № 16 чыноўніка віленскай казённай палаты Канстантына Жаброўскага пад імем Ігнацы Вітажэнец жыў Кастусь Каліноўскі, якога тут у ноч на 29 студзеня 1864 году арыштавалі расейскія карнікі[2].
  • № 21 — усходні фасад касьцёла Сьвятых Янаў, на якім месьціцца мармуровая памятная табліца з эпітафіяй роду Храптовічаў у стылі ракако (1759).

Цотны бок[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рог зь Сьвятаміхальскай вуліцай
  • №№ 4 і 6 — 2-павярховыя дамы, якія былі ў валоданьні віленскаму капітулу. Будаваліся ў XVI—XVII стагодзьдзях. Кутні дом № 6 злучаецца аркай з домам № 8. За аркай пачынаецца Бэрнардынская вуліца.
  • № 8 — кутні 3-павярховы дом. Мае рысы клясыцызму.
  • № 10 — дом, збудаваны ў XVI ст. У 1575 годзе Ганна Радзівіл прадала яго біскупу Валяр’яну Пратасевічу. У 1812 годзе тут спыняўся Юзэф Панятоўскі. У 1829—1830 гадох у доме жыў украінскі паэт Тарас Шаўчэнка. Пра гэты факт сьведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. Цяпер у будынку месьціцца гатэль «Atrium».
  • № 12 — 2-павярховы гатычны дом, збудаваны XVI ст.
  • № 14 — дом Яна Дэламарса. 3-павярховы дом збудавалі ў XVII ст.
  • № 16 (таксама Сьвятаміхальская, 2) — кутні 3-павярховы дом з кавярняй.
  • № 18 — кутні 3-павярховы дом з крамай, які належаў брацтву Сьвятой Ганны.
Колішняя кнігарня Сыркіна
  • № 22 — 3-павярховы дом, які гістарычна склаўся зь некалькіх дамоў. Гатычная камяніца на гэтых месцы належала Канстантыну Астроскаму. Барокавы фасад цяперашняга будынка зьвіўся ў XVIII ст., калі тут дзейнічаў калегіюм набіліюм пры Віленскім унівэрсытэце. Па скасаваньні ордэна езуітаў (1773) у 1781 годзе дом перайшоў да Мэдычнай школы, якая дзейнічала тут да 1842 году. Пра гэты факт сьведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка. У корпусе дом, што выходзіў на двор, былі кватэры прафэсараў Віленскага ўнівэрсытэту. Тут у 1811—1814 і 1817—1828 гадох жыў паэт Юльюш Славацкі. У гэтым жа доме ў 1923—1934 гадох жыў мастак Фэрдынанд Рушчыц. У 1999 годзе на будынку ўсталявалі памятную шыльду зь ягоным барэльефам. Цяпер у будынку на першым паверсе працуюць кнігарня і кавярня.
  • № 24 — 3-павярховы дом, у якім у 1832—1835 гадох жыў Юзэф Ігнацы Крашэўскі. Пра гэты факт сьведчыць памятная шыльда на фасадзе будынка.
  • № 26 — Дом сыгнатараў, філія Нацыянальнага музэю Летувы, адкрыты тут у 2000 годзе. Упершыню гэтая камяніца ўпамінаецца ў 1645 годзе. У канцы XIX ст. новы ўладальнік Казімер Штраль перабудаваў дом у стылі нэарэнэсансу. Першы паверх да 1939 году займала кавярня «Белы Штраль». На другім паверсе ў 1917—1918 гадох месьцілася Летувіская Тарыба, якая 16 лютага 1918 году абвясьціла тут незалежнасьць Летувы.
  • № 28 — дом Шварца. Камяніца на гэтым месцы стаяла з XVI ст. У XVII ст. зруйнаваны будынак набыў купец К. Шварц, які адрамантаваў яго і прадаў Віленскай акадэміі. Цяперашні фасад будынак атрымаў у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў.
  • № 30 — кутні 3-павярховы дом Скяндзерскіх. У кастрычніку 1863 году ў кватэры Канстантына Жаброўскага, што месьцілася ў гэтым доме, пасяліўся Кастусь Каліноўскі. 29 студзеня 1864 году расейскія карнікі арыштавалі яго ў гэтай кватэры[3].
  • № 32 — дом Ляховічаў, пазьней Ромэраў. У першай чвэрці XIX ст. тут знаходзілася кавярня «Вікторыя», якую любілі наведваць філярэты.
  • № 38 — дом, у якім з 1865 году месьцілася кнігарня Сыркіна. У 1903—1915 гадох тут працавала друкарня, у якой выйшаў апошні нумар газэты «Наша Доля»[4].
  • № 40 — дом, збудаваны ў XVII ст., з 1926 году тут працавала летувіская кнігарня.
  • № 44 (таксама вуліца Латочак, 2) — галерэя Мастацкай акадэміі Летувы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
  2. ^ а б Кастусь Лашкевіч, 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
  3. ^ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні, TUT.BY, 6 жніўня 2009 г.
  4. ^ Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.