Геаграфія Ўкраіны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фізычная мапа Ўкраіны

Украіна знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Ўсходне-Эўрапейскай раўніны, на яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія (часткова) і Крымскія горы. Найвышэйшы пункт Украіны — гара Гавэрла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора. Найвышэйшая гара Крыму — Раман-Кош (1545 м).

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найважнейшымі мінэральнымі багацьцямі Ўкраіны зьяўляюцца вугаль (Данбас), жалезныя (Крывы Рог, Крамянчук, Запарожжа, Керчанскі паўвостраў) і марганцавыя (Нікапаль) руды, а таксама руды каляровых мэталяў (Запароская вобл.). На паўночным усходзе і ў Перадкарпацьці ёсьць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных соляў. Хімічная сыравіна прадстаўлена солямі рознага паходжаньня (Сываш у Азоўскім моры) і прыроднай серай (Роздал у Львоўскай вобласьці). На поўдні краіны ёсьць вялікія радовішчы крэйды і кааліну.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кліматычных адносінах раўнінная тэрыторыя Ўкраіны падзяляецца на тры зоны. На поўначы, у Палесьсі, дзе месьціцца зона зьмяшаных лясоў, лета прахалоднае, зіма сьнежная і мяккая. Шырокая паласа лесастэпу, якая ляжыць у цэнтры краіны, адрозьніваецца спрыяльным умерана кантынэнтальным кліматам з прахалоднай зімой і цёплым летам, што робіць гэты рэгіён найболей спрыяльным для пражываньня людзей і вядзеньня гаспадаркі. Разьмешчаная на поўдні зона стэпу адрозьніваецца найбольшай кантынэнтальнасьцю, гарачым сухім летам і маласьнежнай зімой.

Своеасаблівы клімат горных раёнаў Украіны. Паўднёвы бераг Крыму мае субтрапічны міжземнаморскі клімат зь вільготнай зімой і засушлівым летам. Украінскія Карпаты адрозьніваюцца ўмерана кантынэнтальным кліматам зь вільготнай мяккай зімою і негарачым летам. Найбольшая колькасьць ападкаў фіксуецца ў Карпатах (да 2000 мм у год), найменшая ў Заходнім Крыме (каля 300 мм у год).

Гідраграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымак басэйну Дняпра з космасу

Галоўная рака Ўкраіны — Дняпро. Перасякаючы Ўкраіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзьве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр і Паўднёвы Буг. Праз дэльту Дунаю праходзіць мяжа Ўкраіны з Румыніяй.

На тэрыторыі Ўкраіны знаходзіцца больш за 3 тысячы азёраў, у асноўным дробных, плошчаю да 0,1 км². Большая іх частка разьмешчана ў Палесьсі, на поўначы краіны. У Адэскай вобласьці, каля Дунаю, знаходзіцца група азёр, якія сфармаваліся як затопленыя вусьці прытокаў Дунаю. Найбольшае возера Ўкраіны — Сасык (Кундук) (210 м²) у Адэскай вобласьці. Найглыбейшае возера краіны — Сьвіцязь (58 м), найбольшае з Шацкіх азёраў, што знаходзяцца ў Валынскай вобласці. На Дняпры створаны велізарныя вадасховішчы (Кіеўскае вадасховішча і інш.).

Нягледзячы на сваю шматлікасьць, рэкі Ўкраіны пераважна малаводныя, за выняткам Дняпра, таму краіна адчувае недахоп водных рэсурсаў. Асабліва бедныя воднымі рэсурсамі паўднёвы ўсход Украіны і Крымскі паўвостраў. На горных жа рэках у Карпатах часта здараюцца павадкі.

Глебы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзьве трэці тэрыторыі Ўкраіны пакрыты ўрадлівымі чарназёмнымі глебамі. На поўначы краіны пераважаюць шэрыя лясныя ды дзярнова-падзолістыя глебы, у сухіх стэпах поўдню — каштанавыя.

Прыродныя зоны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На раўнінай частцы краіны выдзяляюцца тры прыродныя зоны: лясная (на поўначы), лесастэпавая (у сярэдняй частцы) і стэпавая (на поўдні).

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лясной зоне ўласьцівыя мяшаныя і шыракалістыя лясы з белай піхтай, сасной, букам і дубам. У лесастэпах пераважае дуб. У стэпах найбольш пашыраныя злакавыя травы: тыпчак, кавыль, цімафееўка, пырнік. У Карпатах расьце бук, дуб, елка, піхта, у Крымскіх гарах — бук, дуб, сасна, ядловец. На паўднёвым беразе Крыма шмат паркаў з рознымі відамі міжземнаморскай флёры: кедры, кіпарысы і інш.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва Ўкраіне жывуць каля 28 тысячаў розных відаў жывёл, у тым ліку 101 від сысуноў, 350 відаў птушак, 21 від паўзуноў, 19 відаў земнаводных і больш за 200 відаў рыб. У лясах жывуць мядзьведзі, зайцы, дзікі, лісіцы, рысі, цецярукі, арлы, ястрабы, совы. У лесастэпах сустракаюцца алені, дзікі, ваўкі, таксама грызуны. Для стэпаў найбольш характэрныя грызуны і палявыя птушкі.

Ахова прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ва Ўкраіне існуюць 16 запаведнікаў, у якіх захоўваецца прырода ўкраінскіх лясоў, стэпаў і гор. Найбольш вядомыя Асканія-Нова, Украінскі стэпавы, Крымскі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Геаграфія Ўкраінысховішча мультымэдыйных матэрыялаў