Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім (1696—1702)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ружанскі палац, галоўная рэзыдэнцыя старэйшай галіны Сапегаў, быў зруйнаваны падчас грамадзянскай вайны 1700 року

Грамадзя́нская вайна́ ў ВКЛ 1700 ро́ку — выступ літоўскіх магнацкіх родаў Вішнявецкіх, Радзівілаў, Пацаў і Агінскіх пры падтрымцы сярэдняе шляхты супраць дамінуючага ў Вялікім Княстве Літоўскім становішча роду Сапегаў.

Пад канец XVII стагодзьдзя Сапегі акумулявалі ў сваіх руках найістотнейшыя літоўскія кіроўныя пасады: вялікім гетманам быў Казімер Ян Сапега, вялікім маршалкамАляксандар Павал Сапега, вялікім падскарбіемБэнэдыкт Павал Сапега. Трымаючы фактычную ўладу на Літве, Сапегі адвольна карысталіся гэтым супраць сваіх канкурэнтаў, распараджаючыся на сваю волю на сойміках і трыбуналах, перасьледуючы і зьнішчаючы непажаданых ім асобаў.

Зьняможаныя праз фанабэрыстасьць і прыгнёт Сапегаў, шляхта склала канфэдэрацыю пад кіраўніцтвам кашталяна віцебскага Коцела, які нават абвясьціў паспалітае рушаньне супраць Сапегаў. Абодва бакі бязьлітасна вынішчалі ўладаньні сваіх супернікаў. 18 лістапада 1700 року ў вырашальнай бітве пад Алькенікамі Сапегі атрымалі поўнае паражэньне і былі прысуджаныя да вечнага выгнаньня зь дзяржавы.

Пасьля паразы Сапегаў міжусобіцы іншых магнатаў за іхнія пасады і ўладаньні працягнуліся. Гэта прывяло да аслабленьня ВКЛ у Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў, удзел у якой на баку Швэцыі прымалі й Сапегі.