Галубіцкая пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Галубіцкая пушча — лясны масіў і гідралягічны заказьнік дзяржаўнага значэньня ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласьці. Плошча 20 тыс. га.

Уяўляе сабой мазаічнае спалучэньне леса-балотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, а таксама буйных натуральных вадаёмаў, якія знаходзяцца ў водазборным басэйне вярхоўяў ракі Бярэзіны.

Расьліннасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лясамі пакрытыя 70 % тэрыторыі, 18% займаюць балоты. Ядром заказьніка зьяўляюцца масівы сфагнавых і пераходных балотаў, якія разьмешчаныя ў яго паўночнай частцы. Лясы ў асноўным прадстаўлены сярэднеўзроставымі хвойнікамі, у меншай ступені ельнікамі, чорнаалешнікамі, бярэзьнікамі. Вельмі рэдка сустракаюцца фрагмэнты шыракалістых лясоў.

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіны, якая зьяўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказьніка. Даўжыня ракі ў межах ТВП складае 40 кілямэтраў. Рэчышча яе вельмі зьвілістае і часта разгалінаванае, багатае на пратокі і невялікія пясковыя выспы, якія затапляюцца ў паводку. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказьніка працякае праз абалонавае возера Медзазол. Другое буйное возера Межужол разьмешчанае сярод сфагнавых балатоў і зьвязанае зь Бярэзінай мэліярацыйнымі каналамі і ракой Чарніцай. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінэралізацыяй і высокай колернасьцю. Возера зарастае слаба. У выніку правядзеньня асушальнай мэліярацыі і торфараспрацовак у заходняй і часткова ў паўднёва-ўсходняй частках заказьніка гідралягічныя ўмовы тэрыторыі значна трансфармаваліся.

Рэдкія і зьнікаючыя віды флёры, занесеныя ў Чырвоную кнігу, прадстаўлены 9 відамі расьлінаў і 1 відам грыбоў.

Жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі сустракаецца 140 відаў птушак, два зь якіх — арлан-белахвост (1 пара) і драч (10 самцоў) — знаходзяцца пад глябальнай пагрозай зьнікненьня, а 24 занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. ТВП Галубіцкая пушча мае асаблівае значэньне для захаваньня наступных відаў: чорны бусел, скапа, арол-маркут.

Гаспадарчая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З гаспадарчай дзейнасьці пераважае лесакарыстаньне. Тарфяныя радовішчы на тэрыторыі Галубіцкай Пушчы зьяўляюцца адной з асноўных у раёне базаў здабычы прамысловай сыравіны. Мясцовыя жыхары на тэрыторыі заказьніка зьбіраюць ягады і грыбы, займаюцца паляваньнем і рыбнай лоўляй.

Інфармацыя для турыстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галубіцкая пушча — радзіма Язэпа Драздовіча. Месца правядзеньня шматлікіх плэнэраў беларускіх мастакоў, прысьвечах земляку.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галубіцкая пушчасховішча мультымэдыйных матэрыялаў