Граматыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Граматыка 1618 году

Грама́тыка — разьдзел лінгвістыкі, што займаецца вывучэньнем і апісаньнем будовы словаў (словаўтварэньне) і словазьмяненьняў (марфалёгія), відаў словазлучэньняў і тыпаў сказаў (сынтаксіс). Граматыка, як будова мовы, зьяўляецца характэрнай для пэўнай мовы сукупнасьцю правілаў па якіх словы аб’ядноўваюцца ў зьмястоўныя фразы й сказы, якія пры гэтым залежаць ад функцыі й формаў сказаў, а таксама правілаў стварэньня словаў. У граматыцы мовы вылучаюць марфалягічныя адзінкі, катэгорыі й формы, сынтаксічныя адзінкі й катэгорыі, а таксама словаўтваральныя адзінкі й спосабы словаўтварэньня. Граматыка канкрэтнай мовы ў адрозьненьне ад ейнай лексыкі адносна стабільная, аднак і яна зьмяняецца зь цягам часу пад уплывам розных фактараў паводле агульных законаў разьвіцьця мовы.

Граматыка, як навука пра граматычны лад мовы, вывучае агульныя заканамернасьці граматык розных канкрэтных моваў і адрозьненьні паміж імі. Яна складаецца з двух разьдзелаў: марфалёгіі й сынтаксісу. Некаторыя навукоўцы адносяць да граматыцы таксама разьдзел словаўтварэньня, у прыватнасьці пытаньне пра спосабы марфалягічнага словаўтварэньня — афіксацыя й асноваскладаньня, — цесна зьвязваюцца з вучэньнем аб чысьціны мовы. Цэнтральным у граматыцы ёсць вучэньне пра граматычныя значэньні, граматычныя формы й граматычныя катэгорыі.

Сукупнасьць правілаў зьмены словаў і іхнага спалучэньня ў сказы таксама завецца граматыкай; яна супрацьпастаўляецца слоўніку. Гэтае мноства правілаў (як і слоўнік) можа быць прадстаўлена ў выглядзе тэксту (апісальнага або навучальнага) (напрыклад: «Граматыка мовы ...».)

У граматыцы як навуцы вылучаюць:

  • гістарычную граматыку — навуку, якая вывучае будову слова, словазлучэньні й сказы ў разьвіцьці, праз параўнаньне розных этапаў гісторыі мовы
  • апісальную граматыку — навуку, якая вывучае будову слова, словазлучэньні й сказы ў сынхронным пляне.

Тэрмін граматыка часам можа ўжывацца як эквівалентны тэрміну марфалёгія.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Граматыкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў