Грэта Тунбэрг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грэта Тунбэрг
Імя пры нараджэньні Greta Tintin Eleonora Ernman Thunberg
Род дзейнасьці грамадзкая экаактывістка
Дата нараджэньня 3 студзеня 2003 (21 год)
Месца нараджэньня Стакгольм, Швэцыя
Занятак абаронца вакольнага асяродзьдзя
Навуковая сфэра зьмякчэньне ўплыву на зьмену клімату[d], палітычная экалёгія[d], моладзевы актывізм[d], кліматычная зьмена[d][1] і экалёгія[1]
Бацька Свантэ Тунбэрг[d][2]
Маці Малена Эрман[d][3][4]
Узнагароды
Залатая камэра[d] (30 сакавіка 2019) Фрыт Орд[d] (сакавік 2019) прэмія Рэйчэл Карсан[d] (22 сакавіка 2019) прэмія «Пра цябе»[d] (18 красавіка 2019) Амбасадар сумленьня[d] (7 чэрвеня 2019) чалец Каралеўскага шатляндзкага геаграфічнага таварыства[d] (12 ліпеня 2019) мэдаль навакольнага асяродзьдзя Гедэса[d] (12 ліпеня 2019) прэмія за правільны лад жыцьця[d] (2019) Honorary doctor of the University of Mons[d] (10 кастрычніка 2019) 100 жанчынаў[d] (2019) асоба году паводле часопіса Time[d] (11 сьнежня 2019) 10 людзей года па версіі часопіса Nature[d] (2019) Human Act Award[d] (2020) Prix Liberté[d] (21 ліпеня 2019) ганаровы доктар Універсітэта Брытанскай Калумбіі[d] ганаровы доктар Хельсінкскага ўніверсітэта[d]
Сайт facebook.com/gretathunbe…
Подпіс Выява аўтографу

Грэ́та Ту́нбэрг (па-швэдзку: Greta Tintin Eleonora Ernman Thunberg) — швэдзкая актывістка, якая выступае за неадкладныя дзеяньні па барацьбе са зьмяненьнем клімату.

Грэта пачала актыўна пратэставаць ў 15 год, ладзячы рэгулярныя пікеты каля швэдзкага парлямэнту з плякатам «Школьны страйк дзеля клімату». Яна заклікае да неадкладных дзеяньняў ў адпаведнасьці з парыскім пагадненьнем па клімаце. Сваім прыкладам Грэта натхніла маладых людзей у іншых краінах праводзіць падобныя экалягічныя акцыі, якія называюцца «Школьныя страйкі дзеля клімату» або «Пятніцы дзеля будучыні» (па-ангельску: Fridays for Future). Часопіс «Time» назваў Грэту адной з 25 найуплывовейшых падлеткаў сьвету 2018 году.[5]

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грэта нарадзілася 3 студзеня 2003 году ў Стакгольме. Яе маці Малена Эрнман — швэдзкая опэрная сьпявачка, бацька — актор Свантэ Тунбэрг.

На канфэрэнцыі TEDx у лістападзе 2018 году Грэта сказала, што ўпершыню пачула пра зьмяненьні клімату ў 8 год, але не магла зразумець, чаму ніхто не спрабуе штосьці з гэтым рабіць.[6]

Па словах Грэты, у 11 год яна перажыла дэпрэсію, а пазьней ёй быў пастаўлены дыягназ сындром Асьпергера, абсэсіўна-кампульсіўны разлад.[7]

Школьныя страйкі дзеля клімату[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ровэр Грэты Турбэрг у Стакгольме 11 верасьня 2018 году: «Да зьмяненьняў клімату трэба ставіцца як да крызісу! Клімат ёсьць найважнейшым пытаньнем!»
Плякат «Сачыце за Грэтай!» Страйк дзеля клімату ў Бэрліне (14 сьнежня 2018 году).

20 жніўня 2018 году Грэта, тады навучэнка 9-й клясы, вырашыла не наведваць школу да парлямэнцкіх выбараў у Швэцыі, якія праходзілі на тле сьпякоты і лясных пажараў у краіне.[8] Яе патрабаваньні палягалі ў тым, каб швэдзкі ўрад зьменшыў выкіды вугляроду ў адпаведнасьці з парыскім пагадненьнем. Грэта пратэставала, седзячы на вуліцы пад Рыксдагам штодзённа пад час школьных заняткаў з плякатам «Школьны страйк дзеля клімату» (Skolstrejk för klimatet).[9] Пасьля агульных выбараў яна працягнула страйкаваць, але толькі па пятніцах. Грэта натхніла школьнікаў па ўсім сьвеце ўзяць удзел у школьных страйках. Ідэя ў тым, каб па пятніцах замест заняткаў школьнікі выходзяць на вуліцы, тым самым прыцягваючы ўвагу палітыкаў і грамадзкасьці да праблемы кліматычнага крызісу. Па стане на сьнежань 2018 году панад 20 тысячаў вучняў правялі страйкі ў 270 гарадах.

Экалягічны актывізм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 2018 і траўні 2019 гадоў Грэта сустрэлася з генсакам ААН Антоніу Гутэрышам, які ўхваліў страйкі, сказаўшы: «Маё пакаленьне ня здоліла зладзіць з драматычнымі зьмяненьнямі клімату. Моладзь адчувае гэта. Ня дзіўна, што яны раззлаваныя».[10].

У студзені 2019 году Грэта наведала Сусьветны эканамічны форум у Давосе (Швайцарыя), куды яна паехала на цягніку, бо палёты на самалётах пакідаюць завялікі вугляродны сьлед. Яна заклікала палітыкаў і бізнэсмэнаў да рашучых дзеяньняў[11].

21 лютага 2019 яна выступіла на канфэрэнцыі Эўрапейскі сацыяльна-эканамічны камітэт[12].

29—31 сакавіка 2019 году Грэта наведала Бэрлін, дзе выступіла перад 25 000 людзей, якія сабраліся перад Брандэнбурскімі варотамі[13]. 30 сакавіка Грэта атрымала адмысловы прыз нямецкай «Залатой камэры(en)». У сваёй падзячнай прамове на цырымоніі ўручэньня яна заклікала знакамітасьцяў выкарыстаць свой уплыў, каб дапамагчы ёй у барацьбе з кліматычным крызісам.[14].

У красавіку 2019 на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбургу яна раскрытыкавала прысутных «за тры тэрміновых саміта праз Брэксіт ды нуль тэрміновых самітаў праз руйнаваньне клімату й навакольнага асяродзьдзя». Пасьля заканчэньня ейнай прамовы заля выбухнула доўгімі воплескамі[15].

У траўні 2019 Грэта сустрэлася з Арнольдам Шварцэнэгерам, генэральным сакратаром ААН ды прэзыдэнтам Аўстрыі на канфэрэнцыі, зарганізаванай спадаром Шварцэнэгерам з мэтай паскораньня выкананьня Парыскага пагадненьня[16]. Цытыючы апошнюю справаздачу Міжурадавае групы экспэртаў па зьмяненьні клімату, яна сказала: «Калі мы нічога не зробім прыкладна да 2030 году, то, імаверна, мы запусьцім неабарачальную ды некантралююмую ланцуговую рэакцыю. Мы пяройдзем пункт невяртаньня».[17].

На саміце ААН па клімаце 23 верасьня 2019 году Грэта выступіла з эмацыйнай чатыроххвіліннай прамовай, у якой абвінаваціла сусьветныя ўрады ў пустаслоўі ды ігнараваньні кліматычных праблем, а таксама ў здрадзе будучых пакаленьняў.[18].

Крытыка дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнасьць Грэты знаходзіць як прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Апошнія вінавацяць яе ў прасоўваньні чужых інтарэсаў і маніпуляцыі грамадзкай думкай. Таксама праціўнікі акцэнтуюць на тым, што Грэта не зьяўляецца экспэрткай у пытаньнях экалёгіі, і выкарыстоўвае папулісцкія прыёмы і заклікае да радыкальных зьмяненьняў. Многія скептыкі ў сваіх довадах падкрэсьліваюць, што Грэта мае псыхічны разлад, што перашкаджае ім сур’ёзна ставіцца да ейнай дзейнасьці.

Прыхільнікі Грэты зьвяртаюць увагу на тое, што Грэта здолела прыцягнуць увагу да пытаньняў навакольнага асяродзьдзя нават тых, хто раней меў скептычны погляд на зьмяненьні клімату. Многім да спадобы ейныя погляды, падлеткавая шчырасьць і просталінейнасьць, а таксама ейны прыклад актыўнай ды неабыякавай грамадзянкі.

Школьныя страйкі дзеля клімату ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па словах прадстаўнікоў беларускіх зялёных актывістаў улады не далі дазвол на правядзеньне акцыі ў Менску. Таму Беларусь не далучылася да сусьветнага руху кліматычных страйкаў, якія ў верасьні 2019 году аб’ядналі каля 4 мільёнаў чалавек са 150 краінаў. Аднак у Менску праводзіўся нефармальны пікет адной з актывістак беларускай экаарганізацыі.[19]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Greta Thunberg
  3. ^ Gretas hälsa blev starten för Ernmans klimatkamp (шв.)Stockholm: 2018. — ISSN 1101-2412
  4. ^ Dagens Nyheter (шв.)Sverige: 2018. — 282800 экз. — ISSN 1101-2447
  5. ^ TIME's 25 Most Influential Teens of 2018 (анг.) Часопіс Time
  6. ^ School strike for climate - save the world by changing the rules (анг.) TEDxStockholm
  7. ^ Greta Thunberg: ‘All my life I’ve been the invisible girl' (анг.) Часопіс Financial Times
  8. ^ The Swedish 15-year-old who's cutting class to fight the climate crisis The Guardian
  9. ^ The Fifteen-Year-Old Climate Activist Who Is Demanding a New Kind of Politics
  10. ^ The climate strikers should inspire us all to act at the next UN summit | António Guterres Праверана 2019-05-23 г.
  11. ^ 'Our house is on fire': Greta Thunberg, 16, urges leaders to act on climate // The Guardian, 25.01.2019
  12. ^ Clare Roth (2019-02-21) Swedish student leader wins EU pledge to spend billions on climate. Reuters.
  13. ^ Greta Thunberg joins German students for climate protest in Berlin. Clean Energy Wire (2019-03-29). Праверана 2019-06-08 г.
  14. ^ Greta Thunberg Calls Out Celebrities To Face Climate Crisis In Powerful Speech. www.plantbasednews.org. Праверана 2019-06-08 г.
  15. ^ Forget Brexit and focus on climate change, Greta Thunberg tells EU Праверана 2019-06-08 г.
  16. ^ Greta Thunberg and Arnie team up to terminate climate change. Energy Live News (2019-05-29). Праверана 2019-06-08 г.
  17. ^ TIME (2019-05-28) Greta Thunberg Joins Arnold Schwarzenegger & More To Deliver Speeches On Climate | TIME Праверана 2019-06-08 г.
  18. ^ Влиятельная и «зеленая»: почему всех так взбудоражила речь экоактивистки Греты Тунберг в ООН Праверана 2019-09-26 г.
  19. ^ «Беларуская Грэта» з Камароўкі. Чаго дамагаецца экалягічная актывістка Праверана 2019-09-29 г.