Вялікае Княства Літоўскае (энцыкляпэдыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікае Княства Літоўскае
Вокладка трэцяга тому энцыкляпэдыі з выявай Нясьвіскага палацу.
Вокладка трэцяга тому энцыкляпэдыі з выявай Нясьвіскага палацу.
КраінаБеларусь
Мова арыгіналубеларуская
ВыдавецтваБелЭн імя П. Броўкі
Выданьне2005—2010

«Вялікае Княства Літоўскае» — фундамэнтальная трохтомная энцыкляпэдыя на беларускай мове, прысьвечаная гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага.

У стварэньні даведніка ўдзельнічалі навукоўцы Інстытуту гісторыі і Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі, а таксама ўсіх беларускіх ВНУ.[1] Апрача беларускіх аўтараў, для энцыкляпэдыі пісалі свае артыкулы летувіскія, польскія, расейскія і ўкраінскія навукоўцы.[2]

У альфабэтных энцыкляпэдычных артыкулах зьмяшчаецца інфармацыя пра найбольш значныя гістарычныя і міжнародныя зьявы, якія паўплывалі на становішча Вялікага Княства Літоўскага, а таксама прававыя акты, цэнтральныя і мясцовыя органы ўлады. Вялікая ўвага ў энцыкляпэдыі надаецца дзяржаўным, рэлігійным і культурным дзеячам, а таксама прадстаўнікам княжацкіх і шляхецкіх родаў, шырока асьвятляецца грашовая і фінансавая палітыка. Значная частка артыкулаў прысьвячаецца помнікам архітэктуры, а таксама найбольш значным друкаваным і рукапісным кнігам, пэрыядычным выданьням. У энцыкляпэдыі таксама зьмяшчаюцца біяграфіі навукоўцаў ХІХ—ХХ стагодзьдзяў, якія зрабілі найбольш важкі ўнёсак у дасьледаваньне гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага.

Выданьне мае шмат ілюстрацыяў — каляровых і чорна‑белых фатаздымкаў, малюнкаў, мапаў і плянаў.[3]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі гісторык Аляксандар Краўцэвіч станоўча ацэньвае факт зьяўленьня энцыкляпэдыі і характарызуе яе як «вялікі прарыў у дасьледаваньні Вялікага Княства Літоўскага, дзяржавы, якая стварыла беларускі народ». У той жа час дасьледнік крытыкуе пэўныя моманты: падачу пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага згодна з г. зв. «канцэпцыяй Вячаслава Насевіча» (скарэктаванай вэрсіяй летувіскай гістарыяграфіі, якая ня мае дастатковага абгрунтаваньня ў гістарычных крыніцах), занадта нэўтральныя артыкулы пра адназначна нэгатыўных постацяў у беларускай гісторыі (гэтак, артыкул пра А. Суворава даручылі напісаць ягонай заўзятай прыхільніцы, эмігрантцы з Расеі, якая ня мае навуковай ступені), а таксама пэўныя факталягічныя недакладнасьці.[4]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]