Вялікі пост

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Вя́лікі пост — самы галоўны і строгі пост у Каталіцкім касьцёле і ў Праваслаўнай царкве. Папярэднічае Вялікадню.

Праваслаўная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі пост доўжыцца сем тыдняў перад Пасхай (Вялікаднем) і складаецца з саракадзённага посту (Чатырыдзясятніцы) і посту Страсной сядміцы ў памяць выратавальных страсьцяў Хрыстовых.

Ежа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя стравы — капуста і расольнік(en). Да гарачай капусты падаецца пірог з начыньнем з кашы. Ужываюцца пірагі з грыбамі, макам(be), гарохам(be), рэпай(be), капустай і ягадамі. Асноўная страва — каша. Спажываюцца таксама аладкі, бліны з грэцкай (чырвоныя) і пшанічнай (белыя) мукі(be), хрушчы й кісель(be). Да іх падаецца патака(en), цукар і мёд[1].

У Вялікі пост царкоўны статут дазваляе ўжываць алей толькі па суботах, нядзелях і ў дні памяці асабліва шаноўных сьвятых, а рыбу — толькі ў сьвяты Благавешчаньня і Ўваходу Гасподняга ў Ерусалім (Вербная нядзеля). Прычым тлушч і мяса выключаюць зь ежы ўжо ў апошні прадпосны тыдзень — Масьленіцу, ва ўсе дні якой дазваляецца ўжываць малочную ежу.

Падрыхтоўчыя тыдні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да Вялікага посту хрысьціяне рыхтуюцца тры тыдні, дзеля чаго ўсталяваныя:

  • нядзеля аб мытары і фарысеі;
  • Нядзеля аб блудным сыне;
  • Нядзеля мясапусная, аб Страшным судзе.

Загавіны адбываюцца ў сырапусную нядзелю, у якую ўспамінаецца Адамава выгнаньне з раю. Гэтая нядзеля таксама называецца «Даравальная».

Першая сядміца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая сядміца Вялікага посту адрозьніваецца асаблівай строгасьцю. У першыя чатыры дні на вячэрнім богаслужэньні чытаецца Вялікі пакаянны канон сьвятога Андрэя Крыцкага з прыпевамі: «Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне». У пятніцу Першай сядміцы па заканчэньні ранішняга набажэнства адбываецца асьвячэньне куцьці ў памяць аб вялікамучаніку Фёдары Ціроне.

1-я нядзеля, Пераможнасьці Праваслаўя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першую нядзелю Вялікага посту адбываецца сьвяткаваньне «Пераможнасьці Праваслаўя», усталяванае пры бізантыйскай царыцы Феадоры ў 842 годзе ў памяць канчатковай перамогі Праваслаўнай Царквы над усімі ерэтычнымі вучэньнямі, у асаблівасьці над апошнім зь іх — іканаборскім.

2-я нядзеля, Грыгорыя Паламы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая сядміца і нядзеля Вялікага посту называецца сядміцай і Нядзеляй сьвятлатворных пастоў: царква моліць Госпада аб жыватворным азарэньні ўсіх, хто посьціцца і каецца. У набажэнстве гэтай сядміцы і Нядзелі разам са скрухаю аб грахоўным стане чалавека ўхваляецца пост, як шлях да такога нутранога жыватворнага азарэньня. Сьвяціцель і цудатворца Грыгорый Палама, архіяпіскуп Салунскі (XIV ст.), памяць якога сьвяткуецца ў другую нядзелю, з асаблівай сілаю раскрыў праваслаўнае вучэньне аб жыватворным сьвятле і магчымасьці азарэньня ім чалавека праз малітву, пост і іншыя духоўныя подзьвігі самаахвярнасьці.

3-я, Крыжапаклонная нядзеля[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяя нядзеля Вялікага посту і наступная за ёю сядміца называецца Крыжапаклоннай, бо Царква ўслаўляе Сьвяты Крыж і духоўныя плады сьмерці на Крыжы Збавіцеля. На гэтым тыдні да пятніцы Сьвяты Крыж выносіцца на сярэдзіну храма і знаходзіцца там для пакланеньня вернікаў. Пры пакланеньні Крыжу ў царкве гучыць сьпеў: «Крыжу Твайму пакланяемся, Уладар, і Сьвятое Уваскрасеньне Тваё славім». Гэта дабравешчаньне аб Крыжы і пакланеньне яму ўсьцешна напамінаюць нам аб набліжэньні сьветлага сьвята Уваскрасеньня Хрыстовага.

4-я нядзеля, Іаана Лесьвічніка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Набажэнствы чацьвертай нядзелі ўслаўляюць падзьвіжніка VII стагодзьдзя прападобнага Іаана Лесьвічніка, аўтара кнігі «Лесьвіца раю». У сваім творы сьв. Іаан намаляваў шлях паступовага ўзыходжаньня чалавека па лесьвіцы духоўнай дасканаласьці. «Лесьвіца» ўказвае 30 ступеняў дасканаласьці, па колькасьці гадоў зямнога жыцьця Збавіцеля, Яго грамадскага служэньня чалавечаму роду.

5-я нядзеля, Марыі Эгіпэцкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пятую нядзелю Вялікага Посту Царква ўслаўляе сьвятую Марыю Эгіпэцкую. Жыцьцё блудніцы, якая раскаялася, вучыць нас, што ніякія грахі і беззаконнасьць ня могуць быць непераадольнай перашкодай на шляху чалавека да Бога, калі толькі гэты прыход дапаўняецца постам, малітваю і шчырым пакаяньнем.

Страсная сядміца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чатырыдзясятніцу і Страсную сядміцу падзяляе Вербная нядзеля. Перадвялікодная сядміца прысьвячаецца ўспаміну апошніх дзён зямнога жыцьця Хрыста, Ягоным пакутам на Крыжы, сьмерці і пахаваньню. Па велічы і важнасьці гэтых падзеяў кожны дзень сядміцы называецца сьвятым і вялікім. Вернікі праводзяць іх у строгім устрыманьні, шчырай малітве, у подзьвігах дабрадзейнасьці і міласэрднасьці - каб належным чынам сустрэць радаснае сьвята Вялікадня.

Каталіцкая традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных сьвятаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандраваньня, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з эгіпэцкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касьцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд зьвязаны з пакаяньнем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысьвечаны разважаньню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысьціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў зьвязаны з устрыманьнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алькаголю. Зьнешнімі праявамі Вялікага посту зьяўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзеньня, адсутнасьць у Сьвятой Імшы сьпеву «Альлелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сьціплае аздабленьне касьцёлаў, а зь пятай нядзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.

Вялікі тыдзень — апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысьвечаны разважаньню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Зьмёртвыхпаўстаньня Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацьвер — Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу — літургія на ўшанаваньне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя сьвятога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Сьвятую ноч (сьвяты пасхальны Трыдуум).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вялікі пост // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 сакавіка 2013 г. Праверана 19 сакавіка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вялікі постсховішча мультымэдыйных матэрыялаў