Гарадная

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарадная
лац. Haradnaja
Траецкая царква
Траецкая царква
Герб Гарадной
Дата заснаваньня: 1592
Магдэбурскае права: 1670
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Столінскі
Сельсавет: Гараднянскі
Насельніцтва: 871 чал. (2015)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1655
Паштовы індэкс: 225522
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 51°52′11″ пн. ш. 26°29′59″ у. д. / 51.86972° пн. ш. 26.49972° у. д. / 51.86972; 26.49972Каардынаты: 51°52′11″ пн. ш. 26°29′59″ у. д. / 51.86972° пн. ш. 26.49972° у. д. / 51.86972; 26.49972
Гарадная на мапе Беларусі ±
Гарадная
Гарадная
Гарадная
Гарадная
Гарадная
Гарадная
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гарадна́я[2] — вёска ў Беларусі, на возеры Татарскім Стойле[3]. Цэнтар сельсавету Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2015 рок — 871 чалавек[1]. Знаходзіцца за 28 км на захад ад Століна, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь.

Гарадная — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захавалася драўляная царква Сьвятой Тройцы, помнік архітэктуры XVIII ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім Гарадная ўтварыўся ад старажытнай назвы агароджы — гародні[4]. Мясцовая дыялектавая назва мястэчка — Городна́.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 студзеня 1592 року пісар Пінскага замку Флярыян Маркоўскі заснаваў каралеўскае мястэчка Гарадную. Гэтая падзея апісваецца ў лісьце караля і вялікага князя Жыґімонта Вазы да пінскага маршалка Пятра Дастаеўскага[5]. У сьнежні 1653 року Гарадную зьнішчылі татары[6], пра што сьведчыць гарадэнскі войт Самойла Васьковіч у прысязе, складзенай 9 верасьня 1654 року[7]. У палон вывялі каля 700 жыхароў[8], у полымі загінулі дакумэнты Магдэбурскага права, пра што ўпамінаецца ў прывілеі 1670 року[9]. У 1664—1665 роках у мястэчку Гарадной Кігіраўскага войтаўства Пінскага павету на пастоі разьмяшчаўся драґунскі полк Кальштына[10].

5 лістапада 1670 року паводле хадайніцтва старосты пінскага Яна Караля Млоцкага кароль Міхал Вішнявецкі ўзнавіў Гарадной Магдэбурскае права, якое пацьвярджалі сваімі канфірмацыйнымі прывілеямі каралі Ян Сабескі 1 сакавіка 1677 року, Аўгуст Сас 4 студзеня 1759 року[11] і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 30 сьнежня 1773 року[7]:

« …з унясеньнем тады да нас Панамі-Радаю і ўраднікамі нашымі, якія пры нашым боку, ад высакароднага Яна Кароля Млоцкага, старосты нашага пінскага, за мястэчкам Гарадною названым, у Пінскім старостве разьмешчаным, у ягоным на той час беспасярэднім трыманьні, надумалі мы прыгаданаму мястэчку Гарадной усялякія вольнасьці, якія служаць майдэборскаму праву, сілаю даўнейшых, якія ім празь непрыяцеля загінулі, надаць і зацьвердзіць...[12] »
Мескі герб з прывілею 1792 р.

Паводле прывілею 1670 року, «…мяшчане нашыя гарадэнскія войта, бурмістраў, радцаў, лаўнікаў або рымскае, або таксама грэцкае рэлігіяў, якія ёсьць у Вуніі Сьвятой, раз у тры леты сярод сваіх абіраючы, і якія ў тамтэйшым магістраце засеўшы, усялякія справы, як крымінальныя, гэтак і іншыя ўсялякія запісамі, облігамі, зарукамі, ці іншаю якою назваю названымі, пад суд свой майдэборскі падлеглыя...». Апэляваць гарадэнцы маглі да пінскага старосты. У крайнім разе была магчымасьць зьвяртацца і ў каралеўскі суд. Жыхары места мелі права «...солад, мёд, піва, гарэлку не адно на сваю ўласную патрэбу, але і на шынковы продаж рабіць, з выплатай чопавага, да скарбу Вялікага Княства Літоўскага прыналежнага...[9]».

Паводле інвэнтару 1747 року, у мястэчку Гарадной было 8 вуліцаў (Высацкая, Падлеская, Карпілаўка, Ад возера, Жаўкінская, Астроўская, Красная і Гарадэнская), квадратны Рынак з старою царквою. 147 гаспадароў жылі на 160 заселеных пляцах, яны валодалі 48 валокамі зямлі, мелі 71 вала, 17 коней, 119 агародаў, 889 засьцянковых маргоў. Акрамя таго, у мястэчку пуставала 40 пляцаў, 58 валок, 31 агарод, 149 маргоў. На войта Людвіка Даманскага і царкву былі зарэзэрваваныя 20 пляцаў і 13 валок[a]. Паводле люстратарскага інвэнтару 1765 року, мяшчане Гарадное валодалі 184 пляцамі, 64 валокамі, 165 агародамі, 1062 маргамі[b].

Старая царква. Я. Мінін, 1927 р.

У 1776 року Гарадную, як і ўсе мястэчкі Вялікага Княства Літоўскага, пазбавілі Магдэбурскага права. Уладальнік Пінскае эканоміі Міхал Казімер Агінскі і адміністратар эканоміі пінскі падстароста Мацей Бутрымовіч сталі змушаць гарадэнцаў да адпрацоўкі паншчыны і іншых павіннасьцяў звыш інвэнтару 1765 року. Гарадэнцы адмовіліся падпарадкоўвацца ды ігнаравалі новыя патрабаваньні. Выбарныя мяшчане наведалі ў 1784 року Варшаву, дзе выхадайнічалі ў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага аберагальны ліст. Таксама гарадэнцы распачалі цяжбу ў Літоўскай асэсорыі супраць М. К. Агінскага і М. Бутрымовіча, якая ў 1790 року спынілася з прычыны вайсковае інтэрвэнцыі Расеі. У 1789 року другі люстратарскі інвэнтар Гарадное з парады М. Бутрымовіча быў складзены, не выяжджаючы ў мястэчка. Паводле яго падаткі вырасьлі ў 5 разоў у параўнаньні з 1747 рокам. Гарадэнцы адмовіліся выконваць новы інвэнтар, запісаўшы пратэст у Пінскім земскім судзе[7].

Закон аб местах 18 красавіка і Канстытуцыя 3 траўня 1791 року, якія ўраўновалі ў правох мяшчан Рэчы Паспалітае са шляхтаю, і прывілей аднаўленьня Магдэбурскага права 17 сакавіка 1792 року давалі надзею на сканчэньне прэтэнзіяў з боку магнатаў. У гэтым прывілеі герб Гарадное апісваецца ў выглядзе лася, які мае залатыя рогі[7].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект прадпрыемства, 1932 р.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 рок) Гарадная апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Мяшчане працягвалі змагацца за сваю зямлю і за свае вольнасьці ў судах. 17 траўня 1799 року Валынскі задворны суд прызначыў выязны Камісарскі суд, які распачаўся беспасярэдне ў Гарадной. У выніку колькігадовага працэсу 1 красавіка 1803 року суд вызначыў аддаць урадлівыя землі гарадэнцаў суседзкім зямянам (Бутрымовічам, Валконскім, Філяцьевым). Аднак мяшчанам, дзякуючы захаваным імі ранейшым каралеўскім прывілеям, была захаваная асабістая свабода[7]. Гэтыя акалічнасьці і зрабілі ганчарства асноўнаю крыніцай існаваньня мяшчан. Гарадная стала называцца прывілеяваным (скарбовым) мястэчкам Пінскага павету Менскае губэрні.

На 1880 рок у Гарадной было 236 дамоў, дзейнічала царква. Паводле вынікаў перапісу 1897 року, у мястэчку было 419 двароў, дзейнічалі царква і малітоўны дом, працавалі школа, 6 крамаў, 2 карчмы, 40 горнаў вырабу глінянага посуду.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 року Гарадную занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 року згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадная абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 року ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[13].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 року Гарадная апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, сьпярша ў Лунінецкім павеце, а з 1 студзеня 1923 року — у Столінскім павеце Палескага ваяводзтва. У 1924 і 1925 роках сюды перасялілася каля 200 радзінаў з Галіччыны. Перасяленцы стварылі асобнае паселішча хутарскога тыпу (мела назву «Калёнія») і адрадзілі грэцка-каталіцкую парафію. Неўзабаве ім перадалі будынак драўлянай царквы, першае набажэнства ў якім адбылося 5 студзеня 1928 року[14].

У 1939 року Гарадная ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 року стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941—1944 роках Гарадная знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1970 рок тут было 470 двароў, на 1993 рок — 522, на 2005 рок — 464.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1880 рок — 1012 чал.[15]; 1897 рок — 2291 чал.[16]
  • XX стагодзьдзе: 1921 рок — 2597 чал.[17]; 1939 рок — 3874 чал.[18]; 1941 рок (перад вайною) — 1820 чал.[19]; 1959 рок — 1540 чал.[18]; 1970 рок — 1965 чал.[20]; 1993 рок — 1587 чал.[8]; 1996 рок — 1483 чал.[21]; 1999 — 1301 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 рок — 1190 чал.[22]; 2009 рок — 1038 чал.[23]; 2010 — 1023 чал.; 2015 — 871 чал.[1]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гарадной працуюць сярэдняя школа, лякарня, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Клімука плошча Рынак пляц
Майская вуліца Паповая вуліца

З урбананімічнай спадчыны Гарадной да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Аселіца, Высацкая, Клімаўская, Цімохаўская, Школьная.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйны 4-канцовы крыж

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 2 км на паўночны ўсход ад Гарадной захаваліся гарадзішча і селішча.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца
  • Царква Сьвятога Мікалая (пачатак XX ст.)

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ НГАБ. Ф. 27, воп. 6, спр. 54, арк. 140зв.
  2. ^ НГАБ. Ф. 120, воп. 1, спр. 2921, арк. 3-23зв.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Нікіфарэнка А. Нашчадкі Магдэбургскага права // Навіны Палесся, 16 студзеня 2015.
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 264.
  3. ^ Вячорка Ф. У краіне продкаў // «Homo historicus». — Вільня, 2008. С. 486.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 81.
  5. ^ Vilniaus universiteto bibliotekos katalogas, Šifras: F5-F114-30855. Zygmunt Tretij Boźeju Myłostiu Korol Polski, Wełyki Kniaz Litows. ...
  6. ^ Катастрофа перад Калядамі 1653 года, Городна — полеське местэчко
  7. ^ а б в г д Кісель В. Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету // «ARCHE Пачатак». — 2013. — №4. С. 308-311.
  8. ^ а б ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 476.
  9. ^ а б Кісель В. 1670. Прывілей Гарадной на магдэбургскае права, Городна — полеське местэчко
  10. ^ Акты издаваемые Виленскою коммисіею для разбора древних актовъ. Т. 34. — Вильна, 1909. С. 378-380.
  11. ^ Стрэнкоўскі С. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV—XVIII ст.), частка II. — Менск, 2013. С. 70.
  12. ^ 1670. Прывілей Гарадной на магдэбургскае права, Городна — полеське местэчко
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  14. ^ Ільіна А. Служэнне а. Івана Тыляўскага // Гістарычная брама. № 1 (22), 2004 г.
  15. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 138.
  16. ^ Населенныя места Россійской имперіи в 500 и более жителей с указаніемъ всего налічнаго в нихъ населенія и числа жителей преобладающихъ вероисповеданій по даннымъ всеобщей переписи населенія 1897 г. — Санкт-Петербургъ, 1905. С. 105.
  17. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Województwo Poleskie. T. VIII. Warszawa, 1924. S. 34.
  18. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 575.
  19. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. — Мн., 2003. С. 609.
  20. ^ ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 477.
  21. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 42.
  22. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 574.
  23. ^ Регионы Беларуси. Т. 1. Брестская область. Кн. 2. — Минск, 2010.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]