Гасьціны двор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гасьціны двор у Менску

Гасьці́ны дво́р — тып грамадзкага будынку гандлёвага прызначэньня, які ўключае гандлёвыя й складзкія будынкі, жылыя памяшканьні гасьцінічнага тыпу[1].

Тут спыняліся госьці-купцы, захоўваліся тавары, і вёўся гандаль. У XVI—XVII стагодзьдзях гасьціны двор меў выгляд прастакутнага пляцу, абнесенага мураванымі або драўлянымі памяшканьнямі, аб’яднанымі крытымі галерэямі. У XVIII—XIX стагодзьдзях гасьціныя двары будуюцца ў стылі клясыцызму. Гасьціны двор плянавалі ў выглядзе замкнёнага прастакутніка з адкрытымі аркадамі-галерэямі або калёнамі.

У гарадох Заходняе Эўропы былі пашыраныя з XIV стагодзьдзя (Брэмэн, Кракаў, Прага). На Беларусі пашыраныя з XVI—XIX стагодзьдзяў (Полацак, Горадня, Віцебск, Менск). Драўляны гасьціны двор пабудаваны ў Тураве ў XVIII стагодзьдзі[1].

На аснове гандлёвых дамоў вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0 С. 87

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Короткий енциклопедичний словник з культури. — К.: Україна, 2003. ISBN 966-524-105-2