Галяктычная рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Галяктычная рэспубліка
Арганізацыя «Зорных войнаў»
Эмблема Рэспублікі
Эмблема Рэспублікі
Форма кіраваньняАднапалатная фэдэральная рэспубліка
Афіцыйная моваАсноўная
СталіцаКарусант
КіраўнікВярхоўны канцлер
ГалоўнакамандуючыМіністар абароны, пазьней Вярхоўны канцлер
Кіраўнік урадуВярхоўны канцлер
Выканаўчы органОфіс Вярхоўнага канцлера
Заканадаўчы органГаляктычны сэнат
Судовы органВярхоўны суд
Валютарэспубліканскія крэдыты
Заснаваньне25 053 ДБЯ
Падзел19 ДБЯ (абвяшчэньне Новага парадку)
Сканчэньне існаваньня0 ДБЯ (роспуск Галактычнага сэнату)
Рэарганізаваная ўГаляктычная імпэрыя

Галякты́чная рэспу́бліка (па-ангельску: The Galactic Republic) — назва міжплянэтарнай дзяржавы ў выдуманым сьвеце «Зорных войнаў» у пэрыяд 25 053 — 0 д. б. я. Галоўным заканадаўчым органам зьяўляўся Галяктычны сэнат на чале зь Вярхоўным канцлерам. Цягам 25 тысячаў гадоў падтрымлівала дэмакратычную форму кіраваньня, аднак напрыканцы свайго існаваньня яе эфэктыўнасьць была зьнівэляваная пашырэньнем бюракратыі, што сталася прычынай пераўтварэньня яе ў імпэрыю. Гэты працэс падрабязна прадстаўлены ў першых трох сэрыях «Зорных войнаў» (эпізоды I—III). У арыгінальнай трылёгіі, якая руйнуе імпэрыю і аднаўляе рэспубліку, для адрозьненьня ад новага ладу першая Галяктычная рэспубліка завецца «старой».

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэспубліка была створаная ў 25 053 року д. б. я. падпісаньнем на Карусанце першай Галяктычнай канстытуцыі. Стварэньне міжплянэтнае дзяржавы стала магчымае дзякуючы вынаходніцтву гіпэрпераходу, які злучыў мноства зорных сыстэмаў Галяктычнага ядра. У склад Рэспублікі ўвайшлі некалькі тысячаў сыстэмаў. Дакладна невядома, чаму сталіцаю Рэспублікі стаў Карусант: магчыма, гэта была родная плянэта людзей альбо проста найбольш магутная сыстэма на той час.

Галяктычны сэнат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Рэспублікі

Кожная з плянэтаў-удзельніцаў абірала свайго прадстаўніка ў Галяктычным сэнаце — сэнатара. Сэнат быў галоўным заканадаўчым органам, а кожная з сыстэмаў мела ўласныя органы кіраваньня, адпаведныя іхным традыцыям: ці то манархіі, ці то дэмакратыі, ці то камуны. Адпаведна і сэнатар мог абірацца альбо прызначацца. Сэнат зьбіраўся на Карусанце.

Пасьля ўзмацненьня і пашырэньня сфэры ўплыву Рэспублікі ў ейны склад былі ўключаныя новыя сыстэмы, і каля 1000 року ДБЯ была праведзеная рэарганізацыя Сэнату. Новадалучаныя тэрыторыі былі аб’яднаныя ў сэктары, што складаліся прыкладна з 50 населеных сыстэмаў, і кожны сэктар быў прадстаўлены ў Сэнаце дэлегацыяй. Пасьля таго, як колькасьць сэктароў значна ўзрасла, яны былі аб’яднаныя ў рэгіёны, якіх налічвалася каля тысячы. Кожны з рэгіёнаў быў прадстаўлены адной дэлегацыяй у Сэнаце.

Будынак, дзе адбываліся сходы Сэнату, зьмяшчаў 1024 лятучыя плятформы для рэгіянальных сэнатараў і іхніх дэлегацыяў. Некаторыя зь іх прызначаліся для пэўных зацікаўленых груповак (кшталту Гандлёвай фэдэрацыі) альбо для просьбітаў, што зьвярталіся да Сэнату.

Чальцы Сэнату абіралі са свайго складу Вярхоўнага канцлера — старшыню Сэнату і фактычнага кіраўніка Рэспублікі. Ён меў намесьніка — віцэ-канцлера, які, імаверна, абіраўся такім сама чынам. Сэнат меў магчымасьць надаваць Вярхоўнаму канцлеру выключныя правы або выказваць яму вотум недаверу.

Законы, прынятыя Сэнатам, былі абавязковымі для ўсіх чальцоў Рэспублікі, аднак яны датычылі ў асноўным разьвязаньня спрэчак між сыстэмамі, забесьпячэньня агульнай абароны ды рэгуляваньня міжсыстэмнага гандлю. Астатняе заканадаўства ўсталёўвалі лякальныя ўрады сыстэмаў-чальцоў (рэгіёнаў, сэктароў ці асобных плянэтаў) фэдэрацыі. Джэдаі выконвалі ня толькі абарончую функцыю Рэспублікі і ейных грамадзянаў, але былі таксама прадстаўнікамі Сэнату ў розных частках Рэспублікі і мэдыятарамі ў міжсыстэмных спрэчках.

У апошнія гады свайго існаваньня Рэспубліка праз стварэньне асобных кланаў-лябістаў ператварылася ў кармупаваную дзяржаву з узрослай сацыяльнай несправядлівасьцю. Сэнат быў падзелены на тых, хто жадаў захаваць шматгадовыя вартасьці й ідэалы Рэспублікі, і тых, хто імкнуўся да рэалізацыі ўласных мэтаў. Пасьля сэрыі слабых і малаэфэктыўных канцлераў, а таксама крызісу, выкліканага блякадай Гандлёвай фэдэрацыяй плянэты Набу, дзеля падвышэньня эфэктыўнасьці кіраваньня быў абраны новы моцны канцлер, які меў спыніць карупцыю.

Абраны Вярхоўным канцлерам Палпатын з плянэты Набу сьпярша ўзмацніў свае пазыцыі, стварыўшы ўласную ахову — Чырвоную гвардыю. Пасьля дзеля захаваньня спакою было ўведзенае абмежаваньне правоў, у тым ліку і Сэнату, а Палпатын атрымаў пашыраныя паўнамоцтвы дзеля вырашэньня канфлікту на Набу.

Рада джэдаяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рада джэдаяў

Абавязкам джэдаяў была ахова міру ў Рэспубліцы, таму яны мелі значную палітычную вагу ў дзяржаве. Найбольш славутыя джэдаі (такія, як Ёда ды Мэйс Вінду) ўваходзілі ў Раду, якая фактычна знаходзілася на вяршыні ўлады ў Рэспубліцы. Хоць фармальна джэдаі былі падсправаздачныя Вярхоўнаму канцлеру, ніхто зь іх не ўплываў на рашэньні Рады да Палпатына, які сваім загадам увёў у ейны склад Энакіна Скайоўкера. Насуперак свайму жаданьню Рада джэдаяў прыняла Энакіна ў свой склад, аднак без прысваеньня яму статусу майстра.

Войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля свайго стварэньня цягам тысячаў гадоў Рэспубліка мела ўласнае войска і флёт. Аднак пасьля Руусанскай рэформы ўзброеныя сілы былі расфармаваныя, засталася толькі малая частка гэтак званых міратворчых сілаў ды рыцары-джэдаі ў якасьці «ахоўнікаў міру».

Асобныя гандлёвыя арганізацыі, такія як Гандлёвая фэдэрацыя і Камэрцыйная гільдыя, мелі войскі з дроідаў дзеля абароны сваёй маёмасьці і зрэдку карысталіся гэтым, як у прыкладзе з уварваньнем на Набу. Асобныя плянэтныя сэктары маглі мець уласныя сілы бясьпекі, як на той жа Набу або на Карэліі. Аднак над гэтымі войскамі не існавала цэнтралізаванага камандаваньня, і адзіным спосабам прымяненьня прынятых Сэнатам законаў было выкарыстаньне абмежаванага кантынгенту рыцараў-джэдаяў. Гэта часам давала магчымасьць унутрырэспубліканскім аб’яднаньням кшталту Гандлёвай фэдэрацыі ды іншых картэляў з дастатковай колькасьцю ўзброеных сілаў навязваць сваю волю Рэспубліцы.

Усё зьмянілася з пачаткам клянічнае вайны. Рэспубліка, ня маючы контрааргумэнтаў супраць Канфэдэрацыі незалежных сыстэмаў, прыняла рашэньне пра стварэньне войска, хоць гэтаму і супрацьстаяла мноства сэнатараў, якія асьцерагаліся пачатку ўзброенага канфлікту. Калі стала зразумела, што Канфэдэрацыя не зьбіраецца дамаўляцца з Рэспублікай, у якасьці асновы Вялікай арміі рэспублікі былі скарыстаныя клоны, таемна створаныя на плянэце Каміна на запыт майстра-джэдая Сайфа-Дыяса. Пазьней узброеныя сілы Рэспублікі былі ўзмоцненыя тэхнікай, клонамі зь іншых крыніцаў ды звычайным вайсковым прызывам, і празь некалькі рокаў па бітве за Джэанозыс сталі наймагутнейшай сілай у Галяктыцы. Заплянаваная канцлерам Палпатынам хуткая мілітарызацыя Рэспублікі ў часе клянічнае вайны мела сур’ёзныя наступствы: уплыў Сэнату быў абмежаваны, асноўнай моцай ураду зрабілася войска, і Рэспубліка пакрысе скацілася да ўсталяванага Палпатынам Новага парадку.

Заняпад Рэспублікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Цьмянай пагрозе» Рэспубліка прадстаўленая загразлай у карупцыі. У выніку бязьдзеяньня канцлера Вэлорума ў разьвязаньні канфлікту з Гандлёвай фэдэрацыяй у 32 д. б. я. ён зьменены прадстаўніком плянэты Набу Палпатынам. Тэрмін знаходжаньня канцлера на пасадзе быў абмежаваны, аднак Палпатын займаў гэты пост значна даўжэй з прычыны павышэньня ягоных паўнамоцтвах і зацяглай пагрозы з боку сэпаратыстаў ды «змовы джэдаяў».

Пасьля абраньня Палпатына кіраўніком Сэнату асобныя сыстэмы і арганізацыі аб’ядналіся ў канфэдэрацыю з намерам выйсьці са складу Рэспублікі. У адказ Сэнат на прапанову прадстаўніка Джа Джа Бінкса надзяліў канцлера пашыранымі паўнамоцтвамі, і першым ягоным крокам у спробе спыніць сэпаратыстаў стала стварэньне вялізнага войска клонаў. Дагэтуль Рэспубліка абыходзілася паслугамі адных джэдаяў, аднак наяўнасьць у Канфэдэрацыі незалежных сыстэмаў уласнага войска дроідаў вымагала ад Рэспублікі стварэньня рэгулярнай арміі. У рэшце рэшт канфлікт між Рэспублікай і сэпаратыстамі перайшоў у поўнамаштабную вайну, названую клянічнай.

У далейшым Сэнат яшчэ некалькі разоў дэлегаваў Вярхоўнаму канцлеру надзвычайныя паўнамоцтвы ў імя бясьпекі, Палпатын стаў галоўнакамандуючым і фактычна мог ігнараваць Сэнат пры прыняцьці рашэньняў, зрабіўшыся дыктатарам (хоць ён і так меў у Сэнаце перавагу).

Зь цягам клянічнае вайны пагаршаліся адносіны Палпатына з Ордэнам джэдаяў. Сябры Рады джэдаяў лічылі небясьпечным рост паўнамоцтваў канцлера, тым больш за кошт абмежаваньня функцыяў Сэнату, якому яны былі абавязаныя служыць. У рэшце рэшт джэдаі і асобныя сэнатары пачалі падазраваць, што Палпатын не зьбіраецца вяртаць свае пашыраныя паўнамоцтвы, што пацьвердзілася ў раманізацыі 3-й сэрыі, калі Палпатын прызначыў у розныя плянэтныя сыстэмы сваіх губэрнатараў з падразьдзяленьнямі жаўнераў-клонаў.

Па сьмерці лідэраў сэпаратыстаў графа Дуку і генэрала Грывуса, а таксама высьвятленьня, што Палпатын насамрэч ёсьць сытхам, джэдаі прывялі ў выкананьне плян па ўратаваньні Рэспублікі. Аднак іхняя спроба арышту Палпатыну была сарваная, пасьля чаго Вярхоўны канцлер выдаў загад на вынішчэньне джэдаяў па ўсёй галяктыцы. Гэты загад быў таемна ўпраграмаваны ва ўсіх клонаў пры іхнім стварэньні.

Мноства джэдаяў ва ўсіх канцах Рэспублікі, захопленыя зьнянацку, палі ахвярамі ўласных падначаленых-клонаў. Джэдаі з храму на Карусанце былі забітыя аддзелам элітных штурмавікоў на чале з Дартам Вэйдэрам, былым джэдаем Энакінам Скайўокерам, які ўласнаручна забіў мноства зь іх, у тым ліку падаванаў, што праходзілі навучаньне ў храме.

У Сэнаце Палпатын распавядае гісторыю пра спробу ягонага забойства, праведзенага джэдаямі. Называючы гэта «паўстаньнем», у ходзе якога джэдаі зьбіраюцца забіць і сэнатараў, каб захапіць уладу, Вярхоўны канцлер абвяшчае джэдаяў ворагамі Рэспублікі. Адначасна ён паведамляе пра сваё рашэньне пра пераўтварэньне Рэспублікі ў Галяктычную імпэрыю, якая больш ня будзе асьцерагацца зьнешніх пагрозаў. Зьнявечаны змаганьнем зь Вінду Палпатын становіцца першым імпэратарам, што большасьць сэнатараў успрымае шквалам аплядысмэнтаў.

Зрэшты, па меры згасаньня клянічнае вайны безумоўная падтрымка Палпатына стала зьнікаць. У гэты пэрыяд паўстае аб’яднаньне асобных сэнатараў, незадаволеных аўтарытарызмам і абураных вынішчэньнем джэдаяў, якое заснавалі такія ўплывовыя палітыкі, як Бэйл Аргана, Мон Мотма, а пазьней і прынцэса Лея Аргана. Надалей гэтае аб’яднаньне ператварылася ў апазыцыйную імпэрыі сілу — Паўстанцкі альянс.

Праз 25 000 гадоў існаваньня Рэспубліка спыніла існаваньне. Сэнат дзейнічаў і пры імпэратары як чыста дарадчы орган. Адзіным заканадаўцам стаўся дыктатар Палпатын. Прыкладна праз два дзесяцігодзьдзі, наконадні бітвы за Явін, імпэратар выкрыў існаваньне апазыцыі, якая была пагрозай ягонаму татальнаму кіраваньню, і распусьціў імпэрскі сэнат — апошнія перажыткі былой рэспублікі. Уся выканаўчая ўлада сканцэнтравалася ў руках ягоных рэгіянальных губэрнатараў, выключыўшы ўдзел грамадзтва у якім-кольвек уплыве.

Аднаўленьне рэспублікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Новая рэспубліка (Зорныя войны)

Адначасна з спробай паўстанцаў зьнішчыць другую Зорку сьмерці Энакін Скайўокер вяртаецца на сьветлы бок, забіваючы Палпатына, такім чынам зьнішчыўшы апірышча Галяктычнай імпэрыі і аднавіўшы балянс Сілы.

Па зьнішчэньні Зоркі сьмерці і гібелі імпэратара скончылася грамадзянская вайна ў Галяктыцы. Паўстанцкі альянс аднавіў дэмакратычны лад кіраваньня, які стаў вядомы пад назвай Новая рэспубліка.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]