Гарадок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Red Winged Duck (гутаркі | унёсак) у 14:38, 18 траўня 2018. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Гарадок
трансьліт. Haradok
Краязнаўчы музэй
Краязнаўчы музэй
Герб Гарадку Сьцяг Гарадку
Першыя згадкі: 1128
Горад з: 1772
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Гарадоцкі
Насельніцтва: 12 332 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2139
Паштовы індэкс: 211573
СААТА: 2218501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°28′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 55.46667° пн. ш. 29.98333° у. д. / 55.46667; 29.98333Каардынаты: 55°28′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. / 55.46667° пн. ш. 29.98333° у. д. / 55.46667; 29.98333
Гарадок на мапе Беларусі ±
Гарадок
Гарадок
Гарадок
Гарадок
Гарадок
Гарадок
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гарадо́к — места ў Беларусі, на рацэ Гаражанцы. Адміністрацыйны цэнтар Гарадоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 12 332 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Віцебску, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадок (лінія Віцебск — Невель); на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Невель.

Гарадок — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Назва

Назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду)[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Герб, 1840-я гг.

У гістарычных крыніцах ХVІ стагодзьдзя існуюць зьвесткі пра «Гарадок каля Полацку», дзе апавядаецца пра выдуманую бітву сярэдзіны XIII стагодзьдзя паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале зь мітычным князям Мінгайлам. Тым часам першы дакладны пісьмовы ўпамін пра паселішча зьмяшчаецца ў «рэестры сярэбшчыны» зь местаў Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1551 годам. У дакумэнце паведамляецца, што «з места Городка» ў скарб плацілі «20 коп грошей…». На мапе, складзенай С. Пахалавіцкім (1579 год), значыцца Вялікі і Малы Гарадок. У канцы XVI ст. тут існаваў бастыённы замак з магутнымі абарончымі валамі і 5 вежамі. У тым жа XVI ст. мястэчка атрымала герб: «у залатым полі леў»[3].

На мапе Т. Макоўскага 1613 году Гарадок значыцца як мястэчка. У пачатку ХVІІ стагодзьдзя паселішча ўваходзіла ў склад Віцебскага павету і знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасьці. У 1650 годзе тут існавала царква Сьвятога Ільлі[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Герб, 1843 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе 9 ліпеня 1772 году атрымаў статус места. У 1777 годзе ён стаў цэнтрам павету ў Полацкай, з 1796 году ў Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У 1778 годзе зьявіўся першы генэральны плян Гарадку з рысамі клясыцызму. У 1781 годзе места атрымала новы герб з выявай Пагоні. На 1784 год у Гарадку было 169 двароў, дзейнічала царква з 2 папамі, працавалі вінакурня, багадзельня, 12 крамаў і 3 правіянцкія склады, адбываліся 3 кірмашы на два дні.

У красавіку 1855 году Канстанцін Вераніцын напісаў у Гарадку паэму «Тарас на Парнасе». На 1860 год колькасьць будынкаў павялічылася да 377; працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крамаў; дзейнічалі царква і 6 малітоўных дамоў. На 1887 год працавалі 23 прадпрыемствы, лякарня, рамесная школа, царкоўнапрыходзкая вучэльня. У 2-й палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту пераплянаваньня (1846 год) места пашырылася ўздоўж шашы Віцебск — Пецярбург.

У 1904 годзе па пракладаньні чыгункі Гарадок разьвіваўся паміж вакзалам і Рынкам. На 1905 год у месьце былі 21 мураваны і 834 драўляныя дамы; працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын, 2 мужчынскія і 3 жаночыя вучэльні, лякарня, 3 аптэкарскія магазыны, бібліятэка; дзейнічалі 2 царквы і 10 сынагогаў. На 1912 год налічвалася 240 гандлёвых і прамысловых установаў; праводзіліся 3 кірмашы.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Гарадок вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 10 ліпеня 1941 да 24 сьнежня 1943 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Гарадку, а 28 лютага 2011 году — сьцяг места[5].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVIII стагодзьдзе: 1784 год — 1496 чал. (737 муж. і 759 жан.), зь іх 1031 юдэяў
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 4075 чал.; 1879 год — 4449 чал., зь іх 2802 праваслаўныя, 210 каталікоў, 19 раскольнікаў, 15 эвангелістаў, 1402 юдэі, 1 магамэтанін[6]; 1897 год — 5023 чал., зь іх 39,5% пісьменных
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 6480 чал., зь іх 2184 праваслаўныя, 29 каталікоў, 57 старавераў, 5 пратэстантаў, 4205 юдэяў; 1939 год — 7,3 тыс. чал.; 1959 год — 7,6 тыс. чал.; 1969 год — 9,0 тыс. чал.; 1991 год — 14,5 тыс. чал.; 1992 год — 14,6 тыс. чал.[7]; 1995 год — 14,6 тыс. чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 14,1 тыс. чал.; 2006 год — 13,8 тыс. чал.; 2008 год — 13,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 13,4 тыс. чал.; 2009 год — 12 968 чал.[9] (перапіс); 2016 год — 12 186 чал.[10]; 2017 год — 12 193 чал.[11]; 2018 год — 12 332 чал.[1]

Рэлігія

У 1990-я гады будынак царкоўнапрыходзкай школы (пач. ХХ ст.) перабудавалі пад царкву Сьвятой Тройцы. Апроч таго, дзейнічае каталіцкая парафія Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якой будуецца касьцёл.

Адукацыя

Краязнаўчы музэй

У Гарадку працуюць аграрна-тэхнічны каледж, прафэсійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасьці, 2 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў.

Культура

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы краязнаўчы музэй, дом рамёстваў і фальклёру.

Мас-мэдыя

Выдаецца раённая газэта «Гарадоцкі весьнік» (да 1991 году — «Прамень камунізму»). Наклад 2250 асобнікаў.

Забудова

Плян

У 1966 годзе зьявіўся праект пераплянаваньня, у 1977 годзе — генэральны плян Гарадку. Узводзяцца тыповыя будынкі, утварыліся новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі.

Вуліцы і пляцы

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Галіцкага вуліца Стараневельская вуліца[12]
Леніна плошча Рынак пляц

З урбананімічнай спадчыны Гарадку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Зарачанская, Садовая, Узгор'е, Невельская шаша. У месьце існавалі Невельская і Вялікая вуліцы[13].

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці. Ільнозавод.

Транспарт

Праз Гарадок праходзяць аўтамабільныя дарогі Р114 (Гарадок — Вула) і Р115 (Віцебск — Гарадок — траса M8). За 1 км на ўсход ад места праходзіць магістраль М8E95.

Турыстычная інфармацыя

Інфраструктура

Камень-помнік паэме «Тарас на Парнасе»

Дзейнічаюць Гарадоцкі краязнаўчы музэй, РУП «Гарадоцкі цэнтар спорту і турызму Раўбічы». Спыніцца можна ў гасьцініцы «Раўбічы».

Гарадок — вядомы цэнтар ганчарнага рамяства (г. зв. «гарадоцкая кераміка»)[14].

Славутасьці

  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Замчышча (XIV—XVII стагодзьдзі)
  • Могілкі юдэйскія
  • Паштовая станцыя (сярэдзіна ХІХ ст.)

Страчаная спадчына

  • Сынагога
  • Царква Зьвеставаньня Багародзіцы (XIX ст.)
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (XVII ст.)
  • Царква Сьвятога Мікалая (XVII ст.)

Асобы

Крыніцы

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 81.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 145.
  4. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 511.
  5. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)
  6. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 133134.
  7. ^ Насевіч В. Гарадок // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 477.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 44.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Шульман А. Есть ли у прошлого будущее?, Мое местечко
  13. ^ Карпекин К. Хроника закрытия городкских синагог, Мое местечко
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Гарадоксховішча мультымэдыйных матэрыялаў