Гарадзенская беларуская гімназія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гарадзенская беларуская гімназія — навучальная ўстанова ў Горадні, якая існавала ў першай палове XX стагодзьдзя.

У сярэдзіне кастрычніка 1920 году дэлегацыю БНК прыняў гарадзенскі стараста А. Розен, які паабяцаў перадаць для беларускага прытулку і гімназіі, якія часова разьмясьціліся па вул. Сафійскай (цяпер Леніна), памяшканьне, забясьпечыць іх харчаваньнем і, наогул, падтрымаць беларускую адукацыю. 20 лістапада 1920 году Гарадзенскі БНК зьвярнуўся да прэзыдэнта Горадні Э. Лістоўскага з просьбай аб дапамозе [1].

Гімназія пачала працу 29 лістапада 1920 дзякуючы намаганьням Тарашкевіча і Іваноўскага на месцы сучаснага драматычнага тэатра. Пасьля навучальная ўстанова была пераведзена ў Архіерэйскі дом (зараз вул. Горкага 2/2)[2].

Настаўнікамі ў ёй працавалі: П.Тамашчык, В.Кулікоўскі, У.Курбскі, Я.Натусевіч, Адам Трыпус, А.Мальчэўская, Г.Кухарчук, М.Алюшкава, Сяргей Баран, Аляксандра Смоліч і праз кароткі час Сымон Рак-Міхайлоўскі.

Для дзяцей ня з гораду пры гімназіі існавала «бурса», інтэрнат па Ерусалімскай вуліцы (сучасная Антонава). Каб засяліцца ў бурсе, трэба было прывезьці з сабою: сорак фунтаў жытняй і дзесяць ячменнай мукі, дзесяць крупы, два фунты сала, свой ложак, сеньнік і два камплекты спальнай бялізны.

Польскія ўлады ў 1921 годзе спынілі дзяржаўнае фінансаваньне гімназіі. Таму ў новым навучальным годзе заняткаў яна не распачала.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]