Вялікі Бор (Хвойніцкі раён)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі Бор
трансьліт. Vialiki Bor
Дата заснаваньня: Перад 1600 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Вялікаборскі
Вышыня: 132 м н. у. м.
Насельніцтва: 658 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
Паштовы індэкс: 247602
СААТА: 3254812011
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°1′58″ пн. ш. 29°56′0″ у. д. / 52.03278° пн. ш. 29.93333° у. д. / 52.03278; 29.93333Каардынаты: 52°1′58″ пн. ш. 29°56′0″ у. д. / 52.03278° пн. ш. 29.93333° у. д. / 52.03278; 29.93333
Вялікі Бор на мапе Беларусі ±
Вялікі Бор
Вялікі Бор
Вялікі Бор
Вялікі Бор
Вялікі Бор
Вялікі Бор

Вялі́кі Бор[1]вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Вялікі Бор уваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Вялікаборскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карона Каралеўства Польскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Ці ня самая раньняя згадка пра паселішча датаваная 20 чэрвеня 1600 году, калі пан Шчасны Харлінскі, падкаморы кіеўскі, выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хвойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Храпкаў і яшчэ дзевяцю паселішчамі, а таксама на двор і частку зь сямі пляцаў у Кіеве[2]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Вялікі Бор належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[3].

Пры разьмежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага у сьнежні 1621 — студзені 1622 году мястэчка і вёску Хвойнікі, сяло Вялікі Бор пана Мікалая Харлінскага і сёлы Брагінскай воласьці за ракой Сычоўкай паны камісары згодна засьведчылі прыналежнымі да ваяводзтва Кіеўскага.[a] [4].

Герб Ястрабец зьменены паноў Абрамовічаў.

7 чэрвеня 1623 году датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родных братоў і сваякоў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчовае, Лаханію, Стралічаў, Паселічы, Малішаў[b][5]. У 1627 годзе пані Гальшка (Гэлена) Харлінская склала тэстамэнт, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча (Абрамовіча)[6], жанатага зь яе дачкой Евай. У 1628 годзе з шасьці дымоў вёскі Вялікі Бор і з двух у той ваколіцы названага маёнтку пана М. Абрагамовіча млыновых колаў выплачвалася адпаведна па 3 і па 6 злотых[7].

8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[c] нарэшце засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. У пераліку вёсак названы і Вялікі Бор[8].

Герб Сьвяты Юры (Георгі Пераможац) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году, з 9 дымоў вёскі Вялікі Бор Хвойніцкай воласьці князя Шуйскага выплачвалася 2 злотых; у другі раз — 2 злотых з 2 дымоў[9]. На 1698 год, як тое вынікае з інвэнтара маёнтку Хвойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім, берасьцейскім харунжым, у кіраваньне пану Зыгмунту Шукшце, у Вялікім Боры было 10 двароў. У рэвізіі 1716 году засьведчана наяўнасьць ужо 22 гаспадарак, адна зь якіх была вызваленая ад асноўных павіннасьцей (słoboda). Згодна з інвэнтаром 1721 году, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму, у Вялікім Боры налічваўся 21 двор[d], чыншу выплачвалася 119 злотых, 22 з паловай грошы, даніны мядовай (бельцаў) — 51[e]. Прозьвішчы жыхароў: Гардзеенка, Мартыненка, Ярмошанка, Радчык, Сачанка, Міненка, Літвіненка, Харошка (Chworoszko, Chorosczonko), Навуменка[11].

У ходзе асваеньня абшараў паміж Вялікім Борам і Маканавічамі пачасьціліся памежныя канфлікты. 28 лютага 1721 году пан маршалак мазырскі Антоній Аскерка са Слуцку зьвярнуўся зь лістом да князя Мікалая Шуйскага, харунжыча берасьцейскага, з просьбай, абы падданыя яго вялікаборскія падданым зь вёскі Ізбін (Ізбынь) крыўдаў не чынілі і ў грунты іхныя «nie wdzierali się». У ліпені 1722 году тым жа панам суседам князь М. Шуйскі пакліканы на суд Галоўнага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага за насланьне людзей вялікаборскіх на грунты ізбінцаў, дзе яны лес пасеклі, сенажаці пакасілі ды ўчынілі шматлікія гвалты. 26 кастрычніка 1722 году ў Мазырскім гродзе па справе маршалка Аскеркі і харунжыча Шуйскага панам Даніэлем Віслаухам засьведчана апісанае размежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Вялікі Бор і Ізбін[12].

У тарыфе падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1734 году сказана, што Вялікі Бор у складзе Хвойніцкай воласьці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасьцейскаму[13]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Вялікі Бор і Рудня Вялікаборская былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты і яе службы) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[14]. У 1754 годзе з 36 двароў (×6 — прыкладна 216 жыхароў) вёскі Вялікі Бор Хвойніцкага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачвалася 5 злотых і 18 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 22 злотых і 12 грошаў[15]. 30 чэрвеня 1764 году пасэсары Хойніцкіх добраў сужэнства Войцех і Анеля князі Шуйскія, старосты ніжынскія, выступілі ў Оўруцкім гродзе супраць пана кашталяніча наградзкага Багуслава Аскеркі за неаднаразовае насланьне падданых на грунты вёскі Вялікі Бор, учыненне там розных шкодаў і гвалтаў[16].

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у Вялікім Боры налічвалася адпаведна 5, 3 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хвойніцкага кагалу[17].

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб уласны роду Прозараў
Вялікі Бор, Дубровіца, Рудзенька на схематычным пляне Рэчыцкага павету, складзеным каля 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вялікі Бор — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[18]. Паводле рэвізіі 1795 году, тут было 59 двароў з 230 душамі мужчынскага і 189 жаночага полу прыгонных сялянаў[19]. У мэтрычных запісах Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы за 1795 год сустрэтыя зьвесткі пра хрост дзяцей і асьвячэньне шлюбаў жыхароў Вялікага Бору і Дубровіцы (яшчэ і пра памерлага)[20], з чаго вынікае іх прыналежнасьць тады і раней да прыходу названай царквы.

У «Камеральном описании... Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 году, вёска Вялікі Бор з паташным заводам названая сярод паселішчаў у складзе Хвойніцкіх добраў Людвіка Прозара[f], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[21]. Паводле праваслаўнага сьвятара Максіма Ярэміча, вялікаборцы нібыта заставаліся уніятамі ажно да 1831 году[22][g], калі тут была ўладкавана філія Астраглядавіцкага парафіяльнага касьцёлу. Але яшчэ ад 1796 году ў касьцёльных кнігах пачалі рэгулярна зьяўляцца зьвесткі аб задавальненьні духоўных патрэбаў людзей зь Вялікага Бору і Дубровіцы ксяндзамі братам-прапаведнікам (дамініканам) Бруна Лявіцкім, хвойніцкім капэлянам, і Тэадорам Чабаноўскім. У 1797 годзе таксама неаднаразова згадваліся могілкі пры мясцовай капліцы, а кс. Т. Чабаноўскі падпісваўся, акрамя таго, што астраглядаўскім альбо хвойніцкім вікарыем, і вялікаборскім капэлянам[23].

Курган Людвікі альбо фамільны склеп роду Прозараў у Хвойніках.
Фальварак Гудаў і сяло Вялікі Бор на мапе А. К. Фіцінгофа. 1846 г.

У шляхецкай рэвізіі 1811 года паведамляецца, што ў велікаборскай канторы маёнтку Хойнікі абознага Прозара эканомам служыў 68-гадовы Юзаф Бакіноўскі, а лоўчым — 39-гадовы Ваўжынец Бакіноўскі[24]. У 1828 годзе на могілках у Вялікім Боры знайшла часовы прытулак памерлая ў Берасьці Людвіка Канстанцыя Прозар, праз год перазахаваная мужам Каралем у Хвойніках[25]. Згодна з інвэнтаром 1844 году Хвойніцкага маёнтку Уладыслава Прозара, Вялікі Бор належаў да фальварку Гудаў[26]. У энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі» сказана, што на 1850 год тут было 69 двароў, 441 жыхар. Паводле «Списков населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.», 144 асобы мужчынскага і 146 жаночага пола зь ліку жыхароў Вялікага Бору належалі да Астраглядаўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[27]

Ад пачатку рэформавага пэрыяду сяло — у складзе Хвойніцкай воласьці. У сувязі з антырасейскім паўстаньнем рыма-каталіцкая філія была скасаваная, а жыхары Вялікага Бору, Дубровіцы павернутыя да праваслаўя[28][i]. У 1866 годзе дзеля выхаваньня тутэйшых дзяцей, а разам і іх бацькоў у духу вернасьці расейскай манархіі, у Вялікім Боры адкрыта народная вучэльня[29]. У жніўні 1868 году ў мясцовую царкву ад імпэратара Аляксандра ІІ была перададзена ікона Пакрова Найсьвяцейшай Багародзіцы[30]. На пачатак 1870 году ў сяле налічвалася 213 мужчынскіх душ сялян-уласьнікаў, прыпісаных да Вялікаборскага сельскага таварыства[31]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Раства-Багародзіцкай царквы, драўляны будынак якой узьведзены ў 1871 годзе, названыя настаяцель а. Іосіф Гарбацэвіч, в. а. штатнага псаломшчыка Іван Скараходаў. Да прыходу, акрамя сяла Вялікі Бор, належалі вёскі Ізбін (Ізбынь), Рудзенька і Дубровіца.[32]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 491-го мужчынскага і 493-х жаночага полу верных[33]. У 1886 годзе ў сяле 58 двароў, 527 жыхароў, конны млын[34]. Паводле перапісу 1897 года, 162 двары, 795 жыхароў, народная вучэльня, хлебазапасная крама, карчма.

На 1909 год у сяле Вялікі Бор Хвойніцкай воласьці налічвалася 184 двары, 989 жыхароў[35].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі Бор на мапе гэнштабу РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Вялікі Бор, аднак, у складзе Хвойніцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[36].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў Вялікаборскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) было адпаведна 61 і 120 вучняў[37].

Пасьля другога ўзбуйненьня БССР, з 8 сьнежня 1926 году Вялікі Бор — цэнтар сельсавету Хвойніцкага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. У 1930 годзе тут створаны калгас «Чырвоны Бор», працавалі цагельня, кузьня, стальмашня, вятрак. З 20 лютага 1938 году Вялікі Бор у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні вайны ў Вялікім Боры налічвалася 420 двароў, 1800 жыхароў[38]. У Вялікую Айчынную вайну, паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», у чэрвені 1943 году акупанты зьнішчылі 265 жыхароў, спалілі 262 двары. На франтах загінулі 118 вяскоўцаў.

З 8 студзеня 1954 году Вялікі Бор — у складзе Гомельскай вобласьці. Цэнтар саўгасу «Вялікаборскі». 15 жніўня 1974 году цэнтр сельсавету перанесены ў вёску Партызанская[39]. 25 лістапада 2008 году цэнтар сельсавету вернуты ў Вялікі Бор[40].

15 лютага 2024 году міністар энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч паведаміў, што пасёлак Вялікі Бор стаў першым у Гомельскай вобласьці, які цалкам перавялі на электраацяпленьне[41].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1930 год — 211 двароў, 1200 жыхароў
  • 1959 год — 988 жыхароў (паводле перапісу)
  • 1970 год — 1120 жыхароў
  • 1996 год — 418 гаспадарак, 1239 жыхароў
  • 1999 год — 1149 жыхароў
  • 2004 год — 1052 жыхары
  • 2006 год — больш за 1000 жыхароў
  • 2010 год — 775 жыхароў
  • 2021 год — 274 гаспадаркі, 658 жыхароў[42]

Традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У вёсцы захоўваецца абрад «Русальле»[43].

Вядомыя выхадцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Складаньне дакумэнту было завершана ў сяле князёў Жыжэмскіх Маканавічы ўжо Рэчыцкага павету ВКЛ.
  2. ^ Яшчэ названыя 13 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў».
  3. ^ 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродзкім судзе.
  4. ^ У хвойніцкай кнізе «Памяць» аўтары налічылі ажно «27 сем'яў», памылкова запісаўшы шасці вядікаборцам, якія дадаткова плацілі чынш зь іншага надзелу або агароду, па дзьве гаспадаркі замест адной[10]. Тое паўторана і ў вядомай на lapsus энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  5. ^ Нічога не сказана пра паншчыну, гвалты і дзякла (акрамя мёду); у інвэнтары 1698 г. такія зьвесткі ёсьць.
  6. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  7. ^ У досыць шырокім сьпісе рознаканфэсійных сьвятыняў «Камерального описания...» вялікаборская адсутнічае, таму сьцьвярджэньне М. Ярэміча, нібы каталіцкая капліца («ветхій деревянный костелъ») была ўладкаваная ў будынку уніяцкай царквы выглядае звыклай ужо ў яго выкананьні байкай.
  8. ^ Крыж усталяваны быў
    «на раздарожжы, дзе ад рэчыцкаго шляху паваротка чэраз Будзішча ідзе ў Гудоў... Хрэст сабе стаяў, усе, хто толькі ехаў або ішоў, то, як вядзецца паміж хрышчанымі людзьмі, скідаў шапку і хрысьціўся. Людзі прывыклі і радаваліся, бо, бач, недалека завод, а там жа смаляная нячыстая сіла арудуе, дак цяпер, баяўшыся сьвятога храста, меньш робіць капасьці.
  9. ^
    Аж ось настала воля, а далей мяцеж, дак трохі паждаўшы, наехало ўсялякаго начальства і папоў, да ўзялі дай увесь народ у Дубровіцы, у Ізбіне і ў Вялікім Бару перавярнулі на рускую веру, касьцёл перахрысьцілі на цэркву, а пасьля прычапіліся і да храста[h]. Ета — кажуць — варожы хрэст, панскі, ён несправядлівы хрэст, дак трэба яго зрубаць. — Хто ахвотнік зрубаць хрэст?! — крыкнуў станавы прыстаў, а ўсе маўчаць. Ён другі і трэйці раз гаркнуў так сама, а ўсе, бы начэ вады поўныя раты панабіралі. Тагды прыказаў старшыне прымусіць таго, на каго мае надзею, штоб рубаў, а старшына да мяне кажа: — Ты ж сьмялей за ўсіх, дак бяры сякеру і рубай! — Мяне — ку — трэйчы хрысьцілі: раз хрысьціў ксёндз, другі раз выскуб мінджаваў, а цяпер (грэх чы два) перахрысьціў поп, дак я безбожнікам не буду. — І ніхто не будзе! — крыкнулі ўсе ў адзін голас._І мы ўсе ашукаліся, бо ось выступіў дубровіцкі Каленік Лабада да ідзе к храсту. Тут мы ўсе так і абамлелі са страху, бо прачулі, што от зараз зробіцца нешто нядобрае — і зрабілася._Небавам хрэст упаў, а Каленік стаіць, раскарачыўшыся, і не варушыцца, да толькі мармыча, як немец. Яго паставіла колам. Бязбожніка забралі на сані, дай завезьлі ў Хвайнікі да лазарэту. Там ён памармытаў зо дзьве нядзелі, з рукамі і нагамі стылымі, як кольле, дай чорту аддаў свой паганы дух._(Апавядаў Кастуль з Вялікага Бору.)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 313
  2. ^ Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 60; Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 46 — 47
  3. ^ Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  4. ^ ŹD. T. XX: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—145.
  5. ^ ŹD. T. XXI. S. 637
  6. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 56
  7. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. – Киев, 1886. С. 396 – 397
  8. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 59
  9. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488 – 489, 507
  10. ^ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раёна (далей: Памяць) / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 27
  11. ^ НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 127адв., 131адв.-132, 139адв., 141адв.-142
  12. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 34 — 35
  13. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  14. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  15. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
  16. ^ AGAD. ApiJ. Sygn. 1. S. 35
  17. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  18. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  19. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 113-122адв.
  20. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а. А. 352-355адв.
  21. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71, 74
  22. ^ Минские епархиальные ведомости (далей: МЕВ). – Минск, 1870. № 5. С. 116, 120 – 121
  23. ^ НГАБ. Ф. 1781. Спр. 27. Спр. 202. А. 176-184адв., 215, 216, 239, 239адв.
  24. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 248
  25. ^ Клок Л. Д. Таямніца хойніцкага пергаменту. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, 1976. № 1. С. 21 – 22
  26. ^ НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475
  27. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
  28. ^ Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 434 — 435
  29. ^ Памяць. — С. 32
  30. ^ МЕВ. — Минск, 1870. № 5. С. 116
  31. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  32. ^ МЕВ. — Минск, 1876. № 10. С. 459
  33. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 44—46
  34. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  35. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 16
  36. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  37. ^ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  38. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 499
  39. ^ Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 15 жніўня 1974 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1974, № 25 (1435).
  40. ^ Решение Хойникского районного Совета депутатов от 25 ноября 2008 г. № 90 О переносе административно-территориального центра Великоборского сельсовета(недаступная спасылка)
  41. ^ Цэлы пасёлак у Гомельскай вобласьці перавялі на ацяпленьне электрычнасьцю // Партал «Наша ніва», 15 лютага 2024 г. Праверана 15 лютага 2024 г.
  42. ^ Інфармацыя пра насельніцтва Велікаборскага сельскага савету на 25.01.2021 г.
  43. ^ Як праганялі русалку

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]