Герадот

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Герадот
Герадот Галікарнаскі
AGMA Hérodote.jpg
Род дзейнасьці гісторык
Дата нараджэньня 484 г. да Н. Хр.
Дата сьмерці 425 г. да Н. Хр.

Герадо́т Галікарнаскі — вядомы як аўтар першага гістарычнага трактату заходняй цывілізацыі — «Гісторыі» Герадота, што апісвае грэка-пэрсыдзкія войны і звычаі многіх тагачасных народаў. Яго называюць «бацькам гісторыі». Сучасьнікі-суайчыньнікі ж назвалі Герадота «бацькам хлуснi».

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыў Герадот прыблізна паміж 484 і 425 гг. да Н. Хр., паходзіў з карыйскага места Галікарнасу. У 444/3 г. Герадот перасяліўся разам зь іншымі атэнянамі ў новазаснаваную атэнскую калёнію Фурыі. Найважнейшая частка жыцьця Герадоту — яго падарожжы ў розныя краіны Эўропы і Азіі, а таксама ў Эгіпет — вядома зрэшты надта мала, дый тое зь яго намёкаў.

Вярнуўшыся яшчэ маладым чалавекам на радзіму ў Галікарнас, Герадот узяў удзел у народным руху супраць тырана Лігдаміса і спрыяў яго зрынаньню. У 444 годзе да Н. Хр. Герадот прысутнічаў на Панатэнскіх фэстах і прачытаў там вытрымкі з апісаньня сваіх падарожжаў, выклікаўшы ўсеагульнае захапленьне. Пры канцы жыцьця зьехаў y Турыюм (сучасная Італія), дзе пражыў рэшту дзён.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвет з пункту гледжаньня Герадота

Твор Герадоту — не строгая гістарычная праца, але таленавіты тэкст і крыху скептычны аповяд пра пачутае і ўбачанае, гэта своеасаблівая энцыкляпэдыя таго часу зь гістарычнымі, геаграфічнымі, этнаграфічнымі, прыродазнаўчымі ды літаратурнымі зьвесткамі. Зь дзевяцёх кніжак, альбо музаў, на якія зараз падзяляецца яго твор, амаль цэлая другая палова — гэта пасьлядоўны гістарычны расповяд пра грэка-пэрсыдзкія войны, што заканчваецца на вестцы пра ўзяцьце Сэсту ў 479 г. да Н. Хр.

Першая палова зьмяшчае расповеды пра ўзвышэньні Пэрсыдзкага царства, Бабілёнію, Асырыю, Эгіпет, Скітыю, Лібіі і інш. Нягледзячы на рознамасьцевасьць зьвестак, творы Г. уяўляюць сабой спробу аб’яднаць рознародны матэрыял агульнымі рэлігійна-этычнымі поглядамі. Адзінства выкладу дасягаецца ў пэўнай меры і тым, што ад пачатку да канца Г. спрабуе прасачыць барацьбу паміж «барбарамі» і «элінамі», што скончылася вырашальным трыюмфам апошніх, і гэта часам надае працы тэлеалягічны і шавіністычны зьмест.

Нягледзячы на прызнаньне аўтарытэту працы Герадота, як годнай даверу першакрыніцы, варта памятаць, што творы Герадота вядомыя толькі па шмат пазьнейшых рукапісох, напісаных амаль праз паўтары тысячы гадоў пасьля Герадота.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы Герадота захаваліся ў мностве рукапісаў, самая старая і лепшая — мэдычэйская Х ст. — захоўваецца ў Флярэнцыі. Для рэдакцыі тэксту найбольш было зроблена Абіхтам і Штайнам, якім належаць і важнейшыя камэнтаваныя выданьні.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лурье С. Я. Геродот. М.—Л.: 1947

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Герадотсховішча мультымэдыйных матэрыялаў