Вялікі рэйд Лісоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Рэйд Лісо́ўскага — эпізод вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 рокаў, у часе якога лісоўчыкі пад даводзтвам пана Лісоўскага зьдзейсьнілі паход углыб тэрыторыі Масковіі. Агулам у рэйдзе ўзялі ўдзел да 1200—2000[1] чалавек. Паход быў узгоднены з гетманам Хадкевічам, якому патрэбна было адцягнуць увагу маскавітаў ад аблогі Смаленску.

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы 1614 року ў Магілёве палкоўнік Аляксандар Язэп Лісоўскі абгаварыў з гетманам Хадкевічам магчымасьць глыбокага рэйду ў «маскоўскія межы» і атрымаў згоду і ўхвалу як манэўр, што адцягне ўвагу ад Смаленску. 12 студзеня 1615 року ў спэцыяльным унівэрсале Лісоўскі заклікаў пад свае харугвы «людзей, што перабываюць бяз службы», гатовых служыць без аплаты, толькі за дзелю ў ваеннай здабычы.

Падрыхтоўка да паходу вялася ў Смаленску. Аддзел складаўся з палякаў, літоўцаў, немцаў, татараў, украінцаў. Польская скарбніца не фінансавала паход, які меў карміцца цалкам коштам ваеннай здабычы. У першаснае ядро загону ўваходзіла 600 лісоўчыкаў, якія дзяліліся на 6 харугваў (сотняў). Паводле загаду гетмана Хадкевіча Лісоўскі выступіў у паход у другой палове лютага 1615 року. Першаю мэтою ягонага паходу быў Бранск.

Падзеі рэйду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісоўчыкі — удзельнікі рэйду Лісоўскага

13 сакавіка лісоўчыкі падышлі да Бранску, дзе знаходзіўся маскоўскі гарнізон, аднак узяць яго ня здолелі. Блякада места цягнулася больш за два месяцы, за якія Лісоўскі назапашваў сілы. Лік лісоўчыкаў падвоіўся коштам немцаў, данскіх казакоў і палякаў, прысланых Хадкевічам. Дачуўшыся пра падыход маскоўскага войска князя Юрыя Шахаўскога (7 тысячаў чалавек), Лісоўскі выйшаў насустрач і 19 чэрвеня атакаваў пад Карачавам. Нягледзячы на колькасную мяншыню, Лісоўскі здолеў разьбіць войскі князя Шахаўскога. У гэты час да Масквы з поўначы падышлі казакі атамана Балаўні, якія падтрымалі лісоўчыкаў.

Пасьля здушэньня мецяжу на поўначы маскоўскія ўлады сабралі супраць Лісоўскага новае войска з князем Пажарскім на чале. 23 жніўня за 6 кілямэтраў ад Арлу перадавы аддзел царскіх войскаў атакаваў лісоўчыкаў, сам Лісоўскі быў паранены стралой у руку, аднак кантратака лісоўчыкаў адкінула маскоўцаў. Князь Пажарскі страціў палову з 2000 вояў, але Лісоўскі ня стаў атакаваць умацаваньні, каб не панесьці вялікіх ахвяраў.

Праз 6 дзён, 29 жніўня, Лісоўскі нечаканым штурмам захапіў і спаліў Арол. Адсюль лісоўчыкі пайшлі на поўнач і ўжо 10 верасьня падышлі пад Болхаў. Стрэўшы тут супраціў, 11 верасьня спалілі аддадзены на волю лёсу Бялёў. У той жа дзень лісоўчыкі падышлі да Ліхвіну, аднак мясцовы гарнізон утрымаў абарону. 12 верасьня Лісоўскі ўзяў Перамышль. Тым часам князь Пажарскі сабраў сілы і пачаў перасьлед Лісоўскага, аднак, захварэўшы, адышоў у Калугу. Лісоўскі абышоў Калугу з захаду і неспадзявана ўдарыў на Ржэў, дзе знаходзілася буйное войска маскалёў пад даводзтвам Фёдара Шарамецева. Нечаканая атака забясьпечыла лісоўчыкам перамогу. Пад Ржэвам да Лісоўскага далучыліся 160 казакоў, аднак агульная колькасьць паменшылася за кошт сыходу немцаў і гібелі ці палону часткі ваяроў. У распараджэньні Аляксандра Лісоўскага заставалася 850 вершнікаў.

Пакінуўшы Ржэў, лісоўчыкі спалілі Таржок і, мінуўшы Кашына, падышлі да Вуглічу. 2 сьнежня лісоўчыкі спыніліся ў ваколіцах Раманава, захапілі Данілаву слабаду і рабавалі ваколіцы. Наступная здабычай стала Шуя. У канцы сьнежня 1615 року лісоўчыкі дайшлі да Мураму, аднак былі адбітыя мясцовым гарнізонам. 25 сьнежня царскі ваявода Фёдар Куракін дагнаў Лісоўскага ў раёне Алексіну, аднак апошні здолеў захаваць аддзел. 29 сьнежня лісоўчыкі падышлі да Ліхвіну і 3 студзеня 1616 зноў паспрабавалі яго ўзяць, дык беспасьпяхова. Пасьля гэтага войска Лісоўскага вярнулася на Літву, у Амсьціслаў.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Посьпех рэйду акрыліў палякаў, і праз два гады яны зладзілі Маскоўскі паход Уладыслава, спадзеючыся пасадіць каралевіча на маскоўскі сталец і заключыць унію між абедзьвюмя дзяржавамі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Леонтьев Я. Казак с картины Рембрандта // «Политический журналъ», 12 ноября 2007 — № 31 (174); (www.politjournal.ru)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Зорин А. В. Лисовчики: Александр Юзеф Лисовский и его полк в истории Смутного времени. — М.: Квадрига, 2017. — 236 с. — (Забытые войны России). — ISBN 978-5-91791-250-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]