Габсбургі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Габсбургі і ім спадкаемная сям’я Габсбургаў-Лятарынскіх былі адной з найважнейшых правячых дынастыяў Эўропы, і найлепш вядомыя як гаспадары Гішпаніі і Аўстрыі. Час іх гаспадараньня ахоплівае шэсьць стагодзьдзяў.

Пачатак дынастыі Габсбургаў палягае ў супрацьстаяньні паміж папам Грыгорыюсам X і каралём Сыцыліі ў пытаньні скліканьня чарговага крыжовага паходу. У 1273 годзе, каб дамагчыся падтрымкі Імпэрыі, папа Грыгорыюс пераканаў нямецкіх уладароў абраць графа Рудольфа Габсбурга на імпэратарскі пасад.

Аднак сапраўднае ўзвышаньне Габсбургаў пачалося, калі Фрыдрых V Габсбург, кароль Нямеччыны з 1440 году, быў каранаваны Сьвятым Рымскім Імпэратарам у 1452 годзе пад імем Фрыдрых ІІІ. Тытул імпэратараў захаваўся ў сям’і Габсбургаў і іх непасрэдных спадкаемцаў, Габсбургаў Лятарынскіх, да самага ануляваньня Імпэрыі ў 1806 годзе зь невялікімі перапынкамі ў 1610-х і 1740-х гадох.

Некаторыя дынастыі ваявалі, каб дамагчыся вяршыняў улады, іншыя пайшлі шляхам інтрыгаў і змоваў, але Габсбургі пайшлі шляхам шлюбаў. Яны пачалі з Аўстрыі, а пасьля ажаніліся на Нідэрляндах, Бургундыі, Мілянскім герцагстве, Сыцыліі і, зрэшты, Гішпаніі з усімі яе ўладаньнямі ў Амэрыцы. Найвышэйшы ўздым Габсбургаў прыйшоўся на час гаспадараньня Карла V, імпэратара Сьвятое Рымскае Імпэрыі (1516-1556), над чыёй імпэрыяй «ніколі не заходзіла сонца».

Пасьля яго сьмерці Габсбургі падзяліліся на дзьве лініі: Гішпанскія Габсбургі (да 1700 году) ды Аўстрыйскія Габсбургі (да 1780 году). Прамымі спадкаемцамі аўстрыйскае лініі дому былі Габсбургі Лятарынскія, якія знаходзіліся на Аўстрыйскім, а пасьля Аўстра-Вугорскім троне да 1918 году.

Кароткая гісторыя дому Габсбургаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя дынастыі паходзіць ад назвы іх радавога замку Габсбург, які знаходзіцца ў сёняшнім швайцарскім кантоне Ааргаў. Габсбурскі замак быў радавым гняздом і цэнтрам улады дынастыі на працягу XI—XIII стагодзьдзяў і знаходзіўся ў герцагстве Швабія, на тэрыторыі Сьвятое Рымскае Імпэрыі.

Зь цягам часу сям’я Габсбургаў пашырыла свой уплыў з паўднёва-заходняе Нямеччыны на паўднёва-ўсходнія абшары Імпэрыі, прыблізна, тэрыторыя сёняшняе Аўстрыі. Ажаніўшыся на Марыі, спадкаемцы Бургундыі, Максыміліян І атрымаў кантроль над Нідэрляндамі. Ягоны сым Філіп Прыгожы ажаніўся на Хуане, будучай каралеве Кастыліі — так Карл V стаў спадкаемцам Гішпаніі, паўднёвае Італіі, Аўстрыі і Нідэрляндаў. У 1580 годзе сын Карла, Філіп ІІ таксама атрымаў у спадчыну Партугалію і яе калёніі.

Падзел дынастыі на аўстрыйскую і гішпанскую лінію адбыўся ў 21 красавіка 1521 году, калі Фэрдынанд І атрымаў у кіраваньне ад Карла V (таксама вядомы як Карл І, кароль Гішпаніі) землі Аўстрыі. Аўстрыйскія Габсбургі трымалі (з 1556 году) тытул імпэратараў Сьвятое Рымскае Імпэрыі, габсбурскія спадкаемныя землі, каралеўствы Багеміі і Вугоршчыны, а гішпанскія Габсбусргі гаспадарылі над каралеўствамі Гішпаніі, Нідэрляндамі, уладаньнямі ў паўднёвае Італіі і, непрацяглы час, Партугаліяй.

Гішпанскія Габсбургі зьніклі ў 1700 годзе са сьмерцю Карла ІІ. Яго сьмерць стала пачаткам і прычынай для вайны за Гішпанскую спадчыну. Аўстрыскія лінія скончылася ў 1780 годзе са сьмерцю Марыі Тэрэзіі. Спадкаемцы Марыі Тэрэзіі і яе мужа Франца Стэфана, герцага Лятарынскага працягнулі Габсбурскую лінію пад імем Габсбургаў Лятарынскіх.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Габсбургісховішча мультымэдыйных матэрыялаў