Ганза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ганза — гандлёвая ліга паўночных і цэнтральных нямецкіх і некаторых суседніх гарадоў у 13-17 ст. на чале зь Любэкам. Першапачаткова, у 12-13 ст., саюз вандроўных купцоў (называліся «купцамі Рымскай імпэрыі»), што ператварыўся ў аб’яднаньне гарадоў, якія гэтыя купцы прадстаўлялі.

Назва Нямецкая Ганза ўпершыню выкарыстана ў 1356. Ганза валодала манаполіяй на гандаль у басэйнах Паўночнага і Балтыйскіх мораў, яна мела канторы і факторыі ў зручна разьмешчанных гарадах (Бруге, Лёндане, Бэргене, Ноўгарадзе, Вісьбю і інш.) У Любэку — перавалачным пункце і палітычным цэнтры — адбываліся агульныя зьезды ганзейскіх гарадоў, рашэньні якіх былі абавязковыя для ўсіх чальцоў саюзу.

За ўвесь час існаваньня ў Ганзу ўваходзіла каля 200 гарадоў. Росквіт прыпаў на другую палову 14 — першую палову 15 ст. Пад канец 16 ст. яна саступіла сваю ролю ангельскім, галяндзкім і францускім купцам. Заняпад быў абумоўлены празьмернай рэглямэнтацыяй і кансэрватызмам унутранага жыцьця, перамяшчэньнем міжнародных шляхоў зносінаў, ростам мясцовага купецтва і зьнешняга гандлю. Зьезд 1669, на якім было прадстаўлена 6 гарадоў, стаў апошнім.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1980 годзе ў нідэрляндзкім горадзе Зволе (правінцыя Авэрэйсэл) заснавалі Cаюз гарадоў «Ганза». У 2000 годзе зацьвердзілі Статут «Ганзы», які прадугледжваў культурны абмен, перадачу зьвестак і пашырэньне гандлю[1]. На 1 лістапада 2013 году Саюз гарадоў «Ганза» ўлучаў 181 горад у 16 краінах Эўропы, у тым ліку беларускія Віцебск і Полацак[2]. На 2020 год Бюро «Ганзы» месьцілася ў ратушы Любэка (зямля Шлезьвіг-Гальштайн) па Шырокай вуліцы, д. 62[3]. У склад «Ганзы» прымалі гарады, якія падалі архіўныя сьведчаньні пра разьмяшчэньне ў сябе ганзейскага прадстаўніцтва цягам некалькіх гадоў[4].

На 2020 год у Саюзе гарадоў «Ганза» ўдзельнічала 195 гарадоў з 16 краінаў: Нямеччына — 103 (52,8%), Польшча — 23, Нідэрлянды — 19, Расея — 16, Латвія — 8, Ангельшчына і Эстонія — па 5, Швэцыя — 4, Беларусь, Ісьляндыя, Фінляндыя і Шатляндыя — па 2, Бэльгія, Летува, Нарвэгія і Францыя — па 1[5].

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сход. Улучае па прадстаўніку ад кожнага горада-ўдзельніка. Зацьвярджае пастановы большасьцю галасоў прысутных. Выбірае Прыэзыдыюм, ухваляе мерапрыемствы і вызначае горад для правядзеньня Ганзейскіх дзён на прапанову Камісіі. Прымае і выключае гарады[6]. Паводле 9-га артыкула Статуту 2014 году, Сход «Ганзы» зьбіраў заяўкі на правядзеньне Ганзейскіх дзён за 15 гадоў[7].
  • Камісія. Склікаецца двойчы на год. Абіраецца на 3 гады. Улучае па прадстаўніку ад кожнай краіны, а таксама 5 прадстаўнікоў ад Нямеччыны. Рыхтуе правядзеньне Ганзейскіх дзён. Кіруе мерапрыемствамі пасьля ўзгадненьня з Прызыдыюмам[8].
  • Прэзыдыюм. Складаецца са старшыні і 2 намесьнікаў ад 3 краінаў Эўропы. Абіраецца на 3 гады. Рыхтуе паседжаньні Камісіі і Сходу, якім прапануе мерапрыемствы на ўхвалу[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дзейная сетка (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  2. ^ Дыяна Серадзюк. На чым «стаiць» сучасны Ноўгарад // Зьвязда : газэта. — 2 лістапада 2013. — № 208 (27573). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Кантакты (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  4. ^ Сяброўства (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  5. ^ Ганзейскія гарады (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  6. ^ Арганізацыя (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  7. ^ Статут 2014 году (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  8. ^ Камісія (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.
  9. ^ Прэзыдыюм (ням.) // Саюз гарадоў «Ганза», 2020 г. Праверана 6 студзеня 2020 г.