Ганцавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ганцавічы
лац. Hancavičy
Герб Ганцавічаў
Дата заснаваньня: 1898
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Ганцавіцкі
Насельніцтва: 13 925 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1646
Паштовы індэкс: 225432
СААТА: 1216501000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°45′42″ пн. ш. 26°25′40″ у. д. / 52.76167° пн. ш. 26.42778° у. д. / 52.76167; 26.42778Каардынаты: 52°45′42″ пн. ш. 26°25′40″ у. д. / 52.76167° пн. ш. 26.42778° у. д. / 52.76167; 26.42778
Ганцавічы на мапе Беларусі ±
Ганцавічы
Ганцавічы
Ганцавічы
Ганцавічы
Ганцавічы
Ганцавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://gantsevichi.brest-region.gov.by/

Га́нцавічы — места ў Беларусі, на рацэ Цне. Адміністрацыйны цэнтар Ганцавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 925 чалавек[1]. Знаходзяцца за 250 км ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Лунінец — Баранавічы.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Імёны ліцьвінаў

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім «Ганцавічы» ёсьць вытворным ад прозьвішча Ганцэвіч[2]. Адзначаліся старажытныя германскія імёна Hanto і Hanco[3].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Hancewicze (1882 год)[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучаснае места Ганцавічы ўзьнікла ў 2-й палове XIX ст. як паселішча пры чыгуначнай станцыі, якое атрымала назву ад суседняй вёскі Ганцавічаў (у наш час фактычна прылягае да места з паўднёвага захаду). Гэтая вёска ўпершыню ўпамінаецца ў сярэдзіне XVII ст. як шляхецкая ўласнасьць у Клецкай ардынацыі Радзівілаў[5]. Ганцавічы ўваходзілі ў Пінскі павет Берасьцейскага ваяводзтва. На 1652 год у аднайменным маёнтку было 24 валокі зямлі.

У 1773 годзе ўладальнік фальварку Ганцавічаў Г. Макавецкі вылучыў яго з маёнтку Круговічаў і прадаў наваградзкаму падваяводу Ю. Абуховіча. У гэты час у вёсцы было 15 сядзібаў, дзейнічала царква Сьвятога Антонія. У 1777 годзе, паводле падатковага тарыфу, Ганцавічы знаходзіліся ў Клецкай парафіі і налічвалі 15 дымоў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ганцавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слуцкім павеце Менскай губэрні. У 2-й палове ХІХ ст. вёска знаходзілася ў валоданьні графа С. Чапскага.

У 1884 годзе з будаваньнем Палескай чыгункі зьявілася станцыя Ганцавічы, у ваколіцах якой пачалася прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу, а таксама сыравіны па вытворчасьці шкла. У 1888 годзе ўва ўрочышчы Ельні маёнтку Ганцавічаў пры станцыі Ганцавічах пачалося будаваньне паравой лесапільні. Завод месьціўся там, дзе цяпер знаходзіцца аўтобусная станцыя. У 1899 годзе на тым месцы, дзе цяпер разьмяшчаецца Ганцавіцкі хлебазавод і Дом школьнікаў, дзейнічаў шклозавод прамыславікоў В. Краеўскага і Столя, дзе выраблялася аконнае, люстэркавае і высакаякаснае бэмскае шкло.

У кастрычніку 1902 году Менская губэрнская ўправа зацьвердзіла плян забудовы мястэчка пры станцыі Ганцавічах. У ім адзначалася, што першапачаткова паселішча месьцілася ўва ўрочышчы Ельні пры станцыі Ганцавічах Палескай чыгункі Круговіцкай воласьці. Там жа ёсьць запіс, што паселішча ўтварылася ў 1898 годзе. Прычынай узьнікненьня, паводле дакумэнта, зьявілася пабудова завода Краеўскага і Столя, продаж лесу ў маёнтку Ганцавічах і Круговічах, а таксама ў маёнтку князя Радзівіла, разьмешчанага паблізу станцыі Ганцавічаў і ўрочышча Ельні. У паселішчы налічвалася 86 будынкаў, зь якіх адзін быў мураваным. На 1909 год на станцыі было 48 двароў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ганцавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ганцавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Круговіцкай гміне Лунінецкага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 193 будынкі. У 1930-я гады у мястэчку дзейнічалі царква, касьцёл і дзьве сынагогі, працавалі пошта, тэлеграф, паліцэйскі пост, лекар і фэльчар. Існавалі гасьцініцы Сачалава, Слуцкага, Ганцэвіча, Ліса і Ўшэравіцкага (цана пакоя ў дзень ~1,5 злотага), быў рэстаран Красінскага (абед ~1 злоты), кавярня Грамбецкага. У 1934 годзе пажар зьнішчыў драўляны каталіцкі касьцёл (збудаваны ў 1921 годзе) і большую частку забудовы мястэчка.

У 1939 годзе Ганцавічы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году сталі цэнтрам раёну і атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 490 двароў. У Другую сусьветную вайну з 30 чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году Ганцавічы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У 1962—1966 гадох мястэчка было ў складзе Ляхавіцкага раёну. 6 сьнежня 1973 году Ганцавічы атрымалі статус места.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1897 год — 633 чал.[6]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1026 чал.[7]; 1921 год — 1015 чал. (496 муж. і 519 жан.); 1935 год — 2,3 тыс. чал.; 1940 год — 2690 чал.; 1970 год — 5,2 тыс. чал.[8]; 1970 год — 4882 чал.[9]; 1973 год — 6,9 тыс. чал.; 1991 год — 14,5 тыс. чал.; 1997 год — 15,9 тыс. чал.[10]; 1998 год — 16,1 тыс.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год - 14 722 чал.[11]; 2006 год — 14,7 тыс. чал.; 2008 год — 14,8 тыс. чал.; 2009 год — 13 894 чал.[12] (перапіс); 2015 год — 14 043 чал.[13]; 2016 год — 13 887 чал.[14]; 2017 год — 13 925 чал.[15]; 2018 год — 13 925 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Ганцавічах працуюць 5 дашкольных установаў, 3 сярэднія школы, гімназія, адзін ліцэй с/г вытворчасьці, адмысловая школа-інтэрнат.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі (адна зь іх дзіцячая), дом культуры, дом рамёстваў, краязнаўчы музэй, кінатэатар.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
17 верасьня вуліца Першая вуліца
Гагарына вуліца Другая вуліца
Кастрычніцкая вуліца Касьцельная вуліца
Матросава вуліца Шпітальная вуліца
Савецкая вуліца Трэцяя вуліца
Чырвонаармейская вуліца Чыгуначная вуліца[16]

Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў і лясной прамысловасьці.

  • ААТ «Модуль»
  • Філія «Ганцавіцкі хлебазавод» РУВП «Берасьцехлебпрам»
  • ААТ «Ганцавіцкі райаграсэрвіс»

На поўнач ад Ганцавічаў разьмяшчаецца РЛС «Волга» (Азярэчча, Клецкі раён; 52°51′27″ пн. ш. 26°28′55″ у. д. / 52.8575° пн. ш. 26.48194° у. д. / 52.8575; 26.48194), што ўваходзіць у склад расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе. На баявым дзяжурстве з 1 кастрычніка 2003 году. Станцыя дэцымэтровага дыяпазону дазваляе адсочваць пускі МБР на паўночна-заходнім ракетанебясьпечным кірунку. Паводле дамоваў, падпісаных 6 студзеня 1995 году, уся нерухомая маёмасьць і заняты «Волгай» і яе інфраструктурай пляц знаходзяцца ў карыстаньні расейскаму боку на 25 гадоў (да 2020 году).

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Ганцавіцкі краязнаўчы музэй, Дом рамёстваў. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

Зоны адпачынку знаходзяцца на усход ад Ганцавічаў у хваёвым бару каля ракі Цны (урочышча Горкі), а таксама на паўднёвай ускраіне места (пляж «Паўднёвы»).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Могілкі юдэйскія
  • Сядзібна-паркавы комплекс Падарэўскіх (1840-я)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Зьвеставаньня Паньне Марыі (1934—1935)

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 67.
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 3, 747—748.
  4. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 25.
  5. ^ Пазднякоў В. Ганцавічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 494.
  6. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  7. ^ Герасіменя В. Першыя крокі, Ганцавіцкі краязнаўчы музэй
  8. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  9. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 221.
  10. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 31.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 220.
  12. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  14. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]