Грозьненская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гро́зьненская во́бласьць — адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка з цэнтрам у горадзе Грозны, што існавала ў РСФСР ад сакавіка 1944 да студзеня 1957.

Утварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць створаная 22 сакавіка 1944 пасьля дэпартацыі ў лютым чачэнцаў і інгушоў (апэрацыя «Сачавіца») і адпаведна скасаваньня 7 сакавіка Чачэна-Інгускае АССР (гэты ж загад Прэзыдыюму ВС СССР post factum загадваў высяленьне чачэнцаў і інгушоў, што ўжо зьдзейсьнілася ў рэчаіснасьці).

У склад Грозьненскае вобласьці ўвайшла Кізьлярская акруга, што існавала ад 1937 у складзе Стаўрапальскага краю й зараз таксама была скасаваная, заселеная ў асноўным цюрскімі (нагайцы, кумыкі) народамі (якія пры гэтым не высяляліся). Раней вельмі кароткі час, ад 7 сакавіка да 22 сакавіка 1944, на тэрыторыі былое ЧІ АССР існавала Грозьненская акруга, таксама ў складзе Стаўрапальскага краю.

У Грозьненскую вобласьць пры гэтым не ўвайшлі некаторыя чачэнскія раёны, перададзеныя ў Дагестан (Вядзенскі, Нажай-Юртаўскі, Саясанаўскі, Чэбэрлоеўскі — цалкам, а таксама Курчалоеўскі й Шароеўскі раёны, за выключэньнем паўночна-заходняе часткі абодвух, і ўсходняя частка Гудэрмэскага раёна), і інгускія раёны (большасьць інгускае тэрыторыі), перададзеныя ў склад Паўночнае Асеціі (горад Малгабек і раёны: Ачалуцкі, Назранаўскі й Прыгарадны), а таксама высакагорныя часткі некалькіх раёнаў, якія ўвайшлі ў склад Грузынскае ССР пасьля новае дэмаркацыі расейска-грузынскае мяжы паводле загаду ад 22 сакавіка 1944. Затое ў склад вобласьці быў уключаны Наурскі раён, які раней уваходзіў у Стаўрапальскі край, зь пераважна расейскім насельніцтвам.

Але толькі 25 ліпеня 1946 скасаваньне ЧІАССР і стварэньне Грозьненскае вобласьці, зробленыя за два гады да таго саюзнымі ўладамі, было зацьверджана ўладамі РСФСР.

Геаграфія й насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку такога пераразьмеркаваньня горскія раёны, зь якіх былі выселеныя чачэнцы, тэрытарыяльна складалі меншую частку Грозьненскае вобласьці (трохі больш за чвэрць яе плошчы). Большую частку яе ўтваралі стэпы паміж Церакам і Касьпійскім морам (да якога вобласьць мела значны выхад). Абрысы вобласьці мелі Г-падобную форму (яна «абгінала» Дагестан). Вялікай колькасьці населеных пунктаў былі дадзеныя расейскія назовы замест чачэнскіх.

Пасьля дэпартацыі чачэнцаў і інгушоў вобласьціь засялялася ў асноўным расейскімі (першапачаткова па разнарадцы з Стаўрапальскага краю, затым з малазямельных і пацярпелых у вайну цэнтральных абласьцёў, у тым ліку й добраахвотна), а таксама асяцінскімі, грузынскімі, дагестанскімі, армянскімі, украінскімі перасяленцамі. Праз тое, што бальшыня вайнахаў жыла ў сельскай мясцовасьці, асноўнай праблемай пасьля дэпартацыі быў уздым сельскае гаспадаркі вобласьці; таму асабліва заахвочвалася перасяленьне калгасьнікаў. Ім былі перададзеныя «прынятыя» у дэпартаваных сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі й быдла. Першапачаткова калгасьнікам быў дазволены бясплатны праезд па чыгунцы на месца перасяленьня. Нягледзячы на гэта, плян па выкананьні пасяўное кампаніі нават празь некалькі гадоў не выконваўся і быў паніжаны. У Грозьненскай вобласьці была адноўленая пацярпелая падчас вайны нафтавая прамысловасьць.

На тэрыторыі вобласьці працягвалі хавацца, нападаць на мірных жыхароў і весьці ўзброены супраціў супраць войскаў і НКУС чачэнцы і інгушы, якія схаваліся ад дэпартацыі. У 1944—1947 органамі НКУС-МДБ было ліквідавана некалькі сотняў такіх аддзелаў.

Раёны й гарады абласнога падначаленьня (на 1957)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнаўленьне ЧІАССР і скасаваньне вобласьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1956 з чачэнцаў і інгушоў былі зьнятыя сакрэтным загадам абмежаваньні па месцы спэцперасяленьня. Хоць тым жа загадам было прадугледжана, што ў іх няма правоў на вяртаньне, фактычна некалькі дзясяткаў тысячаў перасяленцаў ужо на працягу 1956 вярнуліся на радзіму. Устала пытаньне аб поўнай рэабілітацыі абодвух народаў і ўзнаўленьня рэспублікі на гістарычнай тэрыторыі. Першы сакратар абкаму КПСС Грозьненскае вобласьці А. І. Якаўлеў, не пярэчачы супраць рэабілітацыі, быў супраць узнаўленьня рэспублікі на Каўказе, бо тэрыторыя яе была занятая перасяленцамі. Ён прапаноўваў кіраўніцтву СССР стварыць для чачэнцаў і інгушоў аўтаноміі ў Казахстане па месцы кампактнага іх пражыцьця.

У студзені 1957 чачэнцы і інгушы былі афіцыйна арганізавана вернутыя з ссылкі, Грозьненская вобласьць была скасаваная, а Чачэна-Інгуская АССР адноўленая загадам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету РСФСР № 721/4 ад 9 студзеня 1957. Пры гэтым былыя раёны Грозьненскае вобласьці, якія не ўвайшлі ў склад адноўленае ЧІАССР, увайшлі ў іншыя суб’екты РСФСР. Каранагайскі, Кізьлярскі, Крайноўскі, Тарумаўскі раёны й горад Кізьляр былі перададзеныя ў склад Дагестанскае АССР (куды гэтая тэрыторыя ўваходзіла да 1937), Ачыкалуцкі й Каясулінскі раёны — у склад Стаўрапальскага краю. Пры гэтым тыя, хто вяртаўся, не заўсёды атрымлівалі назад сваае хаты, а перасяленцам, якія занялі іх месца, не былі нададзеныя сродкі на новае перасяленьне ў іншыя рэгіёны, што правакавала міжнацыянальныя канфлікты.

У жніўні 1958 падчас маштабнага міжнацыянальнага канфлікту ў Грозным група расейскіх жыхароў гораду, зьвяртаючыся да Хрушчова, патрабавала ўзнаўленьня Грозьненскае вобласьці альбо пераўтварэньня Чачэна-Інгушэтыі ў нейкую інтэрнацыянальную рэспубліку.

Кіраўнікі Грозьненскае вобласьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1944—1949 Пётр Фёдаравіч Чаплакоў (1906—1985), першы сакратар абкаму УКП(б)
  • 1949—1957 Георгі Яфрэмавіч Каваленка (1909—1992), старшыня аблвыканкаму
  • 1949—1955 Іван Кузьміч Жагалін (1906-13 красавіка 1984), першы сакратар абкаму КПСС
  • 1955—1957 Аляксандар Іванавіч Якаўлеў (нарадзіўся 1911), першы сакратар абкаму КПСС