Гайна (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гайна
лац. Hajna
Месца касьцёла
Месца касьцёла
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Лагойскі
Сельсавет: Гайненскі
Насельніцтва: 551 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1774
Паштовы індэкс: 223121
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°14′54.0690″ пн. ш. 27°42′36.4835″ у. д. / 54.2483525° пн. ш. 27.710134306° у. д. / 54.2483525; 27.710134306Каардынаты: 54°14′54.0690″ пн. ш. 27°42′36.4835″ у. д. / 54.2483525° пн. ш. 27.710134306° у. д. / 54.2483525; 27.710134306
Гайна на мапе Беларусі ±
Гайна
Гайна
Гайна
Гайна
Гайна
Гайна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Га́йна[1] — вёска ў Беларусі, на сутоках Бярэзіны і Гайны. Цэнтар сельсавету Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 551 чал. Знаходзіцца за 10 км ад Лагойску, за 40 км ад Менску, за 45 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы.

Гайна — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, адна з найстарэйшых рымска-каталіцкіх парафіяў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі віленскага барока касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш імаверным зьяўляецца паходжаньне тапоніму Гайна ад беларускага слова гай, менш імаверна супастаўленьне зь дзеясловам гаіць — 'абараняць'. Беларуская форма Гайна перайшла ў летувіскую мову як Айна (пры такой асыміляцыі звычайна зьнікае пачатковае «г»)[2], што дае падставы некаторым дасьледнікам прыпісваць тапоніму летувіскае паходжаньне (ад ainis — 'унук' або ainija — 'патомства').

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Гайна ўпамінаецца гісторыкам XV стагодзьдзя Янам Длугашам сярод уладаньняў вялікіх князёў. У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Лагойскага княства[3].

Касьцёл. Н. Орда, 29.06.1876 г.

Паводле некалькіх гістарычных крыніцаў XV—XVI стагодзьдзяў, Гайна была адным зь першых 10 паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага, у якіх Ягайла ў 1386 годзе заснаваў касьцёлы. Аднак польскі дасьледнік Ежы Ахманскі высьвятліў, што заснаваньне каталіцкай сьвятыні адбылося крыху пазьней — яшчэ ў 1397 годзе касьцёл не існаваў, бо ў гэтым годзе Вітаўт запісаў дзесяціну з Гайны на карысьць касьцёла Сьвятога Станіслава ў Вільні. Менавіта гэты дакумэнт фіксуе першы беспасярэдні ўпамін пра сёньняшнюю Гайну[4].

У 1514 годзе мясцовы касьцёл наведаў вялікі князь Жыгімонт Стары ў зьвязку зь сьвяткаваньнем перамогі над маскоўскімі захопнікамі ў Бітве пад Воршай. У 1522 годзе пры касьцёле адкрылася школа. Пад 1560 годам Гайна ўпамінаецца як мястэчка, цэнтар староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У 1789 годзе ў Гайне на месцы струхнелага драўлянага ўзьвялі мураваны касьцёл.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл, каля 1900 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1792 год) Гайна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Докшыцкім, з 1796 году Барысаўскім паветах. На 1795 год у мястэчку быў 61 двор. У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Гайне народную вучэльню. У 1867 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы)[5]. У 1891 годзе ў Гайне пачалі працаваць мукамольнае і крупяное прадпрыемствы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку быў 131 двор, на 1909 год — 116 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Гайну занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гайна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам сельсавету Лагойскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1970 год тут было 256 двароў, на 1992 год — 214, на 1996 год — 302. У 2000-я гады Гайна атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 450 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1882 год — каля 400 чал.[6]; 1897 год — 818 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 889 чал.; 1970 год — 915 чал.; 1992 год — 792 чал.; 1996 год — 710 чал.[7]; 1999 год — 673 чал.; 2000 год — 653 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 551 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гайне працуюць сярэдняя школа, дзіцячы садок, лякарня, бібліятэка, дом культуры.

У 1990-я гады ў вёсцы збудавалі царкву.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж на месцы касьцёла

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 246.
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 66.
  3. ^ Насевіч В. Гайна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 451.
  4. ^ Насевіч В. У складзе Вялікага княства Літоўскага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: 2003.
  5. ^ Насевіч В. У складзе Расійская імперыі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лагойскага р-на. У 2 кн. Кн. 1. — Мн.: БелЭн, 2003. — 555, [1] с.: іл. ISBN 985-11-0280-6.
  6. ^ Jelski A. Hajna // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 9.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 439.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]