Гербы студэнцкіх карпарацыяў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб студэнцкай карпарацыі «Polonia» («Convent Polonia», «Konwent Polonia»), якая дзейнічала: у 1828—1918 гадох — у Дэрпце, у 1918—1939 гадох — у Вільні, пасьля 1940 году — у Лёндане; з 1998 году месьціцца ў Гданьску[1].

Гербы студэнцкіх карпарацыяў, студэнцкія гербы (па-нямецку: Studentenwappen) — гербы студэнцкіх карпарацыяў(de) — аб’яднаньняў студэнтаў, якія паўсталі на пераломе XVIII і XIX стагодзьдзяў у нямецкіх унівэрсытэтах і за наступныя два стагодзьдзі шырока распаўсюдзіліся ў студэнцкіх асяродках краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы[2]. Студэнцкія карпарацыі выкарыстоўваюць гербы з пачатку XIX стагодзьдзя. Ад родавых гербаў, а таксама гербаў краінаў і мясьцін, якія адпавядаюць нормам эўрапейскай клясычнай геральдыкі, студэнцкія гербы адрозьніваюцца наяўнасьцю шэрагу канструкцыйных асаблівасьцяў.

Афармленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студэнцкія гербы ў геральдычнай навуцы не прызнаюцца за «сапраўдныя» гербы, бо ў большасьці сваёй не прытрымліваюцца строгіх геральдычных правіл. У прыватнасьці, у большасьці выпадкаў на шчытах (тарчах) гербаў студэнцкіх карпарацыяў зьмяшчаюцца негеральдычныя выявы.

Шчыт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чвартаваны шчыт Чвартаваны шчыт з сардэчнікам
Шчыты большасьці студэнцкіх гербаў чвартаваныя (зьлева); вельмі часта ў цэнтры шчыта прысутнічае дадатковы элемэнт — «сардэчнік» (ці «сяродкрыжжа») (справа).

Як правіла, шчыты (тарчы) студэнцкіх гербаў чвартаваныя (падзеленыя на чатыры палі), часта ў цэнтры (на перакрыжаваньні восевых ліній-меж палёў) прысутнічае дадатковы элемэнт — «сардэчнік», ці «сяродкрыжжа» (ням. Herzschild, Vierung; таксама інакш — шыльд, шчыток). У выніку шчыты складаюцца з чатырох-пяці палёў, якія запаўняюцца пэўным наборам гербавых элемэнтаў. У клясычнай геральдыцы «сяродкрыжжа» выкарыстоўваецца як спосаб злучэньня геральдычных элемэнтаў, зьмешчаных на шчыце, на студэнцкіх жа гербах «сяродкрыжжа», верагодна, было ўведзена, каб мець больш месцаў для разьмяшчэньня сымболікі студэнцкіх карпарацыяў.

Цыркель «Veletia» «Знак саюзу» «Ruthenia»
Зьлева — цыркель студэнцкай карпарацыі «Veletia», якая дзейнічала: у 1883—1916 гадох — у Рызе, у 1916—1918 гадох — у Маскве, 1918—1939 гадох — у Варшаве; была адноўлена ў 2003 годзе ў Варшаве[3]; справа — «знак зьвязу» студэнцкай карпарацыі «Ruthenia», якая існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1837—1848 гадох.

Самым распаўсюджаным гербавым элемэнтам зьяўляюцца фарбы студэнцкай карпарацыі (ням. Couleur, Farben) — злучэньне найчасьцей трох колераў (трыкалёр), кожны зь якіх нешта сымбалізуе. Як правіла, фарбы месьцяцца ў адным з палёў па дыяганалі.

Яшчэ адным распаўсюджаным элемэнтам зьяўляецца адмысловая манаграма студэнцкай карпарацыі, якая называецца цыркелем(de) (ням. Zirkel). Цыркель звычайна разьмяшчаюць альбо ў адным полі з фарбамі паверсе іх, альбо ў асобным полі, часьцей за ўсё ў «сяродкрыжжы».

Для запаўненьня палёў шчыта таксама выкарыстоўваецца (галоўным чынам на гербах карпусоў(de) (ням. Corps) — найстарэйшых нямецкіх студэнцкіх карпарацыяў) «знак зьвязу»(de) (ням. Bundeszeichen), які мае масонскае паходжаньне. Звычайна ён выяўляецца ў скарочаным варыянце: ляўравы вянок, два перакрыжаваныя шлягеры(de) (ням. Mensurschlägern), якімі б’юцца ў час мэнзурнага фэхтаваньня, і дата заснаваньня студэнцкай карпарацыі.

Сымбаль «Сяброўства» Сымбаль «Вечнасьць»
Сымбалі «Сяброўства» (зьлева) і «Вечнасьць» («Ураборас») (справа).

На гербах нямецкіх студэнцкіх карпарацыяў таксама шырока выкарыстоўваюцца сымбалі «Сяброўства» (выява поціску рук) і «Вечнасьць» («Ураборас(ru)»), якія былі перанятыя ў масонаў яшчэ студэнцкімі ордэнамі(de) або запазычаныя з Антычнасьці.

Часта ў якасьці гербавых элемэнтаў выкарыстоўваюцца гербы гарадоў, у якіх паўсталі ці дзейнічаюць студэнцкія карпарацыі, альбо гербы мясьцінаў ці краінаў, адкуль паходзяць сябры той ці іншай карпарацыі[4]. Часам гэтыя элемэнты перадаюцца не дакладным чынам, а прадстаўляюць сабой варыяцыі па матывах арыгіналаў. Напрыклад, на гербе студэнцкай карпарацыі „Polonia“(pl), якая была заснавана ў 1828 годзе студэнтамі Дэрпцкага ўнівэрсытэту паходжаньнем зь земляў былой Рэчы Паспалітай, колеры палёў адпавядаюць колерам фарбаў карпарацыі(de), а ня колерам палёў на гербах Польшчы, Літвы і Русі (дакладней, колішняга Кіеўскага ваяводзтва)[1].

Сымбаль «Молат і кірка» Кій Асклепія
Сымбаль горнай справы «Молат і кірка» (зьлева) і посах Асклепія (справа).

У нямецкіх прафэсійна-арыентаваных студэнцкіх карпарацыях у якасьці гербавых элемэнтаў выкарыстоўваюцца сымбалі: перакрыжаваныя молат і кірка(de) — у горных адмыслоўцаў, дрэва ці галава аленя — у адмыслоўцаў у галіне лясной гаспадаркі, цыркуль ці шасьцярня — у тэхнічных адмыслоўцаў, чэрап ці посах Асклепія — у мэдыкаў і вэтэрынараў.

Чорны крыж Турнэрскі крыж
Чорны крыж (зьлева) і Турнэрскі крыж (справа).

У такой адмены нямецкіх студэнцкіх карпарацыяў, як бурствы(de) (ням. Burschenschaften), часта ўжываецца дэвіз самага першага бурства (па-нямецку: Urburschenschaft), якое было заснавана ва ўнівэрсытэцкім месьце Ена ў 1815 годзе, а менавіта: «Гонар, свабода, айчына(de)» (ням. „Ehre, Freiheit, Vaterland“). Словы гэтага дэвізу прынята афармляць у выглядзе асобных гербавых элемэнтаў: так, напрыклад, скрыжаваныя шлягеры сымбалізуюць гонар, узыходзячае сонца — свабоду, а дрэва дуба — айчыну. Таксама часта паверсе меж чвартаванага шчыта разьмяшчаюць чорны крыж(de) (ням. Schwarzes Kreuz). Акрамя таго, распаўсюджаным зьяўляецца выкарыстаньне ў якасьці гербавага элемэнту знака «Ліра і меч(de)».

У нямецкіх турнэрствах(de) (ням. Turnerschaften; гімнастычныя студэнцкія таварыствы) часта ўжываюць выяву турнэрскага крыжа(de) (ням. Turnerkreuz), у музычных студэнцкіх аб’яднаньнях — выяву арфы, у навуковых студэнцкіх аб’яднаньнях — выявы скрутка (кнігі) ці савы.

Іншыя гербавыя элемэнты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як у выпадку з гербамі ў клясычнай геральдыцы, найбольш распаўсюджанымі дадатковымі элемэнтамі студэнцкіх поўных гербаў зьяўляюцца шлем (гелм) з кляйнотам і намётам. Шлем пераважна ўпрыгожваюць каронай, якая, паводле геральдычнай навукі, зьяўляецца атрыбутам высакароднасьці.

Шмат на якіх гербах нямецкіх студэнцкіх карпарацыяў зьверху і зьнізу прысутнічае атачэньне ў выглядзе словаў дэвізу. Пераважна выкарыстоўваецца наступная форма: зьверху — «<Назва карпарацыі> sei’s Panier!» (даслоўна: «<Назва карпарацыі>, будзь сьцягам!»), зьнізу — уласны дэвіз карпарацыі.

Шчытатрымальнікі ў гербах студэнцкіх карпарацыяў выкарыстоўваюцца вельмі рэдка.

Герб студэнцкага корпусу «Bavaria» (з шчытатрымальнікамі і сьцягамі).

Кляйноты на большасьці студэнцкіх гербаў маюць такі ж выгляд, як на гербах, выкананых па правілах клясычнай геральдыкі, і ўяўляюць сабой страўсавыя пёры, афарбаваныя ў колеры фарбаў студэнцкіх карпарацыяў, пры гэтым колькасьць пёраў адпавядае колькасьці колераў у фарбах[5]. Зрэдку выкарыстоўваюцца іншыя геральдычныя фігуры, напрыклад, два птушыныя крылы(de) (ням. Flug) ці галава аленя. Страўсавыя пёры ў якасьці кляйнота на нямецкіх звычайных гербах выкарыстоўваюцца даволі рэдка, гэты геральдычны элемэнт больш уласьцівы для польскіх гербаў.

Гербы хрысьціянскіх студэнцкіх аб’яднанняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адметнасьцю гербаў хрысьціянскіх студэнцкіх карпарацыяў(de) (ням. Wingolfsverbindungen) зьяўляецца тое, што яны маюць агульны для ўсіх узор афармленьня і абавязкова ўтрымоўваюць на чвартаваным шчыце ў якасьці гербавых элемэнтаў: Ерусалімскі крыж(de), у нямецкіх і аўстрыйскіх карпарацыях — выяву імпэрскага(de) (ням. Reichsadler) ці фэдэральнага арла (ням. Bundesadler), а таксама выяву герба гораду, у якім месьціцца карпарацыя[4]. Толькі адносна чацьвертага поля маюцца разыходжаньні. У той час як старыя студэнцкія аб’яднаньні зьмяшчаюць там выяву ляўравага вянка з датай заснаваньня карпарацыі, на гербах больш маладых аб’яднаньняў можа зьмяшчацца рэгіянальны герб. Выявы намётаў таксама выконваюцца аднолькавым чынам. Спасылкай на герб Ерусалімскага каралеўства тлумачыцца наяўнасьць недапушчальнага ў клясычнай геральдыцы спалучэньня мэталёвых залатога і белага (срэбнага) колераў пры выкарыстаньні такога гербавага элемэнту, як Ерусалімскі крыж.

Ерусалімскі крыж.

Спалучэньне гербаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выпадку аб’яднаньня студэнцкіх карпарацыяў паўстае пытаньне ня толькі наконт прыняцьця новай назвы і новых фарбаў, але таксама і агульнага герба. Праблема вырашаецца альбо праз пакіданьне герба адной з карпарацыяў, альбо праз злучэньне гербаў. У апошнім выпадку можа быць створаны як зусім новы герб, у якім захоўваюцца асноўныя элемэнты папярэдніх гербаў, так і альянс гербаў, калі пакідаюцца, як мінімум, арыгінальныя шчыты, якія ставяцца побач адзін да аднаго. Бывае, што такі альянс гербаў мае агульныя шлем, кляйнот і намёт.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьне і распаўсюджваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гербамі карысталіся яшчэ студэнцкія зямляцтвы(de) раньняга Новага часу, але хутчэй за ўсё гэта былі гербы краінаў ці мясьцін, адкуль паходзілі студэнты. Студэнцкія гербы, нагружаныя ўласнымі сэнсамі, зьявіліся ў канцы XVIII стагодзьдзя ў асяродзьдзі студэнцкіх ордэнаў(de). Насуперак правілам пурыстычнай клясычнай геральдыкі, якая ўжо ў той час знаходзілася ў стане заняпаду, студэнцкія аб’яднаньні аддалі перавагу «сымбалічнай вучэбнай табліцы ў форме герба»[6].

Самым старым зь вядомых студэнцкіх гербаў зьяўляецца герб узьніклага ў 1794 годзе ў Фрайбэргу ордэнападобнага студэнцкага аб’яднаньня «Concilium Metallicorum»[7][8].

Форма гербаў уласна студэнцкіх карпарацыяў узьнікла каля 1810 году і шырока распаўсюдзілася сярод раньніх карпусоў — найстарэйшага з існуючых тыпаў студэнцкіх аб’яднаньняў. Фарбы студэнцкіх карпарацыяў узьніклі тады ж. Распаўсюджваньне студэнцкіх гербаў, імаверна, варта разглядаць у сувязі са зьяўленьнем фарфоравых курыльных трубак, вядомых як самыя раньнія прадметы, на якіх зьмяшчаліся выявы гербаў студэнцкіх карпарацыяў. Найранейшая традыцыя выкарыстаньня студэнцкіх гербаў зьявілася ва ўнівэрсытэцкім месьце Ене, якое лічыцца месцам паходжаньня студэнцкіх карпарацыяў[9].

Узьнікненьне малога герба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу XIX стагодзьдзя сфармавалася практыка выкарыстаньня студэнцкіх гербаў у скарочанай форме. Паводле яе, на гербавым шчыце выяўляюцца па дыяганалі фарбы, а паверсе іх цыркель студэнцкай карпарацыі. Такі шчыт атрымаў назву «Ўфарбаваны шчыт» (ням. Farbschild), а сама форма герба часта называецца малым гербам.

Намаганьні па рэфармаваньні студэнцкай геральдыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гербы студэнцкіх карпарацыяў з тае прычыны, што вельмі рэдка адпавядаюць нормам клясычнай геральдыкі, увесь час падвяргаюцца крытыцы з боку геральдычнай навукі. У прыватнасьці, у традыцыі студэнцкіх гербаў прынята выкарыстаньне танальных варыяцый аднаго колеру, што, з пункту гледжаньня клясычнай геральдыкі, робіць немагчымым дакладнае апісаньне такіх гербаў, і гэтая акалічнасьць ізалюе студэнцкую геральдыку ад клясычнай геральдычнай традыцыі[10].

У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у нямецкамоўных краінах было прадпрынята некалькі спробаў разгарнуць рэфармаваньне студэнцкай геральдыкі з мэтай прывядзеньня яе ў адпаведнасьць з нормамі геральдычнай навукі. У прыватнасьці, прапанавалася прыбраць са студэнцкіх гербаў выявы цыркеля і літарных знакаў. Але ў кансэрватыўным асяродзьдзі студэнцкіх карпарацыяў гэтая й іншыя прапановы былі ўспрынятыя як непрымальныя, і ў канчатковым выніку ўсе захады па рэфармаваньні студэнцкай геральдыкі аказаліся няўдалымі[11].

Выкарыстаньне ў побыце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На сёньняшні дзень у краінах, дзе атрымалі распаўсюджаньне студэнцкія карпарацыі, выявы студэнцкіх гербаў можна пабачыць на мурох і дахах будынкаў, на асобных карцінах, а таксама на разнастайных побытавых рэчах, сярод якіх найбольшай папулярнасьцю карыстаюцца фарфоравыя піўныя кубкі. Вырабленыя з каштоўных матэрыялаў выявы студэнцкіх гербаў былі папулярнымі падарункамі (асабліва ў часы Нямецкай імпэрыі) як унутры карпарацыяў, так і паміж сябруючымі карпарацыямі[12]. У 1970-я і 1980-я гады былі ў модзе налепкі з выявамі студэнцкіх гербаў, якія мацаваліся на бампэрах аўтамабіляў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Bartłomiej P. Wróblewski. (10 чэрвеня 2013) Konwent Polonia (пол.). Archiwum i muzeum polskich korporacji akademickich. Праверана 12 лютага 2019 г.
  2. ^ Bartłomiej P. Wróblewski. (27 лістапада 2010) O korporacjach (пол.). Archiwum i muzeum polskich korporacji akademickich. Праверана 12 лютага 2019 г.
  3. ^ Historia (пол.). Korporacja Akademicka Welecja. Праверана 12 лютага 2019 г.
  4. ^ а б Gerhard Richwien Das Erbe der Orden // Erich Donnert (Hrsg.) Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. — Köln: Böhlau, 1997. — В. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. — С. 636.
  5. ^ Gerhard Richwien Das Erbe der Orden // Erich Donnert (Hrsg.) Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. — Köln: Böhlau, 1997. — В. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. — С. 637.
  6. ^ Gerhard Richwien Das Erbe der Orden // Erich Donnert (Hrsg.) Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. — Köln: Böhlau, 1997. — В. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. — С. 631.
  7. ^ Paul Ssymank, Friedrich Schulze: Das deutsche Studententum von den ältesten Zeiten bis zur Gegenwart, München 1932. S. 324.
  8. ^ Leopold Knobloch et al. (Hrsg.): Bergstudenten. Geschichte und Brauchtum an den Montanhochschulen in Schemnitz, Clausthal, Freiberg und Leoben. SH-Verlag, Köln 2003. S. 15.
  9. ^ Erich Bauer: Wann, wo und wie entstanden unsere Wappen? Eine Aufgabe für unsere gemeinschaftliche Geschichtsforschung. Einst und Jetzt 7 (1962), S. 74—79.
  10. ^ Václav Vok Filip: Einführung in die Heraldik. (= Historische Grundwissenschaften in Einzeldarstellungen, Bd. 3) Steiner, Stuttgart 2000. ISBN 3-515-07559-3. S. 39.
  11. ^ Oskar Franz Scheuer: Studentische Heraldik. In: Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 2: Die deutschen Hochschulen und ihre akademischen Bürger. Berlin 1931. S. 113—124, hier S. 121.
  12. ^ Silke Möller: «Bier, Unfug und Duelle»? Corpsstudentische Erziehung im deutschen Kaiserreich 1871—1914. Meidenbauer, München 2004. S. 111.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Erich Bauer: Wann, wo und wie entstanden unsere Wappen? Eine Aufgabe für unsere gemeinschaftliche Geschichtsforschung. Einst und Jetzt 7 (1962), S. 74—79.
  • Emily Helen Butterfield: College Fraternity Heraldry. George Banta Publishing, Menasha 1931.
  • Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 4: Die Wappen der deutschen Korporationen des In- und Auslandes. Berlin 1931.
  • Gregor Gatscher-Riedl: Das studentische Wappenwesen. Eine Einführung in die heraldische Tradition akademischer Studentenverbindungen. In: Adler. Zeitschrift für Genealogie und Heraldik, Nr. 4, 24. April 2005, S. 97—105.
  • Theodor Hoelcke: Die Wappen der Bünde des Coburger Convent. o. O. 1982/1983.
  • Gerhard Richwien: Das Erbe der Orden. Symbolwelt der Aufklärungszeit und ritterliches Identifikationsmuster im akademischen Korporationswesen. In: Erich Donnert (Hrsg.): Europa in der frühen Neuzeit. Festschrift für Günter Mühlpfordt. Band 6: Mittel-, Nord- und Osteuropa. Böhlau, Köln 1997. S. 627—650.
  • Rudolf Sack: Akademische Wappenkunde. Ein Handbuch für Akademiker, Heraldiker und Künstler. Neu Isenburg 1935.
  • Oskar Franz Scheuer: Studentische Heraldik. In: Michael Doeberl u. a. (Hrsg.): Das Akademische Deutschland. Band 2: Die deutschen Hochschulen und ihre akademischen Bürger. Berlin 1931. S. 113—124.
  • Aribert Schwenke: Symbole, Embleme und Geheimzeichen in Kösener Corpswappen. Einst und Jetzt 41 (1996), S. 29—82.