Глісная хвароба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глісты ў сьлізьніцы кішачніка

Глі́сная хваро́ба (гельмінто́з; грэц. ἕλμινθος — «гліст») — заражэньне чалавека, жывёлаў і расьлінаў глістамі (монагінэі, нэматоды, скрэбні, трэматоды і цэстоды), якія пашкоджваюць галаўны мозаг, лёгкія, косьці, кроў, ныркі, печань, скуру, страўнікава-кішачны тракт і цягліцы праз вылучэньне атрутных рэчываў і паглынаньне вітамінаў, мікраэлемэнтаў і харчовых рэчываў. Уяўляе сьмяротную пагрозу пры трапляньні глістоў у вочы і мозаг (пячоначны смактун).

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню заражэньня спрыяюць стараннае мыцьцё гародніны і садавіны, варэньне і смажаньне мяса без пакіданьня крыві, варэньне і саленьне рыбы, кіпячэньне вады. Перад ежай, пасьля працы зь зямлёй, наведваньня прыбіральні і дотыку да сабакаў і катоў варта мыць рукі цёплай вадой з мылам. У салаты, супы і мясныя стравы карысна дадаваць сьвежы часнык і цыбулю. Глістагоннымі ўласьцівасьцямі валодаюць таксама гранат (сок), грэцкія арэхі, морква і морквавы сок, лясныя суніцы.

Прыкметы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заражэньне суправаджаецца павышэньнем тэмпэратуры, гіпатаніяй, зьніжэньнем жвавасьці і працаздольнасьці, агульная слабасьцю і раздражняльнасьцю, болем у суставах і цягліцах, сьвербам скуры і сыпам, ацёчнасьцю тканак[1]. Агульнымі прыкметамі хваробы ёсьць затрымка росту і разьвіцьця. У чалавека адзначаецца схудненьне і зьніжэньне інтэлекту. У жывёлаў — зьніжэньне прадукцыйнасьці, дрэнны апэтыт і парушэньне каардынацыі рухаў.

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чалавека вядома звыш 300 відаў глісных укараненьняў трох групаў:

  • біягельмінтозам заражаюцца пры ўжываньні ежы жывёльнага паходжаньня праз разьвіцьцё глістоў у целе прамежкавага гаспадара;
  • геагельмінтозам — пры парушэньні асабістай гігіены праз глістоў, што разьвіваюцца ў глебе;
  • кантактная глісная хвароба перадаецца ад хворага пры хуткім высьпяваньні яйцаў глістоў.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі ў чалавека найбольшае пашырэньне маюць наступныя віды хваробы: анкіламстамітоз, апістархоз, аскарыдоз, дыфэлябатрыёз, трыхацэфалёз, трыхінэлёз, фасцыялёз і энтэрабіёз. У расьлінаў — бульбяная нэматода. У жывёлаў — аскарыдоз, гімэнлепідыдоз, дыкрацэліёз, дыктыякаўлёз, макракантарынхоз, маніезіёз, парамфістаматыдоз, странгілідоз, трыхацэфалёз і фасцыялёз. Сажалкавай рыбагадоўлі шкодзяць батрыяцэфалёз, гіраляктылёз, дактылягіроз, дыплястаматоз, лігулёз і філямэтроз[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паразіты — на выхад // Краіна здароўя. — 28 чэрвеня 2011. — № 36 (272). — С. 5.
  2. ^ Раман Заяц. Гельмінтозы // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 1997. — Т. 5. — С. 144-145. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0