Граматка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Грама́тка (фарамушка, бярмушка) — старадаўняя назва поснай поліўкі з піва.

На працягу многіх стагодзьдзяў шляхецкае сьняданьне было немагчыма ўявіць без адмысловага піўного супа, які запраўляўся, як правіла, сырымі яечнымі жаўткамі, а таксама сьмятанай, тварагом ды рознымі спэцыямі (кменам, цынамонам, цукрам і да т. п.). Такі суп было прынята есьці з грэнкамі. Піўныя супы або нават проста піва, падагрэтае з кавалкамі чэрствага хлеба ці тварагом, замянялі за шляхецкім сталом каву ды гарбату, якія пачалі іх выцясьняць толькі з XVII стагодзьдзя, але яшчэ і ў XIX стагодзьдзі «граматка» карысталася вялікай папулярнасьцю. Вялікім яе аматарам, асабліва падчас посту, быў кароль і вялікі князь Жыгімонт I Стары.

Страву згадвае Адам Міцкевіч у кнізе другой «Пана Тадэвуша»:

Старэйшыя пані, устаўшы, раней пілі каву;
цяпер жа затое зрабілі інакшую страву
з гарачага піва з набелам сабранай сьмятаны,
ў каторым грудкамі плывае тварог пасяканы.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»