Ушачы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вушачы»)
Ушачы
лац. Ušačy
Касьцёл Сьвятога Лаўрына
Касьцёл Сьвятога Лаўрына
Герб Ушачаў Сьцяг Ушачаў


Магдэбурскае права: 23 чэрвеня 1758
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Ушацкі
Насельніцтва: 5974 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2158
Паштовы індэкс: 211480
СААТА: 2249551000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°11′0″ пн. ш. 28°37′0″ у. д. / 55.18333° пн. ш. 28.61667° у. д. / 55.18333; 28.61667Каардынаты: 55°11′0″ пн. ш. 28°37′0″ у. д. / 55.18333° пн. ш. 28.61667° у. д. / 55.18333; 28.61667
Ушачы на мапе Беларусі ±
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Ушачы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Уша́чы, Вуша́чы — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Ўшачы. Адміністрацыйны цэнтар Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 5974 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 150 км на захад ад Віцебску, за 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Менск, Віцебск, Полацак, Лепель, Глыбокае, Докшыцы.

Ушачы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Полаччыны, якое пэўны час было цэнтрам рэгіёну. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барокавага клясыцызму комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Гераніма, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Ушачы ўтварыўся ад назвы ракі Ўшача, на якой узьнікла паселішча[2]. Тым часам гідронім, імаверна, мае мяшаны склад: фінска-вугорскую аснову і балтыйскі суфікс -ча і азначае 'хуткая вада'[3].

Афіцыйная назва мястэчка — Ушачы, тым часам мясцовыя жыхары таксама ўжываюць іншыя традыцыйныя варыянты найменьня: Вушачы, Вушача, Ушача, Ушач.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Ўшачаў

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян места, 16.07.1792 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Ўшачы як сяло ў Полацкім ваяводзтве датуецца XVI ст. У гэты час яны знаходзіліся ў валоданьні А. Сялявы[4]. У 1594 годзе паселішча стала цэнтрам воласьці.

У 1624 годзе маёнткам Ушачы валодаў Юзэф Кляноўскі, стольнік полацкі. На 1667 год маёнтак складаўся з трох вёсак; тут была прыстань і карчма, дзейнічалі царква і манастыр, рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы. Наступным гаспадаром Ушачаў у 1672 годзе стаў Давыд Радзімінскі Францкевіч, які ў 1677 годзе разам з жонкай заснаваў у мястэчку базылянскі манастыр. Пазьней мясьцінай валодалі Шчыты, Жабы, Плятэры.

У 1716 годзе падваявода полацкі Геранім Жаба разам з жонкай фундавалі ва Ўшачах касьцёл і кляштар дамініканаў, пры якім дзейнічалі шпіталь і школа[4]. 23 чэрвеня 1758 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку Магдэбурскае права і герб: «у белым полі каля залатой ракі выява Сьвятога Лаўрэна». Адначасна места атрымала права праводзіць таргі ў нядзелі і чацьвяргі, а таксама два кірмашы: першы — на Грамніцы, другі — на дзень Сьвятой Ганны. Кожны з кірмашоў працягваўся 4 тыдні[5].

Касьцёл Сьвятога Гераніма пры кляштары дамініканаў, 1833 г.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) Ушачы сталі сталіцай рэшты Полацкага ваяводзтва, якая засталася ў Рэчы Паспалітай. Тут зьбіраліся павятовыя соймікі. У 1787 годзе дамініканы збудавалі ў месьце двухпавярховы мураваны кляштар, а таксама заклалі школку на 6 клясаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ушачы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Лепельскага павету. У 1805 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка, цэнтру воласьці Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году тут на кароткі час спыняўся аддзел расейскага генэрала Вітгенштэйна, было некалькі сутычак з францускімі войскамі, пра што як памяць засталіся курганы. На думку доктара гісторыі, прафэсара, дырэктара Цэнтру напалеонаўскіх дасьледаваньняў Фэрнанда Бакура, ува Ўшачах з 22 на 23 ліпеня начаваў імпэратар Напалеон Банапарт[6].

У 1863 годзе дзеля здушэньня нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі касьцёл і кляштар дамініканаў ва Ўшачах разам з 3 касьцёламі ў ваколіцах мястэчка (Кублічы, Чашнікі і Палюдовічы). У 1905 годзе па рэлігійнай лібэралізацыі ў Расейскай імпэрыі распачаліся масавыя звароты па вяртаньне касьцёла і кляштару дамініканаў каталікам. У адказ на гэта расейскія ўлады пачалі праводзіць у колішнім касьцёле набажэнствы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1908 годзе местачкоўцы дамагліся дазволу на будаваньне новага касьцёла.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ўшачы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ушачы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Лепельскі павет («падраён») Віцебскага раёну[8], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Ўшачы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Полацкай, з 1935 году Лепельскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Ушачаў, а 28 лютага 2011 году — сьцяг мястэчка.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 716 чал. (334 муж. і 382 жан.), зь іх шляхты 2 муж. і 2 жан., духоўнага стану каталіцкага 3 муж., духоўнага стану праваслаўнага 1 муж. і 1 жан., мяшчанаў-юдэяў 284 муж. і 333 жан., сялянаў зямянскіх 40 муж. і 45 жан., аднадворцаў 2 муж. і 1 жан., адстаўных салдатаў 2 муж.[9]; 1846 год — 95 чал.; 1892 год — 652 чал.[10]; 1897 год — 1268 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 2046 чал.; 1941 год — 2,7 тыс. чал.; 1 студзеня 1945 году — 1012 чал.; 1969 год — 2459 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 6,1 тыс. чал.[11]; 2006 год — 5,8 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2009 год — 5514 чал.[12] (перапіс); 2016 год — 6030 чал.[13]; 2017 год — 5948 чал.[14]; 2018 год — 5974 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мястэчку працуюць сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, дзіцячая школа мастацтваў, цэнтар пазашкольнай працы зь дзецьмі.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў. Працуюць 9 калектываў аматарскай мастацкай творчасьці, 2 народныя: клюбы «Вэтэран» і народных майстроў, 1 узорны — дзіцячы хор школы мастацтваў; музэй народнай славы імя У. Лабанка.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдаецца раённая газэта «Патрыёт». У газэце працавалі народны мастак Беларусі Віктар Грамыка, пісьменьнікі Сяргей Законьнікаў і Алег Салтук. Выходзіць два разы на тыдзень — у сераду і суботу. Наклад звыш 3000 асобнікаў.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1969 годзе зьявіўся праект забудовы цэнтральнай часткі Ўшачаў. Згодна з генэральным плянам 1977 году цэнтар мястэчка захаваў гістарычны плян. Рэчка Ўшача падзяляе паселішча на 2 часткі. Левы бераг забудоўваецца пераважна індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу. На правым беразе знаходзіцца адміністрацыйна-грамадзкі цэнтар і асноўная жылая забудова. У цэнтры 2—5-павярховыя дамы. Вытворчая зона разьмяшчаецца на паўднёвы ўсход ад мястэчка.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Кастрычніцкая вуліца Далецкая (Долецкая?) вуліца
Леніна плошча Рынак пляц
Ленінская вуліца Глыбоцкая вуліца
Савецкая вуліца Полацкая вуліца
? Кубліцкая вуліца
? Падалецкая (Падолецкая?) вуліца
? Царкоўная вуліца

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Ушачы праходзяць аўтамабільныя дарогі Р29 (Ушачы — Вялейка), Р113 (Віцебск — Бешанковічы — Ушачы) і Р116 (Ушачы — Лепель).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Ўшацкі музэй народнай славы імя У. Лабанка[15].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ўсходняй ускраіне мястэчка знаходзіцца гарадзішча дняпроўска-дзьвінскай культуры і часоў Русі.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ушачский район, Витебский областной исполнительный комитет
  3. ^ Саўчанка В. З гісторыі Ушач, Radzima.org
  4. ^ а б Віталёва В. Ушачы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 694.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 247.
  6. ^ Гісторыя: дарэвалюцыйны пэрыяд, Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
  7. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 415.
  10. ^ Łopaciński A.K. Uszacz // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 852.
  11. ^ Віталёва В. Ушачы // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 294.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]