Герб Міляну

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сучасны герб Міляну.

Герб Міляну — сымбаль італьянскага места Мілян, зацьверджаны 19 сакавіка 1934 року. Уяўляе сабой чырвоны крыж Сьв. Георгія ў срэбным полі. Над гербавым шчытом змешчаная карона ў выглядзе зубчастае сьцяны зь пяцьцю вежамі — форма, прынятая для мескіх гербаў у шматлікіх эўрапейскіх краінах, што ўзыходзіць да рымскае corona muralis. Шчыт акружаны вянком з дзьвюх галінак — лаўравай і дубовай[1].

Сучасны герб Міляну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Міляну.

Выкарыстаньне сьцягу з чырвоным крыжом узыходзіць да X стагодзьдзя, наконадні крыжовых паходаў. Таксама лічаць, што чырвоны крыж на белым полі нагадвае пра гераічны ўчынак мілянскага месьціча, які першым усталяваў крыж на сьцяне Ерусаліму падчас Першага крыжовага паходу. Гэты герб, які замяніў стары, першапачаткова зьяўляўся сярэднявечным муніцыпальным гербам камуны Міляну.

Калі ў 1138 року места атрымала ад імпэратара права на біцьцё манэты, на адным іх баку біўся крыж, а на другой грыфон. Гэты герб стаў ужывацца пасьля пасьпяховай бітве пад Леньяна ў 1176 року супраць войскаў імпэратара Фрыдрыха I Барбаросы, калі месты, што ўвайшлі ў Лямбардзкую лігу (ачоленую Мілянам), атрымалі незалежнасьць. Лямбардзкая ліга стала карыстацца гэтым «сьцягам Царквы» (Vexillum Ecclesiae), нададзеным у 1066 року папам Аляксандрам II, ураджэнцам Міляну, мескаму военачальніку і кіраўніку рэфарміскай партыі Эрембальда[2].

Пазьней на міжнароднай арэне эмблема была замененая на герб Мілянскага герцагства, і толькі празь некалькі стагодзьдзя была вернутая як асноўны сымбаль. У эпоху Мусаліні было дададзенае чырвонае верхняе поле зь вянком і фасцыямі[2] (па-італьянску: Capo del Littorio). Пасьля падзеньня фашысцкага рэжыму герб был адноўлены ў першапачатковым варыянце.

Таксама лічаць што сьцяг з чырвоным крыжом першапачаткова зьяўляўся сьцягам Сьв. Амбросія, япіскапа Мілянскага ў 374—397 і заступніка места.

Герб мілянскіх герцагаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб роду Вісконці.
Герб мілянскіх герцагаў.

Даўні герб Міляну, які дагэтуль належаў двум герцагскім родам, якія кіравалі местам — Вісконці і Сфорцам, зьяўляецца значна больш вядомай і пазнавальнай геральдычнай выявай, і мае ўласнае імя Biscione(it).

Вуж, які зьяўляецца эмблемай роду Вісконці, уяўляе сабой лязурнага зьмея на срэбным фоне, які трымае ў пашчы чалавека. Ён зьявіўся ў гербе Вісконці каля 1100 року. Калі ў 1395 року Джан Галеаца Вісконці зрабіўся герцагам, ён дадаў да гербу чорных арлоў (бо герцагства зьяўлялася часткаю Сьвятой Рымскай імпэрыі). Такім чынам герб стаў уяўляць сабой чатырохчасткавы гербавы шчыт, два залатыя палі якога займалі арлы, а два срэбныя — зьмеі. Гэты герб быў у выкарыстаньні места і за Сфорцамі, да якіх Мілян перайшоў пасьля шлюбу апошняе прадстаўніцы роду Вісконці Б’янкі з Франчэскам Сфорцам, і далей ажно да напалеонаўскага ўварваньня.

Легенда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Вісконці са старадаўняга рукапісу.

Паводле легенды, у крыжовым паходзе ў 1187 року Атон Вісконці сустрэўся ў паядынку з сарацынскім прынцам. Атон насіў выяву з сям’ю каронамі, выразанымі на шчыце, бо ён забіў семярых асілкаў, няверны маўр меў на шчыце выяву зьмяі, якая глытае дзіцё. Гэта зьяўлялася насьмешкай над хрысьціянамі, бо немаўля сымбалізавала Хрыста. Атон забіў сарацына, забраў яго шчыт і са славай вярнуўся дадому, пасьля чаго вырашыў абраць выяву на шчыце сваім гербам[3].

Лічыцца, што гэтая легенда ўзыходзіць да часоў Матэо Вісконці (1250—1322). Матэо Вялікі, азірнуўшыся на цёмнае мінулае сваёй сям’і, вырашыў, што неабходна стварыць слаўную сагу пра Вісконці, і зьвярнуўся да прыдворных пісьменьнікаў, каб тыя стварылі фамільныя легенды і вынайшлі слаўных продкаў. Такім чынам была створана легенда пра вэтэрана Першага крыжовага паходу, які памёр у Рыме ў 1111[4].

Паводле іншай вэрсіі, намаляваны дракон называўся Tarantasio, у V стагодзьдзі (або ў XIII стагодзьдзі[3]) спусташаў навакольлі Міляну на возеры Герунда (цяпер зьніклага). Дракон еў дзяцей, атручваў сваім дыханьнем ваду і прымушаў людзей хварэць, пакуль ня быў забіты родапачынальнікам роду Умбэрта Вісконці.

Мяркуюць таксама, што Вісконці для свайго герба проста выкарыстоўвалі старажытны лямбардзкі сымбаль — блакітную зьмяю, якую насілі ў якасьці абярэгу[4].

Тлумачэньне сымбаляў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў тлумачэньня:

  1. На гербе выяўлены зьмей, які праглынае сарацына (маўра). Выява сымбалізуе моц і перамогі места.
  2. На гербе выяўлены зьмей, з пашчы якога зьяўляецца немаўля. Гэта сымбалізуе «наноў прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэньні з мудрасьцю, здольнасьць сьвету да самаачышчэньня і абнаўленьня»[5]. Так сымболіка мілянскага гербу была патлумачаная ў грамаце, якой 6 траўня 1589 кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пацьвердзіў прывілей, нададзеныя рокам раней месту Пружаны княгіняй вялікай літоўскай Ганнай Ягелонкай, дачкой Боны Сфорцы.
  3. Матыў з Апакаліпсысу: у Адкрыцьці Яна Багаслова апісваюцца роды Жанчыны, адзетай у сонца, і зьяўленьне на сьвет яе немаўляці, а таксама цмок, які намерваўся зжэрці яе дзіця.

Існуе таксама некалькі вэрсіяў таго, які менавіта зьмей выяўлены:

  1. Італьянскія геральдысты ўжываюць тэрмін il Biscione, el Bisson як імя ўласнае, што перакладаецца як вуж звычайны.
  2. Таксама яны называюць зьмея з гербу Вісконці Vipera (на мілянскім дыялекце Bissa), што перакладаецца як гадзюка[6].
  3. Дракон — віверна (іншая геральдычная фігура)
  4. Базыліск

Выкарыстаньне гербу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Пружанаў.

Герб выкарыстоўваўся Мілянам на працягу ўсяго кіраваньня ім герцагаў. Таксама яго выкарыстоўвалі ўласна Мілянскае герцагства як дзяржава, рэгіён Інсубрыя. Ён сустракаецца таксама ў гербах драбнейшых італьянскіх месцаў, а таксама швайцарскае Белінцоны, колішняе пагранічнае цьвердзі герцагства.

У іншых краінах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аналягічная выява была нададзеная беларускаму месту Пружаны ў 2-й палове XVI стагодзьдзя каралевай Ганнай Ягелонкай, дачкою прадстаўніцы роду Сфорцаў Боны Сфорцы. На працягу стагодзьдзяў герб зьмяняўся, аднак у цяперашні час першапачатковы варыянт вернуты[7].
  • На гербе места Санок (Польшча) 1/3 частка герба (правая ніжняя) занятая выявай зяленае змяі ў кароне, у пашчы якое бачнае дзіця.

Гандлёвая эмблема[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмблема Альфа-Рамэо.
  • Знакамітая аўтамабільная кампанія Alfa Romeo, створаная ў Міляне, выкарыстоўвае спалучэньне абодвух мілянскіх гербаў у сваёй эмблеме. Гэта круг, падзелены напалову, у левай частцы якога разьмешчаны крыж, у правай — зьмей. Вуж на эмблеме «стаў чорны ў пэрыяд 1925—1945 рокаў, верагодна, гэта адлюстроўвае пэсымізм у эканамічных і палітычных чаканьнях. Сучасны лягатып істотна спрошчаны ў параўнаньні з папярэднімі, зьмяя страціла ўсе дэталі — луску, вочы, наздры — і з вобадку зьніклі геральдычныя вузельчыкі»[8]. Чырвоная фігурка чалавечка з раскінутымі рукамі часам ператвараецца ў маленькі крыжык у зубах зьмяі, часам — у зьмяіны язык
  • Чырвоны крыж Міляну — правая палова круглай эмблемы футбольнага клюбу «Мілян»
  • Выява вужа пэўны час выкарыстоўвалася як эмблема італьянскага футбольнага клюбу Інтэрнацыянале
  • Перапрацаваная эмблема (пашча, дзе замест чалавека — кветка) — эмблема італьянскай кампаніі Fininvest, заснаванай Бэрлюсконі

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Найстарэйшая эмблема Міляну — вяпрук, які паводле сярэднявечных легендаў кельтаў был паказаны правадыру Бэльлявеса багіняй Бэлісамай (Мінэрвай). Ад назвы гэтае дзікае сьвіньні нібыта і зьявілася кельцкая назва Мэдыялянум. Гэтая вэрсія вядомая з тэксту Emblemata Андрэа Альчыята (1530).
  • Падчас каранацыі Напалеона ў Міляне ў 1805 року быў створаны герб новага Італьянскага каралеўства, цэнтральны шчыт якога адлюстроўваў жалезную карону (малы герб каралеўства) і палі, што пералічвалі тэрыторыі ў складзе каралеўства: Мілянскую вобласьць (зьмяя Вісконці), Мантую (папскія ключы і так званы umbraculum — парасон, які насіў папскі ганфаляньер), Мадэну (срэбны арол у сінім полі роду Эстэ), вэнэцыянскую Тэрафэрму (леў Сьв. Марка, аднак без кнігі і ў фрыгійскім каўпаку) і П’емонт (срэбны крыж у чырвоным полі з сінім «турнірным каўнерам»), а таксама Равіга і Фэльтрэ (срэбная вежа, якая ў дадзеным выпадку «абцяжарвала» герб П’емонту).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Statuto del Comune di Milano(недаступная спасылка), pag. 2, art. 4
  2. ^ а б Stemmi di comuni e province d’Italia
  3. ^ а б Il Biscione tra Storia e Leggenda
  4. ^ а б Biscione e il Mistero del Lago Gerundo.htm Lo stemma dei Visconti: Il 'Biscione'(недаступная спасылка)
  5. ^ Чистова Ольга Васильевна. Дневник овч » Гербы » Герб г. Пружаны. Беларусь (рас.) Праверана 27 сьнежня 2011 г.
  6. ^ Напрыклад, так называе эмблему Дантэ ў XIII стагодзьдзі (Dante, La Divina Commedia, Purgatorio, Canto VIII)
  7. ^ Пружаны герб — история
  8. ^ История автомобильных брендов