Граматыка славянская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тытульная старонка «Ґраматыкі славянскае» выданьня 1721 року.

«Ґраматыка славянская» (Грамматіки славєнскиѧ правилноє Сѵнтаґма) — мовазнаўчая праца Мялеція Сматрыцкага, падручнік царкоўнаславянскае мовы (усходнеславянскае рэдакцыі). Надрукаваная ў 1619 годзе ў маёнтку князя Багдана Агінскага.

Адзін з найвыдатнейшых твораў старадаўняга славянскага мовазнаўства.

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У «Ґраматыцы…» была зьдзейсьненая кадыфікацыя царкоўнаславянскае мовы ўсходнеславянскае рэдакцыі. Паводле яе нормаў паступова былі ўпарадкаваныя ўсе царкоўнаславянскіх тэксты на ўсходзе і поўдні Славіі. Праз друкаваныя царкоўнаславянскія тэксты нормы атрымалі ўсеагульнае распаўсюджваньне й дагэтуль функцыянуюць у канфэсійным ужытку. Упершыню была выразна аддзеленая царкоўнаславянская мова ад жывых славянскіх, аднак усходнеславянскі характар нормаў Сматрыцкага добратворна паўплываў на ўмацаваньне артаґрафіі й пунктуацыі старабеларускае літаратурнае мовы. Да 1-е чвэрці 19 ст. «Ґраматыка…» Сматрыцкага была асноўным падручнікам царкоўнаславянскае мовы.

Наватарства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мялеці Сматрыцкі:

  • Першым даў поўны курс царкоўнаславянскае мовы ў прынятых тады частках: артаґрафія, этымалёґія (то бок марфалёґія), сынтаксіс, прасодыя. У разьдзеле пра артаґрафію ў старажытнасьці давалі й апісаньне фанэтыкі ды артаэпіі.
  • Увёў новую літару для абазначэньня звонкага прарыўнага задняязычнага зычнага — ґ, ўзаконіў ужываньне літары й.
  • Усталяваў правілы ўжываньня літараў для абазначэньня галосных і зычных, ужываньне вялікае літары, знакаў прыпынку, правілы пераносу і г.д.
  • Вылучыў восем часьцінаў мовы: назоўнік, займеньнік, дзеяслоў, дзеепрыкметнік, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, выклічнік.
  • Першым вылучыў як катэґорыю дзеепрыслоўе, названы ім «дієпричастіє».
  • Адкрыў у славянскіх склонах лякатыў, які назваў «сказательний падеж».
  • Назоўнікі падзяліў на пяць «склоненій»-склонаў, якія ў асноўных рысах ў школьных ґраматыках захоўваюцца дасюль.
  • Упершыню апісаў скланеньне прыметнікаў і лічэбнікаў.
  • Прапанаваны ім прынцып падзелу дзеясловаў на спражэньня захаваўся ва ўсходнеславянскіх ґраматыках і ў нашы час.
  • Першым даў дакладнае апісаньне разрадаў нязьменных часьцінаў мовы і воклічаў, выклаў сынтаксіс царкоўнаславянскае мовы.
  • Узбагаціў славянскую мовазнаўчых тэрміналёґію.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]