Вісарыён Бялінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вісарыён Бялінскі
Бялінскі ў 1843 годзе, мастак К. Гарбуноў
Бялінскі ў 1843 годзе, мастак К. Гарбуноў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні рас. Виссарион Григорьевич Белынский
Нарадзіўся 30 траўня (11 чэрвеня) 1811[1][2][3][…] або 11 чэрвеня 1811(1811-06-11)[4]
крэпасьць Свэаборг, Фінляндыя, Расейская імпэрыя
Памёр 26 траўня (7 чэрвеня) 1848[1][3][4] (36 гадоў) або 7 чэрвеня 1848(1848-06-07)[4]
Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Пахаваны
Сужэнец Maria Orlov[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці крытык, пісьменьнік, публіцыст, філёзаф
Гады творчасьці 1830—1848
Кірунак літаратурная крытыка, публіцыстыка
Мова расейская мова[5][6][6][…]
Дэбют «Дзьмітры Калінін» (рас. «Дмитрий Калинин»; 1830)
Значныя творы «Літаратурныя летуценьні» (рас. «Литературные мечтания»; 1834)
Подпіс Выява аўтографу
Творы ў Вікікрыніцах

Вісарыён Рыго́равіч Бялі́нскі (11 чэрвеня [ст. ст. 30 траўня] 1811, крэпасьць Свэаборг, Хельсынкі, Фінляндыя — 7 чэрвеня [ст. ст. 26 траўня] 1848, Санкт-Пецярбург) — расейскі пісьменьнік, літаратурны крытык, публіцыст, філёзаф-заходнік.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзед будучага крытыка — сьвятар у сяле Бялыні Ніжняломаўскага павету Пензенскай губэрні. Вісарыён нарадзіўся 11 чэрвеня 1811 году, у сям’і флёцкага лекара Рыгора Нікіфаравіча Бялынскага (1784—1835) у Свэаборгу (Суамэнліна, цьвержа цяпер у межах Хэльсынкі, Фінляндыя), дзе ў той час служыў ягоны бацька.[7]. Раньняе дзяцінства Вісарыёна супала зь першымі гадамі Вялікага княства Фінляндзкага. У далейшым (1816) бацька перасяліўся на службу ў родны край і атрымаў месца павятовага лекара ў горадзе Чамбары.

Навучыўшыся чытаць і пісаць у настаўніцы, Вісарыён быў аддадзены ў нядаўна адчыненую ў Чамбары павятовую вучэльню, адкуль у 1825 годзе перайшоў у губэрнскую гімназію, дзе правучыўся тры з паловаю гады, але курсу (на той час чатырохгадовага) ня скончыў, бо гімназія яго не задавальняла, і задумаў паступіць у Маскоўскі унівэрсытэт. Выкананьне задумы было вельмі нялёгкім, бо бацька, праз абмежаванасьць сродкаў, ня мог забясьпечваць Вісарыёна ў Маскве; але юнак вырашыў бедаваць, каб толькі быць студэнтам. У жніўні 1829 году ён быў залічаны ў студэнты па славесным факультэце, напрыканцы таго ж году прыняты на казённы рахунак. Паступаючы, будучы крытык «ашляхеціў» прозьвішча, зьмякчыўшы яго як «Бялінскі».

Унівэрсытэцкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бялінскі ў маладосьці

З 1829 да 1832 году вучыўся на славесным аддзяленьні філязофскага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту. Паступленьне ва ўнівэрсытэт, апроч іспытаў, было зьвязана з цэлым шэрагам фармальнасьцяў. У прыватнасьці, патрабавалася парука «аб непрыналежнасьці да таемных таварыстваў», якую забясьпечыў генэрал Дурасаў — знаёмы родзічаў Бялінскага. У Маскоўскім унівэрсытэце тады ўжо зьявіліся маладыя прафэсары — прадвесьнікі бліскучага ўнівэрсытэцкага жыцьця 40-х гадоў. Лекцыі Мікалая Надзеждзіна і Міхаіла Паўлава ўводзілі слухачоў у кола ідэяў германскай філязофіі (Шэлінга і Окена). Гэтае захапленьне злучала студэнтаў у гурткі, зь якіх у далейшым выйшлі дужа ўплывовыя дзеячы расейскай літаратуры і грамадзкага жыцьця. У гэтых гуртках Бялінскі й знайшоў сваіх сяброў і аднадумцаў (Герцэна, Агарова, Станкевіча…) Пад уплывам тагачаснай філязофіі і рамантычнай літаратуры Бялінскі стварыў трагедыю «Дзьмітрый Калінін», якая вылучалася рэзкімі антыпрыгоньніцкімі настроямі. Трапіўшы ў цэнзуру(якая складалася тады з унівэрсытэцкіх прафэсараў), трагедыя ня толькі не была дапушчаная да друку, але й падштурхнула Вісарыёна да адлічэньня з унівэрсытэту «празь няздатнасьць»[8]. Застаўшыся без усякіх сродкаў, Вісарыён зарабляў урокамі і перакладамі францускіх раманаў. Бліжэй пазнаёміўшыся з прафэсарам Надзеждзіным, ён пачынае перакладаць артыкулы для заснаванага ў 1831 часопісу «Тэлескоп» і ў верасьні 1834 стварае свой першы сур’ёзны крытычны артыкул.

Літаратурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты крытычны артыкул «Літаратурныя летуценьні. Элегія ў прозе» (Литературные мечтания. Элегия в прозе), ёсьць бліскучым аглядам гісторыі расейскай літаратуры і вылучаецца высноваю Бялінскага, што ў сучасных яму расейцаў «няма літаратуры» ў ягоным разуменьні, а ёсьць невялікая колькасьць пісьменьнікаў. Але «прыйдзе час, — асьвета разальецца ў Расеі шырокаю плыняй, разумовае аблічча народу высьветліцца… Але цяпер нам трэба вучэньне!…»

Другі літаратурны агляд Бялінскага (1836) прасякнуты тым жа духам адмаўленьня: дастаткова назвы — «Нішто аб нічым, альбо справаздача сп. выдаўцу „Тэлескопу“ за апошняе паўгодзьдзе расейскай літаратуры». Але зьяўленьне аповесьцяў Гогаля і вершаў Кальцова ўжо дае крытыку надзею на лепшую будучыню.

У тыя гады Бялінскі знаходзіўся пад уплывам гуртка Станкевіча, дзе ў той час ў бясконцых камэнтарах і спрэчках вывучалася філязофская сыстэма Гегеля і дзе галоўным аратарам быў Міхаіл Бакунін.

Напрыканцы 1839 году Бялінскі пераяжджае ў Пецярбург, згадзіўшыся ўзяць на сябе крытычны аддзел у «Айчынных Запісках». З таго часу рэчаіснасьць, на якую раней Бялінскі глядзеў праз ідэалістычную прызму, прымушае яго зьмяніць характар крытыкі — яна становіцца больш грамадзкай. «Свабода творчасьці лёгка ўзгадняецца з служэньнем сучаснасьці; для гэтага ня трэба сябе прымушаць пісаць на тэмы… трэба толькі быць грамадзянінам, сынам свайго грамадзтва і сваёй эпохі…»

Апроч штогадовых аглядаў расейскай літаратуры, Бялінскі публікаваў артыкулы пра Дзяржавіна, Лермантава, Майкова, шэраг артыкулаў пра Пушкіна. Здароўе ж ягонае пагаршалася — разьвіваліся сухоты. Увосень 1845 году ён вытрымаў моцную хваробу, што пагражала жыцьцю, а напачатку 1846 году пакінуў «Айчынныя запіскі». Пасьля ён стаў супрацоўнікам новага часопісу «Сучасьнік» («Современник»). У 1845 годзе ім быў адасланы знакаміты ліст да Гогаля[9], дзе Бялінскі абураецца адыходам раней ухваленага ім Гогаля ад ранейшых пазыцыяў.

Паездка за мяжу ў 1847 не дала ніякага выніку, і Бялінскі, ціха згасаючы, памёр 26 траўня (7 чэрвеня) 1848 году ў Санкт-Пецярбургу. Пахаваны на Літаратарскіх мастках Воўкаўскіх могілак.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стаўшы, паводле Вароўскага, «першым разначынцам»[10], Бялінскі, як прадвесьнік новага этапу ў расейскім рэвалюцыйна-вызваленчым руху, рыхтаваў для будучыні гэтага руху глебу і надалей быў неаднаразова названы «бацькам расейскай інтэлігенцыі».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вісарыён Бялінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў